TOP

Будзе ён аж два разы націскаць на тармазы…

Алесь Няўвесь

Жыхар Магілёва Аляксандр Хамратаў адсудзіў 50 рублёў. Ён адзін стаяў на прыпынку, і шафёр не захацеў спыняць аўтобус, праехаў міма…

Дзень выхадны. Тутэйшы люд
Акупаваў свае кватэры.
Пусты аўтобусны маршрут,
Хаця прыпынкаў да халеры.
Аўтобус толькі дзе-нідзе
Чакалі людзі на прыпынку,
І каб забраць з сабой людзей,
Шафёр спыняўся на хвілінку.
Убачыў ён яшчэ здалёк
На тым прыпынку пасажыра.
І не спыніўся ён знарок,
Аб чым затым прызнаўся шчыра.
Падумаў: «Чалавек адзін.
Дый можа на таксі дабрацца.
Час сэканомлю і бензін,
І стане больш улежнай праца».
Здавалася б, такой бяды,
Махнуў бы хто-ніхто рукою:
Не часта ўсё ж, гады ў рады,
У нас здараецца такое.
Яшчэ й даводзяць нам штодня,
Што рыса нашая — пакора.
І праглынула б бальшыня
Нахабства гэтага шафёра.
А чалавек звярнуўся ў суд!
Кудысь спяшаўся ён, магчыма,
Таму і зведаў шмат пакут,
Калі шафёр праехаў міма.
Яму выказвалі дакор,
Маўляў, учынак не да твару,
І ўрэшце атрымаў шафёр
Якую-ніякую кару:
Хоць штраф не два рублі, не тры,
Ды ён не дужа цяпнуў гора.
А я магу сказаць, сябры,
Адно пра гэтага шафёра:
Як адзінокі чалавек
Стаяцьме на прыпынку недзе,
Дык ён ужо не ўчыніць здзек
І міма болей не праедзе…
* * *
Не бачу ў гэтым драбязы:
Адны на ўсіх зямля і неба,
І націскаць на тармазы
Павінен кожны, калі трэба…

Алесь Няўвесь