TOP

Еўрапейскія зайздроснікі

У сваіх роздумах, паслядоўна адстойваючы праўду, я ніколі не прэтэндую на тое, што мае меркаванні і высновы — гэта ісціна ў апошняй інстанцыі. Не выключэнне развагі пра палітычныя і сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай Еўропе.

Бачанне кантынента, на тэрыторыі якога мы жывем, у кожнага чалавека сваё, зыходзячы з агульнай адукацыі, цяперашняй інфармаванасці, а яшчэ з ведаў, атрыманых у час вандровак, гасцявання, вучобы, стажыроўкі або працы ў еўрапейскіх краінах. Мне давялося быць у розных месцах заходней Брэста не проста турыстам, знаёміўся з жыццём Францыі, Італіі, Германіі, Швейцарыі, Даніі блізка і грунтоўна…

У 1972 годзе, калі спякотным летам вёз юнакоў і дзяўчат з Ушацкага раёна на экскурсію ў Ленінград (Санкт-Пецярбург), каля расійскай Апочкі спыніў аўтобус і пайшоў купіць у прыдарожным магазіне мінералкі або ліманаду, бо ўсіх знясілела смага. Прадаўшчыца папуляла вочы і спытала: «Из какого ты края, парень?» Адказаў, што сусед, з Беларусі. Яна з зайздрасцю ў голасе прамовіла: «Ну, так вы же в Европе живете! А у нас — какая минералка? Бери водку, этого добра хватает!» — і паказала на доўгі стэлаж, які ламіўся ад бутэлек з гарэлкай, прытым аднаго гатунку. Тое, што яна геаграфічна таксама жыве ў Еўропе, жанчына пад увагу не прымала…

З беларускай «Еўропы» у больш глыбінную я трапіў у 1974 годзе, калі ў складзе дэлегацыі савецкай моладзі наведаў ГДР (Берлін, Ляйпцыг, Дрэздэн, Ваймар). Але гэта была Еўропа такая ж сацыялістычная, якая ўразіла не столькі значна лепшым, чым у СССР, дабрабытам, колькі больш нахабнай прапагандай, жорсткай цэнзурай і пільным наглядам «штазі» (аналаг КДБ) за грамадзянамі. У Венгрыі, дзе пабыў у 1979 годзе, многія грамадзяне валодалі прыватнай уласнасцю, але лад жыцця таксама меў савецкі таталітарысцкі прысмак.

Першай развітай капіталістычнай краінай, якую наведаў, стала Францыя (1982), а затым — Італія (1984) і ФРГ (1988). Але ад убачанага шоку не было. Безумоўна, уразіў побытавы камфорт, разнастайнасць легкавых аўтамабіляў, тавараў і харчу. Тым не менш, я ведаў з прачытаных твораў еўрапейскіх пісьменнікаў, як няпроста ўсё гэта дасягалася. Пасля Другой сусветнай вайны французам і немцам давялося не менш, чым беларусам, цяжка працаваць, недаядаць, пакуль не выбіліся да заможнасці.

Маё жыццё ў сем’ях еўрапейцаў (святары, працаўнікі сацыяльнай службы, фермеры, прадпрымальнікі, кампутаршчыкі-праграмісты, настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, літаратары, мастакі, урачы, юрысты, рабочыя, інжынеры і нават беспрацоўныя), гутаркі з імі прывялі да высновы, што ўсюды жывуць такія ж самыя людзі, як і мы, са сваімі плюсамі і мінусамі, радасцямі і бедамі. Толькі яны не збіліся зноў на аўтарытарызм, а паверылі ва ўласныя сілы, змаглі пабудаваць дзяржаўны лад, які дае свабоду дзеяння, магчымасць самарэалізавацца, дзе закон вышэй за ўсё, дзе маецца падзел на заканадаўчую і выканаўчую ўладу, ёсць сапраўды незалежныя суды, непадкантрольныя СМІ.

Простыя еўрапейцы даражаць даўно заваяванай свабодай, дэмакратычнымі каштоўнасцямі, высокім узроўнем дабрабыту, уласнай годнасцю, пастаянна адстойваюць іх у палітычным і сацыяльным змаганні з фанабэрыстай кіруючай вярхушкай і з прагнымі да багацця, «разапселымі» элітамі.

А на тэрыторыі былога СССР, акрамя краін Прыбалтыкі, аўтарытарызм выявіўся ў розных мадыфікацыях. Яго не пазбеглі не толькі найбольш ідэалагічна апрацаваныя Беларусь, Расія, але ў пэўнай меры і вольналюбівыя, нацыянальна свядомыя Грузія, Украіна, а таксама Азербайджан, Арменія, Кіргізія, Малдова, ужо не кажучы пра Туркменістан, Узбекістан, Казахстан, Таджыкістан.

Постсавецкія народы ніяк не маглі выйсці з феадальнай падпарадкаванасці. Многія людзі спалохаліся свабоды, самастойнасці, неабходнасці старанна прыкладаць свае сілы, чакалі апекі. Гэта стала галоўнай прычынай таго, што адначасова з партыйнай наменклатурай або пасля яе ў незалежных краінах да вышэйшай улады прарваліся нахабныя асобы з «кульгавай» адукацыяй, з комплексамі непаўнавартасці, без агульнай культуры і надоўга аб’явілі сябе ратавальнікамі нацыі. Насельніцтва мірыцца з узурпатарамі ўлады, якія кіруюць пераважна з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу і дубінак. У постсавецкіх краях зноў адчуваецца злавеснае і смуроднае дыханне сталінізму.

Але не ўсё нармальна і ў дэмакратычнай Еўропе. Негатыўныя працэсы, якія адбываюцца (дэмаграфічны заняпад, перанасычанасць мігрантамі, сутычкі на ментальнай, сацыяльнай і рэлігійнай глебе), аптымізму не нараджаюць. Чым больш я назапашваю назіранняў, тым яснейшай становіцца слушнасць слоў брытанскага гісторыка М. Мазавера пра час Другой сусветнай вайны: «Еўрапейскія сэрцы і розумы былі не столькі заваяваны саюзнікамі, колькі прайграны Гітлерам».

Перабудова ў СССР, развал савецкай імперыі закранулі Еўропу, асабліва Германію. Сюды пацягнуліся этнічныя немцы з Расіі, Казахстана, Кіргізіі, Таджыкістана, якія неслі ўласную ментальнасць, размываючы ўсталяваны лад. Затым усю Еўропу атакаваў расійскі крыміналітэт, маёмасць тут пачалі скупляць свежаспечаныя алігархі і проста «грашовыя мяхі», якія імгненна разбагацелі на захопе дзяржаўнай маёмасці.

Прага ўлады і грошай цяпер узведзена ў абсалют. Асобныя еўрапейскія палітыкі зайздросцяць аўтарытарным правіцелям, яны таксама былі б не супраць мець абсалютную ўладу, магчымасць бескантрольна распараджацца велізарнымі матэрыяльнымі і грашовымі рэсурсамі, разбэшчана паводзіць сябе, звысоку паплёўваць на маральныя нормы.

Дэмакратычная Еўропа пасуе перад расійскім рэваншызмам і беларускім аўтарытарызмам, прыстасоўваецца да іх, ідзе на згодніцтва пад прыкрыццём эканамічных выгод і як бы «апякунскіх клопатаў» пра наша насельніцтва. Яна размывае ўласную сістэму бяспекі, падвяргае эрозіі ліберальнае ўладкаванне, мяняе ідэалізм на цынізм. Гэта з’ява надзвычай непрыемная і небяспечная. Мае рацыю вядомы пісьменнік М. Кундэра, калі кажа: «Еўропа выклікае захапленне не дзякуючы сваім генералам і дзяржаўным дзеячам, а дзякуючы тым, каго яна прымусіла пакутаваць».

Еўрапейскія палітыкі выдатна бачаць паводзіны аўтакратаў, тое, што яны не паддаюцца выхаванню. Эксперт, навуковы супрацоўнік англійскага Каралеўскага інстытута міжнародных стасункаў Д. Шэр піша: «Але трэба разумець настойлівасць Крамля і яго пасланне: нават калі нам супрацьстаяць, калі нас ігнаруюць, саромеюць або ўціхамірваюць, мы не станем мяняць сваю палітыку ні ў адной галіне». На гэтакіх жа непахісных пазіцыях стаіць і афіцыйны Мінск.

Тым не менш «танцы з аўтакратамі» працягваюцца. Тое, што Захад не прызнае вынікі парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, высмейвае ў прэсе паводзіны правіцеля, нічога не рашае. Адначасова ён адмяняе санкцыі, аднаўляе стасункі з нелегітымнымі структурамі і асобамі. Тут у ход ідзе ўсё: гандаль, спорт, навука, асабістыя запрашэнні.

Калі Еўропа будзе рабіць рэверансы правіцелям Расіі, Беларусі і іншым узурпатарам улады, то не выключана, што яна сама можа стаць тэрыторыяй аўтарытарызму.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Проста перабежчыкі

Драздоўскае папуры

Каму служыце?

Небяспечны суб’ект

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.