TOP

На разрыў

Грамадзян Рэспублікі Беларусь не вельмі хвалююць уладная наркаманія, душэўныя перажыванні індывіда, які зацята ўтрымлівае «царскі трон». Кожны чалавек з уласнымі комплексамі павінен разбірацца сам. Іншая справа, калі ён штурхае на трагічны разрыў нацыю. Тады яго трэба спыняць.

Усё больш людзей у нашым грамадстве ўсведамляюць, што не толькі кавалкам хлеба, зарплатамі і пенсіямі жыве чалавек. Маральны, псіхалагічны і палітычны стан нацыі — гэта важная праблема для кожнага беларуса і людзей дзясяткаў іншых нацыянальнасцяў, што жывуць у краіне.

Сёлета праходзіла самая мірная выбарчая кампанія з боку альтэрнатыўных кандыдатаў і іх прыхільнікаў.Ніводзін з іх не заклікаў да «майдану», як пастаянна хлусілі правіцель і прапаганда. Усе выказвалі прапановы, як нам з’яднацца і пабудаваць лепшае жыццё.

Аўтарытарны ці, дакладней, ваенізаваны дыктатарскі рэжым, наадварот, выявіў невераемную мілітарысцкую агрэсіўнасць. Такой жорсткасці з боку правіцеля і сілавікоў яшчэ ніколі не было. Вось што азначаюць «пасінелыя пальцы», якія ўчапіліся за ўладу!

У 1994 годзе я напісаў паэму «Цівалі», якая выкрывае злачыннасць усіх дыктатарскіх рэжымаў. Тым, хто не ведае геаграфічную і палітычную назву, тлумачу. Перад вайной паводле загаду наркама СССР Л. Кагановіча «за сабатаж» — адмову везці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій да месца пакарання — была расстраляна вялікая група беларускіх чыгуначнікаў: машыністаў і іх памочнікаў, качагараў. Энкавэдысты, каб схаваць злачынства, скінулі целы забітых каля вёскі Цівалі пад Мінскам (цяпер тэрыторыя горада) у могільнік жывёлы, сканалай пад час мораў (сібірская язва, сап, чума). Паводле санітарных правілаў такія месцы нельга чапаць на працягу ста гадоў. Але горад рос, а таму пасля раскопак страшная праўда прыйшла «з таго свету».

Хоць ёсць незалежнасць,
але і сягоння
Павагі няма да сівой даўніны.
У новых нападках
на Сцяг,
на Пагоню
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Цярновы вянок
не знялі з роднай мовы,
Ды зноўку яе валакуць да сцяны.
Калі забіваюць матуліна слова,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Да Бога расчынены кожнаму дзверы,
Але і ў святое ўбіваюць кліны.
У спрэчцы за самую «лепшую» веру
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Зямля чырванее, калі хлусяць людзі,
Крывёй пахнуць мора і кропля маны.
У тэле-газетных распусце і брудзе
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Мы звыклі ў цяжкую хвіліну кідацца
На пошук чужой, а не ўласнай віны.
І ў тым, што на ўсё ёсць у нас
апраўданне,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Трэба было пражыць у незалежнай Беларусі амаль 30 гадоў, каб убачыць, што стан нашай нацыі па многіх параметрах не палепшыўся. Чаму?

У свеце, акрамя смяротных вірусаў, ёсць яшчэ адна хвароба, якая не дае нармальна жыць. Гэта — кароткая памяць. У 90-х гадах ХХ стагоддзя ў Беларусі ніхто «без штанов» і «в лаптях», як кажа А. Лукашэнка, не хадзіў. Наша рэспубліка была адной з самых развітых у СССР, мела выдатную матэрыяльную базу, навуковы і тэхналагічны патэнцыял, належнае кадравае забеспячэнне. Асновай эканомікі сучаснай Беларусі так і застаецца савецкі падмурак. Гэта разведаныя і асвоеныя прыродныя рэсурсы: калійная і каменная соль, нафта, газавы кандэнсат, даламіт, фасфарыты, мел, торф, граніт, падземныя прэсныя і мінеральныя воды. У спадчыну перайшла добрая лясная гаспадарка, дагледжаныя палі. Што тычыцца вытворчых плошчаў, абсталявання, тэхнікі, то і яны давалі магчымасць пры рэфармаванні і мадэрнізацыі працаваць з поспехам. Акрамя таго, мелася замежная дапамога, розныя пазыкі міжнародных фінансавых арганізацый. Можна было выйсці на нармальны ўзровень развіцця эканомікі і годны дабрабыт людзей. Але мы топчамся на месцы ва ўсім.

Збудаваная А. Лукашэнкам і яго кланам бюракратычная, мілітарысцкая дзяржаўная структура і беларускае грамадства існуюць паралельна, самі па сабе, бо клопаты ў іх — абсалютна розныя. Адным трэба ўтрымаць уладу і далей шыкаваць за кошт народа, а другім — выжыць. Калі ж адбываецца перасячэнне, то яно выліваецца ў выкарыстанне рэжымам адміністратыўнага рэсурсу — звальненнем з месца працы ці выключэннем з вучобы, а яшчэ міліцэйскіх дубінак, аўтазакаў, турмаў і драконаўскіх штрафаў.

Аўтарытарны рэжым за 26 гадоў кіравання нічога не зрабіў для вывучэння насельніцтвам праўдзівай гісторыі Айчыны, узняцця агульнай і палітычнай культуры, эканамічнай, сацыяльнай і грамадзянскай актыўнасці народных масаў, сапраўднага згуртавання і ўмацавання нацыі. Каб лягчэй было правіць, ён нагнятае атмасферу канфрантацыі, дзеліць людзей на ідэалагічныя пласты, на «сва­іх» і «чужых», ставіць на невінаватых кляймо «ворагаў народа», «адмарозкаў».

Прапаганда пераконвае насельніцтва, што без нязменнага правіцеля будзе горш. А я на 100% упэўнены — стане лепш адразу, а затым пры разумным кіраўніцтве адбудзецца дынамічны рост эканомікі і дабрабыту.

У Беларусі сапраўды яшчэ ёсць людзі, якія кажуць: «Мы ўсім давольны. Нас усё ўстрайваець, лепей ніколі не было і не будзець… Ліш бы вайны не было». Але, па-першае, іх няшмат, а, па-другое, жабрачы мінімум, які яны лічаць за шчасце, не задавальняе дзяцей, унукаў і праўнукаў. Яны імкнуцца да цывілізаванага, разумнага жыцця.

А рэжым цягне грамадства назад. Калі ў час выбараў раптоўна адключылі інтэрнэт, перакрылі сувязь з блізкімі і з усім светам, то на разумных людзей краіны дыхнула сярэдневеччам, інквізіцыяй. Моладзь жахнулася тым, да чаго можна дайсці ўзурпатару, калі ўлада выплывае з яго рук.

Грамадства непакоіць стан беларускіх сілавікоў, асабліва спецпадраздзяленняў міліцыі, КДБ і арміі. У многіх гэтых службоўцаў абсалютна знікла разуменне розніцы паміж загадам і мысленнем, думкай.

Калі грамадства не з’яднана, а правіцель і прапаганда нацкоўваюць адных на другіх, то «халоднае», маўклівае супрацьстаянне ў крытычны момант можа лёгка перарасці ў гарачае…

Але я веру ў нашу нацыю. На выбарчых участках, дзе члены камісій лічылі сумленна, перамагла Святлана Ціханоўская. І ў іншых месцах пасля начнога мужнага дзяжурства выбаршчыкаў, якія не пабаяліся амапаўцаў і «ціхушнікаў», прызнана яе перавага. Увогуле, незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што ў цэлым па краіне яна мае значна больш галасоў, чым А. Лукашэнка.Абсалютная большасць беларусаў у Маскве,Лондане, Нью-Ёрку таксама прагаласавала за Святлану.

9 жніўня 2020 года сумленныя выбары маглі б з’яднаць нацыю, даць ёй магчымасць будаваць дэмакратычнае, свабоднае жыццё. Але аўтарытарны рэжым зноў кінуў яе на разрыў.

Мільёнам людзей, якія прагаласавалі супраць А. Лукашэнкі, не патрэбна фальшывая ўлада. Яны ніколі не пагодзяцца з тым, што ім цынічна і подла маняць. Далейшыя масавыя народныя пратэсты, забастоўкі не змогуць спыніць ні дубінкі, ні нават кулі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Полковника никто не ждет…»

Прыкарытнікі

Рэвалюцыя лілей

Доля былых

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.