TOP

Няўжо насельнікі Еўропы хацелі рушыць у халопы?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў тэлеэфіры сказаў: «Перанос чэмпіянату свету па хакеі — гэта помста за тое, што нашы дзяды паднялі сцяг над рэйхстагам».

Алесь Няўвесь

Вядома ўсім, з якой прычыны
Забралі ў нас чэмпіянат
І мы цяпер глытаем сліны…
Аднак шаноўны дэпутат
Іначай думае. З экранаў
Нам думку гэтую давёў.
Вайны вялікай ветэранаў
Ён прыцягнуў за вушы зноў.
З іх бальшыня пайшла на Неба,
Дык патрывожыў іхні прах.
Тут і гадаць, маўляў, не трэба:
Калісь дзяды ўзялі рэйхстаг,
Таму і помсціць нам Еўропа
За нашых доблесных дзядоў.
Абраннік са свайго акопа
Вылазіць, словам, не гатоў,
І хоць патроны халастыя,
Ды ён страляе ў бок чужы…
Прабачце, але словы тыя,
Бадай, з дурнотай на мяжы.
Няўжо ў Бруселі ці ў Парыжы
Хацелі ўсе часінай той,
Каб да сканання Гітлер хіжы
Трымаў іх пад сваёй пятой?
Няўжо насельнікі Еўропы
Тае далёкае пары
Імкнуліся пайсці ў халопы
Да, выбачайце, немчуры,
Каб фашыстоўскія жаўнеры
У душы наганялі жах?
Удзячныя яны без меры
Тым, хто калісьці браў рэйхстаг!
І ім, бадай, шкада таксама,
Што вызваліцеляў няшмат.
Для дэпутата гэта драма,
Калі не знае дэпутат.
* * *
Не зробім вочы па капейцы,
Паверым мы сваім вушам,
Калі ён скажа: еўрапейцы
Яшчэ й за Грунвальд помсцяць нам…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.