TOP

Змена ўлады

Палітычная неадукаванасць народных масаў, выкарыстанне на выбарах папулізму і фальсіфікацый прывялі да таго, што да ўлады прарываюцца індывіды з неразвітым інтэлектам і прымітыўнай культурай, нават без сумлення, але якія хочуць бясконца камандаваць людзьмі.

ХХІ стагоддзе стала камфортным часам для паталагічных уладалюбцаў. Народы часта выбіраюць у кіраўніцтва не лепшых сваіх прадстаўнікоў, а тых, якія без ваганняў парушаюць не толькі нормы паводзін, але і самімі ж прынятыя законы.

Высокае крэсла аўтаматычна забяспечвае доступ да вялікіх грошай. Гэта не менш чым улада прываблівае «крутых» харызматыкаў. У белы свет, як чэрці з табакеркі, выскокваюць то чвэрцьдыктатар, то паўдыктатар, то закончаны тыран. Яны ёсць у любым кутку планеты.

Я даўно асэнсоўваю працэс развіцця аўтарытарызму ў постсавецкіх краінах. Пра важную праблему пачалі актыўна пісаць і заходнія эксперты, але многія з іх слізгаюць па паверхні. Яны да канца не ўсведамляюць, што сабой уяўляюць застарэлыя аўтарытарныя рэжымы ў Беларусі і Расіі, ступень іх амаральнасці, беспрынцыпнасці, хлуслівасці і подласці, не разумеюць шкоднасці ўплыву абсалютнай усёдазволенасці і разбэшчанасці на кіраўнікоў іншых краін.

Праваабаронца Н. Пялевіна зазначае: «В России есть расхожее выражение: дурной пример заразителен. К сожалению это оказалось справедливым даже в отношении некоторых европейских стран. Думаю, однако, у Запада с избытком хватит инструментов, чтобы переломить эту тенденцию. Для этого достаточно пристальнее вглядеться, что происходит в самой России и куда она катится, в какую бездну. У нас существуют статьи уголовного кодекса, которые, в принципе, невозможны в любой свободной демократической стране».

Беларусь вызначаецца тымі ж дзеяннямі. У плане прыняцця сумніўных законаў, указаў і дэкрэтаў тутэйшы правіцель нават апярэдзіў усходняга калегу.

Доўгае знаходжанне на пасадзе адмоўна паўплывала на абодвух правіцеляў. Яны не вытрымалі выпрабавання «меднымі трубамі», уявілі сябе геніяльнымі палітыкамі, «месіямі», хоць трымаюцца на прэзідэнцкіх крэслах за кошт папулізму, псеўдапатрыятызму, шантажу, бясконцага лавіравання, шалёнага шанцавання, удалага збегу міжнародных абставін і несумненна — звярынага чуцця.

Аўтакраты працуюць у рэжыме раздвоенасці: адно — для знешняга свету, другое — для ўнутранага спажывання. Прытым сваіх грамадзян яны не шкадуюць, увагі ім удзяляюць няшмат — выжывуць, нікуды не дзенуцца. Калі людзі трывалі пры Сталіне ў голадзе і холадзе, пад руляй зброі, то цяпер тым больш вытрымаюць.

Маральныя якасці кіраўнікоў, якія і не былі высокімі, значна дэфармаваліся за час сутычак з апанентамі ўнутры краін, няпростых кантактаў з замежнымі партнёрамі. Але галоўная загана ў іх характарах — камандны сверб. Яны будуць чапляцца за ўладу да канца, рэціравацца з прэзідэнцкай пасады іх прымусяць толькі жорсткія меры.

У Расіі, дзе існуе адладжаны кансенсус улады і прывілеяванага бізнесу па прагным выкачванні прыбыткаў, гучыць лозунг: «Государство — это мы!». А ў Беларусі, дзе алігархі не маюць «вялікіх партфеляў», застаецца іншы, які агучвае правіцель: «Государство — это я!».

Расійскі эканаміст і палітолаг У. Іназемцаў канстатуе: «Сегодня в России действительно сложился странный режим, который зиждется на единстве недемократически избираемой власти и коррумпированной бюрократии, единстве, предусматривающем возможность перераспределения в свою пользу значительной части общественного достояния. Все остальные задачи — как внутри-, так и внешнеполитические — несомненно вторичны по отношению к этой основной цели».

Беларуская ўлада паводзіць сябе аналагічна, розніца толькі ў тым, што памеры накрадзенага меншыя, а рабаванне народа засакрэчана, прыкрыта прапагандай. Рэжым застрашвае насельніцтва пераменамі, таму стаўленне да іх — насцярожанае. Але палахлівасць не азначае падтрымку вярхоў. Палітычна адукаваныя, смелыя грамадзяне не спыняюць змагання з цемрашальствам.

Пакуль што аўтарытарныя правіцелі і лаяльныя да іх замежныя палітыкі прымаюць спакойныя паводзіны беларусаў за адабрэнне ўлады. Але, як мне пішуць і тэлефануюць чытачы, маўчанне, напоўненае злосцю і гневам, або лаянка на кухнях — з’явы выбуховыя і могуць здэтанаваць у любы момант.

Хлуслівая прапаганда пастаянна кажа беларусам і расіянам: «Сядзіце ціха, а то будзе так, як ва Украіне!» А чаму трэба баяцца змены ўлады, адкрытых, сумленных выбараў прэзідэнта і парламента, строгага выканання законаў, пазбаўлення бюракратаў і прыкарытнікаў усіх прывілей? Украіна, нягледзячы на развязаныя Расіяй ваенныя дзеянні, у цяжкіх умовах паступова будуе годнае жыццё.

А Беларусь і Расія трапілі ў тупіковую сітуацыю. Паводле меркаванняў экспертаў, змена персаналісцкіх аўтарытарных рэжымаў будзе драматычнай, бо правіцелі і іх служкі не хочуць пазбаўляцца ўлады і раскошы. Але рух у бок дэмакратыі непазбежны, яго не спыніць.

На аптымістычны лад настройвае інаўгурацыя Уладзіміра Зяленскага, яго выдатная прамова, у якой маецца ключ да нармальнага жыцця грамадства: «Кожны з нас — прэзідэнт», «Кожны з нас адказвае за Украіну». Такога незаказёненага, шчырага і чалавечнага ўваходу ва ўладу яшчэ не было.

Прыгожы, разумны, адукаваны, культурны і дасціпны мужчына хораша глядзіцца як на трыбуне, так і сярод тысяч людзей, якія яго выбралі і прыйшлі да Вярхоўнай Рады падтрымаць. Гэта рэальны адбітак сумленных выбараў. Я глядзеў, і міжволі на вочы набягала сляза радасці. Божа мой, які кантраст у параўнанні з інаўгурацыямі ў Мінску і Маскве, дзе ўзурпатары ўлады едуць па пустых вуліцах на сходку да сваёй чэлядзі, якая на паперы намалявала ім сумніўную перамогу!

У. Зяленскі хоча павярнуць жыццё ва Украіне на здаровы лад, патрабуе ад дэпутатаў прыняць законы аб крымінальнай адказнасці за незаконнае абагачэнне, аб адмене дэпутацкай недатыкальнасці, выбарчы кодэкс. Ён нездарма параіў службоўцам у кабінетах замест партрэта прэзідэнта павесіць фотаздымкі ўласных дзяцей і кожны раз, прымаючы рашэнні, глядзець ім у вочы.

Дзеці — наша ў наступнае пошта,
Нітка сувязі з ім, талісман.
Людзі, людзі…
Якім страшным коштам
Нам абернецца прагнасць, падман.

Не, не будзе астатняй хвіліны,
Трэба зараз рабіцца чысцей…
Каб у полымі свет не загінуў,
Пазірайце часцей на дзяцей.

 Радкі паэмы «Кульмінацыя» пісаліся мною ў 1985 годзе, але яны сугучныя разуменню чалавечага жыцця і самым першым арганізацыйным памкненням У. Зяленскага.

Я люблю Украіну са студэнцтва, а з 1988 года запрашаўся на міжнародныя літаратурныя святы, форумы, сустрэчы, падтрымліваў імкненне сяброў да незалежнасці і дэмакратыі выступленнямі ў Кіеве, Харкаве, Львове, Луцку, Сумах, Чаркасах, Каневе, Чарнігаве, Ужгарадзе, Роўна, Херсоне, Данецку, Кіраваградзе, вершамі і публіцыстычным словам у друку. А таму сардэчна жадаю новаму прэзідэнту і братняму народу ўдачы!

Прыклад суседзяў павінен натхніць беларусаў. Толькі дэмакратычны лад дае людзям свабоду для думання, разумнага выбару, своечасовага прыняцця правільных рашэнняў, каб пазбегнуць застою і банкруцтва.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Грунт еднасці

Загон для памяці

Галасую за цішыню

Чарнобыльскія экскурсіі

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.