TOP

Захацеў, няйнакш, АМАП паглядзець на «голых баб»

АМАП затрымаў 13 жанчын і 7 мужчын у саўне ― «за несанкцыяванае мерапрыемства». Падставай для пратаколаў стаў бел-чырвона-белы сцяг, які ляжаў на падлозе, аднак «пратэстанты» сцвярджаюць, што ў лазню сцяг з сабою не бралі, яго падкінулі…

Алесь Няўвесь

Там, дзе ўзбрыдзе ім ў галовы,
Служакі ладзяць «хапуны»:
Да скону ўласных дзён гатовы
Лавіць «зламыснікаў» яны.
«Зграбаюць» міліцыянеры
Усіх, хто трапіць пад руку:
Каго ва ўласнае кватэры,
Каго ля горада ў ляску.
Аднак да гэтых пор у саўны
Налётаў не рабіў АМАП,
Хоць надта кожны з іх цікаўны,
Калі датычыць «голых баб».
І вось надумалі нарэшце
Спатоліць плоцкі інтарэс ―
Зрабілі, так сказаць, нашэсце
У саўну, дзе нудысты спрэс
І можна трапіць без білета
На «эратычнае кіно».
Даўно ўжо марылі пра гэта,
Таму й адсочвалі даўно ―—
Падпільнаваць той час хацелі,
Як прыйдзе цэлая гурба,
Каб на аголеныя целы
Уволю зыркаць спадылба.
Адзначыць варта: вельмі ўдала
Налёт закончыўся, прычым
Амапаўцам пашанцавала,
Бо ў саўне больш было жанчын.
Дарма, што ляманту і віску,
На жаль, было задужа шмат,
Затое ўсе вабносці зблізку
Змалі разгледзець у дзяўчат.
Ну, словам, вечар быў вясёлы,
Свой шал спатолілі байцы.
Але ж за нешта пратаколы
Трэ настрачыць напрыканцы.
Ды з гэтым не было праблемы,
І не чакаў службоўцаў крах.
У саўне мыліся нацдэмы.
А доказ?
―— Вунь жа іхні сцяг.
Зірніце, хлопцы, на падлогу, ―
Сказаў баец немалады.
Адчулі «бунтары» трывогу:
Ніхто з іх сцяг не браў сюды,
Наогул «бунт» у гэты вечар
Зусім не быў у іх наўме.
Хацелі ўсе па-чалавечы
Крыху пазносіцца ў гурме,
Глынуўшы куфаль піва. Саўна
Для пасядзелкі ― акурат.
Яны й адпачывалі слаўна,
Пакуль не здарыўся напад.
Таму згадзіліся з высновай
(Аналіз, мабыць, не пусты!)
Аб правакацыі чарговай:
Ім сцяг падкінулі «мянты»…
* * *
Каму ж патрэбна даць нам веры
І што падказваюць глузды?
Магчыма, міліцыянеры
Прынеслі сцяг і сапраўды?
Бо пустадомкаў, дзякуй богу,
Няма ў бунтарскай грамадзе:
Ніводзін сцяг той на падлогу,
Каб не таптаць, не пакладзе…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.