TOP

Дык помолімся, сябры, тыдні тры ў манастыры!

57-гадовы мінчук, які часта канфліктаваў з жонкай, палічыў, што ён вельмі грэшны, і падаўся ў праваслаўны манастыр. Там яго і знайшла міліцыя праз некаторы час. Мужчына вярнуўся ў сям’ю, жонка і дзеці не нарадуюцца… Сям’я амаль дайшла да краю, На даляглядзе ўжо развод: Мужчына слоў не выбірае, Жанчына разяўляе рот.

А з-за чаго ўсчынялі сварку?
Ён для «разрадкі» ў галаве
Любіў кульнуць з сябрамі чарку,
А дзе адна, дык там і дзве…
І пасля выпіўкі, бывала,
Яго цягнула да жанчын…
Ды і другіх было нямала
Для сваркі-лаянкі прычын.
І нейкая ўкусіла муха
(Інакш не скажаш) мужыка:
Душу апанавала скруха,
Заплакаў нават спадцішка.
«Не так жыву, грахоў па вушы,
Таму і жонка так раве.
Я сам, лічы, сям’ю парушыў… —
Мільгалі думкі ў галаве. —
Але нягоды пройдуць міма,
Не будзе лёс такі ліхі
І ўсё наладзіцца, магчыма,
Як адмалю свае грахі…»
А дзе найлепш маліцца Богу,
Б’ючы паклоны дзень пры дні,
Дый пра жыццёвую дарогу
Паразважаць у цішыні?
Для гэтага падацца трэба
У праваслаўны манастыр,
Бо там душа бліжэй да Неба
І разгарнуцца зможа ўшыр.
А калі боль душэўны востры,
Калі пакуты — цераз край,
Прыняць наогул можна пострыг,
Каб апасля папасці ў рай.
Відаць, мужык хацеў таксама
Пастрыгчы трохі валасы:
Тады і завяршыцца драма —
Ён сыдзе з «чорнай паласы».
Пустэльнікі яго, вядома,
Прывецілі ў манастыры.
Сказалі:
— Ты нарэшце дома,
І свет твой зменіцца ўнутры.
Змяніўся й праўда свет ягоны,
Пустэльніцтва прынесла плён,
Калі малітвы і паклоны
Даслаў Таму, Хто ў Небе, ён.
Наперадзе была б нірвана,
Калі б пакінуў свет зямны…
Аднак жа выйшла ўсё пагана —
Забілі сваякі ў званы.
Як вынік, міліцыянеры
Прыджгалі да манастыра
І вывелі яго за дзверы:
Маўляў, дамоў табе пара!
Хоць ён правёў там часу мала,
Аднак, па словах сваяка,
«Палова» мужа не пазнала —
Бы падмянілі мужыка!
Ён, як прышчэпленае дрэва,
Што пачало даваць плады,
Не ходзіць, як раней, «налева»,
Гарэлку п’е тады-сяды.
І хоць не ўдасца ў рай папасці
Цяпер, напэўна, мужыку,
Затое ў жонкі слёзы шчасця
Парой сцякаюць на шчаку…
* * *
Чытач, відаць, мараль чакае
Ці проста вывад хоць які…
Няхай гісторыя такая
Навукай служыць, мужыкі.
Пасля чарговай бурнай п’янкі
І сваркі з жонкай
Тыдні тры
Лепш не адлежвацца ў каханкі —
Змываць грахі ў манастыры!

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:

Падобны марафон чакае стадыён

Кантралёры: «Штось не так, калі часам спіць мастак…»

Здабыткам грош цана і без вайны вайна

Хоць не радуе табло, ды грабуць гульцы «бабло»

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.