TOP

Пакаяўся б і за суды — у рай папаў бы сапраўды

У Віцебску дзяўчына ішла па вуліцы з белымі і чырвонымі паветранымі шарыкамі, якія ёй тут жа, на вуліцы, падарыла дачка сяброўкі. Міліцыянты затрымалі дзяўчыну і склалі пратакол аб тым, што яна “спынялася на некалькі хвілін, прыцягваючы ўвагу прахожых”. Суддзя Міхаіл Юрчанка спачатку паслаў матэрыялы на даследаванне, а на другім пасяджэнні ўвогуле спыніў справу, пасля чаго папрасіў у дзяўчыны прабачэння за дзеянні супрацоўнікаў міліцыі…

Алесь Няўвесь

Не маюць літасці суды:
Каго за сцяг, каго за словы
На “суткі”, нават на гады
Яны ў турму паслаць гатовы.
Ніякай разніцы няма,
Нявінны хтось ці вінаваты.
Калі ж, як вырак, не турма,
Калі кагось не шлюць за краты,
Дык штраф такі суддзя ўпячэ,
Што проста жах для бедачыны,
Бо месяц і другі яшчэ
Ён галадацьме з той прычыны.
Дзяўчына бедная ледзь-ледзь
Не трапіла пад тыя жорны:
Магла дзяўчына адсядзець,
Затым папасці ў “спісак чорны”.
Ну, словам, хлебтануць спаўна
Магла ад гэтае сістэмы.
Ішла па вуліцы яна,
І не было ў яе праблемы.
Але парушыўся спакой,
Растаў, нібы вясной ільдзінка…
Насустрач крочыла з дачкой
Яе сяброўка,
І дзяўчынка
Трымала шарыкі ў руках,
Іх колер белы і чыровны.
Такіх жа колераў і сцяг,
Які палююць пінкертоны.
Такія шарыкі здаўна
Любілі дзеці ўсе, дарэчы.
І атрымала іх яна
У падарунак ад малечы.
І не балела б галава,
І не было б зусім дакукі,
Аднак міліцыянты два
Схапілі бедную пад рукі,
Нібы апойка ці бамжа,
І павялі да райаддзела.
Так гэты выбрык напужаў,
Што ледзь ад страху не самлела.
Быў пратакол. Але ў судзе,
Напэўна, здарылася дзіва.
Суддзя, на радасць грамадзе,
Не завяршыў працэс імкліва,
А разбірацца стаў як след,
Перш чым яна на “суткі” сядзе:
Дзяўчына зладзіла пікет
Ці ўсё ж была на праменадзе?
Відэакамеры знайшлі,
Якіх вакол было нямала.
“Мянты” сумеліся, калі
Пераканацца ўсе змаглі:
Нідзе дзяўчына не стаяла,
А толькі крочыла яна,
Як піянер калісьці ў школу.
Выходзіць так, што грош цана
Паперцы гэтай — пратаколу.
Калі гуляла проста, дык
У тым нямашака крамолы.
Такім, прынамсі, быў вердыкт.
Запанаваў настрой вясёлы.
Што апраўдальным стаў прысуд  –
У гэтым дзіва палавіна.
А ў чым жа быў сапраўдны цуд?
Пачула ад суддзі дзяўчына:
Прабач, маўляў, за ўсіх “мянтоў”;
Яны ў запале, несумненна,
Як кажуць, наламалі дроў.
Была ў судзе нямая сцэна…
* * *
Учынак годны сапраўды.
Каб некалі ўлічыла Неба,
Яму яшчэ і за суды
Пакаяцца, напэўна, трэба…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.