TOP

«Беларускамоўны» – грамадская кампанія «Белсату»

Грамадская кампанія «Беларускамоўны» тэлеканалу «Белсат» дасягае фінальнага этапу. Мэта кампаніі – заахвоціць як мага больш беларусаў адзначаць беларускую мову роднай падчас перапісу насельніцтва (4–30 кастрычніка).

Адна з галоўных каштоўнасцяў нашага каналу – культура і мова Беларусі на бацькаўшчыне і па-за яе межамі. Калі «Белсат» пачынаў сваю працу, ён быў адзіным цалкам беларускамоўным тэлеканалам у свеце. Пад уплывам «Белсату» ды іншых замежных медыяў, якія працуюць на беларускай мове (гэта пераважна замежныя радыёстанцыі), паступова павялічваецца доля беларускай мовы ў праграмах беларускага дзяржаўнага радыё і тэлебачання.

а жаль, беларуская мова амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, і практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па-расейску. Згодна з апошнімі даследаваннямі, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, – расейская; па-беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг.

Штогоду колькасць асобаў, якія пазначаюць беларускую мову роднай, няўмольна скарачаецца. У 1999 годзе роднай беларускую мову назвалі 73,2 % насельніцтва, а ў 2009-м – усяго толькі 53,2 %

«Белсат» разам з Беларускім ПЭН-цэнтрам зрабіў намаганні, каб гэтую праблему заўважылі на міжнародным узроўні. 2 кастрычніка Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе звярнулася з заклікам да ўладаў Беларусі паважаць, абараняць і дапільноўваць правы ўсіх беларускамоўных і дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Таксама Міжнародны ПЭН звяртаецца да карпарацыі «Google» ды іншых інтэрнэт-платформаў, каб яны прызналі беларускую мову і забяспечылі беларусам магчымасць у поўнай меры карыстацца ёй на гэтых пляцоўках.

Да кампаніі далучыліся грамадскія арганізацыі (ЗБС «Бацькаўшчына», Беларускі ПЭН-цэнтр, «Арт Сядзіба») і прадстаўнікі беларускамоўнага бізнесу (брэнд «LSTR Adzieńnie», крама Symbal.by, «Мой модны кут», Knihi.by).

Амбасадарамі кампаніі зрабіліся вядомыя ў Беларусі асобы: спартовы каментатар Мікалай Хадасевіч, Руся – салістка гурта «ŠUMA», баскетбаліст Аляксандр Куль, Аляксандра Чычыкава – Міс свету на вазку, Стась Мытнік – саліст гурта «Akute», дызайнер Уладзімір Цэслер. Яны таксама заклікаюць усіх – нават тых, хто не карыстаецца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, – пазначаць беларускую мову як родную.

Ад колькасці людзей, якія падчас перапісу назавуць беларускую мову роднай, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе. Падтрымаем наш нацыянальны скарб – мову нашых продкаў, якая нас усіх аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.