TOP

Не знойдзем лекаў днём з агнём — лячыцца зёлкамі пачнём

Паводле слоў прэзідэнта, краіна траціць на закуп лекаў за мяжой да 500 мільёнаў долараў. Гэта недапушчальна шмат, лічыць А. Лукашэнка. Між іншым у пераліку на аднаго чалавека гэта ўсяго 55 долараў. У нас багаты на хваробы Той, хто пакуль яшчэ жывы: У аднаго баляць вантробы, Другі не спіць з-за галавы,

У трэцяга занылі ныркі,
А іншаму амаль капут,
Бо мае ён, як кажуць, дзіркі
У арганізме там і тут.
Ніхто не вылечыцца толкам
Без добрых лекаў, дактароў.
(Лячыцца будзеш сам, дык толькі
І сапраўды наломіш дроў.)
Звычайна верым эскулапу —
Ёсць неблагія дактары,
Хоць хто-ніхто «бярэ на лапу»
І зараз сушыць сухары.
Няўвязка з лекамі затое:
Як ні круці, што ні кажы,
Ды ледзь не ўсё сваё — пустое,
Завозім лекі з-за мяжы.
І недавольны Бацька гэтым:
— Мы аддаём валюты шмат!
А мог бы на другія мэты
Ужыць валюту тую ўрад.
Купілі б, скажам, за даляры
Сабе найноўшыя станкі,
Ажыццявілі б нашы мары —
Пайшлі б да шчасця напрасткі!
Станкі, канешне, мы набудзем,
Бо словы Бацькі — як загад.
А чым лячыцца простым людзям?
Купляць «пустышкі» нарасхват?
Яны яшчэ пажыць хацелі б,
Хоць і аддаць апошні грош…
Чыноўнікі і багацеі,
Што маюць грошай цэлы кош,
У тым зусім не бачаць гора
І могуць рады даць бядзе,
Той, хто сябе адчуе хвора,
Бяду рукою развядзе:
Для іх — шыкоўныя бальніцы,
А што да лекаў… Балазе
З іх кожны з Лондана ці з Ніцы
Усё, што трэба, прывязе…
* * *
Не знойдзем мы праз час кароткі
Харошых лекаў днём з агнём
І, як калісьці нашы продкі,
Лячыцца зёлкамі пачнём.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Зажылі б мы лепш у два разы, каб вырошчваў Бацька гарбузы

Гэта мэта райсавета: каб была адна газета

Патрымаеш чысты ліст — ты амаль што экстрэміст

Замест сабакі слыннай масці махляр сумеў свінню падкласці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.