TOP

Другая ў прарэктара ніша: даносы цяперака піша

Прарэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта звярнуўся ў міліцыю, каб студэнтаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Пратэстуючы супраць гвалту над пенсіянерамі, студэнты паўгадзіны сядзелі на прыступках лесвіцы каля корпуса №4. Пасля заявы прарэктара 11 маладзёнаў выклікалі ў міліцыю, двое атрымалі па 15 сутак арышту, астатнія — штрафы.

Удзячныя, паважлівыя словы
Заўсёды чулі нашы педагогі,
Бо ўзбіцца на трывалы шлях жыццёвы
Ніхто б не змог без іхняй дапамогі:
Настаўнік устаўляе клёпкі ў школе,
Выкладчык папраўляе ў інстытуце…
Іначай не займелі б вартай долі,
Жылі б у вечнай цемры і пакуце.
Ды ўсё, на жаль, не так апошнім часам.
Я не магу ўтаіць сваёй трывогі,
Бо сталі неўспадоб народным масам
(Хоць і не ўсе, вядома) педагогі.
На выбарах сфальшывілі спачатку
(А потым, кажуць, плакалі начамі),
А зараз для “ахоўнікаў парадку”
Яны парою служаць стукачамі.
Вось, скажам, у вучэльні ёсць прарэктар.
Выхоўваць — у яго такая ніша.
Аднак чамусьці выбраў іншы вектар —
Сядзіць і дакладныя ў “орган” піша:
“Студэнты расхісталіся дашчэнту,
Глядзяць на свет бунтарскімі вачыма,
Ні рэктару, ні мне (тым больш дацэнту)
Знайсці на іх управу немагчыма.
У знак пратэсту цэлаю гурмою
На лесвіцы сядзелі паўгадзіны.
Хоць і была ў іх акцыя нямою,
Ды вывад, як мне бачыцца, адзіны:
Суровыя прыняць патрэбна меры!
А мы папром і з універсітэта —
Жадаючых вучыцца да халеры.
Хай для другіх навукай будзе гэта,
Хай возьмуцца нарэшце за галовы…”
“Мянты” давольна паціралі рукі:
Прыціснуць да пазногця ў раз чарговы —
І без дакукі! —
“Грызуноў навукі”.
І суд рашэннем нас не агарошыў,
Не адступіў ад звыклай завядзёнкі:
Кагосьці падсадзіў як след на грошы,
Кагосьці прывучыць
рашыў да шконкі…
* * *
Прарэктар па студэнтах хвацка ўдарыў!
Прарэктар па-ранейшаму ў гуморы:
Калегі ад яго не вернуць твараў,
Здароўкаюцца з ім на калідоры.
Але ці многа ад яго карысці,
Як адбыліся ў клёпках перакосы?
Пісаў ён дысертацыю калісьці,
Цяпер жа толькі крэмзае даносы…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.