TOP

“Думаеце, дзесьці мы больш патрэбныя чым тут?” Гутарка са звольненай заснавальніцай Музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку

Тамара Вяршыцкая - вядомая навагрудская краязнаўца і даследчыца, больш за 25 гадоў узначальвала гісторыка-краязнаўчы музей, заснавала Музей яўрэйскага супраціўлення, яе імя занесена ў раённую Кнігу славы. Аднак на пачатку красавіка яе разам з паплечніцай Галінай Кавальчук звольнілі з музея, меркавана з-за гарадскіх экскурсій, якія жанчыны ладзілі па выходных і якія ўвесь час суправаджаліся міліцэйскім наглядам.

Тамара Вяршыцкая, фота Boris Maftsir

— Ці стала непрацягненне працоўнага кантракту нечаканым? І ці складана перажыць страту сталай працы?

— Мы разумелі, што адбываецца і ведалі рэакцыю на свае экскурсіі па выходных. Аднак у мяне ўжо быў такі вопыт: у 2016 годзе звальнялі з музею, а потым паклікалі назад. Каб і сёння прапанавалі вярнуцца, то адмовілася б. Ужо праз месяц пасля звальнення ў мяне з’явілася магчымасць займацца тым, чым я і займалася, з’явілася дапамога. Гэта вельмі цікавы праект — “Жывы Мемарыял”.

— Раскажыце пра яго…

Месца стаянкі атраду Бельскіх, фота з асабістага архіву Тамары Вяршыцкай

— Мы працуем з Домам Ванзейскай Канфэрэнцыі ў Германіі і пры падтрымцы нямецкага фонда «Erinnerung, Verantwortung, Zukunft» (“Памяць, Адказнасць, Будучыня”). Мэта праекту — даследаванне самой ідэі, канцэпцыі жывога мемарыялу. Хочацца, каб наведванне новай установы не было па схеме “прыйшоў, паслухаў і пайшоў”, а сталася тым, што чапляе, каб па выхадзе працягвалася ўнутраная “праца”, а дакладней — дыялог. Так, мемарыялаў у нас хапае, ёсць і новыя (той жа Трасцянец), але яны — не “жывыя”. Найчасцей гэта проста бетонныя канструкцыі і усё! Нам трэба звяртацца да сусветнага вопыту. Як упісваецца мемарыял з трагічнай гісторыяй, памяццю (маю на ўвазе не толькі Халакост) у архітэктуру горада? Ці пасуе месца, дзе гэты помнік знаходзіцца? І гэтак далей. У мяне ёсць і незавершаная праца: трэба стварыць мемарыял у Налібоцкай пушчы — там, дзе была стаянка самага вялікага яўрэйскага партызанскага атрада — братоў Бельскіх. Спадзяюся, з’явіцца нешта абсалютна новае: такога ў Беларусі яшчэ ніхто не рабіў. Вельмі захапляльны працэс… 

— Новы праект звязаны супрацай з музеям яўрэйскага супраціўлення ці гэта асобная гісторыя?

Роман Кроке, фота з асабістага архіву Тамары Вяршыцкай

— Канешне звязаны. Я пачала распрацоўваць праектную заяўку яшчэ на ранейшай пасадзе. Сёлета мы ўжо правялі беларускую частку праекта ў Налібокскай пушчы, удзельнічалі маладыя музейныя супрацоўнікі з Мінска і з Навагрудка, а таксама студэнты і маладыя настаўнікі. Мяркуючы па водгуках, гэтыя 6 дзён прымусілі людзей па іншаму ўспрымаць свет. Воркшопы праводзіў выдатны мастак і адукатар з Нямеччыны Роман Кроке, ён мае ўласную выпрацаваную методыку і працуе па ўсім свеце. Дык вось ён навучыў нас глядзець на кожны аб’ект як на метафару, за кожнай з’явай ці рэччу знаходзіць нешта глыбейшае. Навучыў не баяцца памылак, бо не бывае правільна/няправільна: у кожнага сваё бачанне і яно мае права на існаванне. Гэта тое, што павінна адбывацца з кожным, хто прыязджае ў месца памяці. Чалавек павінен узаемадзейнічаць з гэтым месцам, на сваім узроўні, але яму можна дапамагчы, каб ён змог глыбей раскрыць свае адчуванні, эмоцыі і ўрэшце – больш зразумець самога сябе. 

— Музей яўрэйскага супраціўлення паўстаў менавіта дзякуючы вашай апантанасці… І сродкі на яго стварэнне, падтрымку былі знойдзеныя вамі…  А што далей, без вас?

— Я вельмі перажывала… Але ўжо год там працуе Анастасія Грыцкевіч, яна гісторык па адукацыі, скончыла ЕГУ ў Вільні, выдатна валодае англійскай мовай. Летам да нас прыязджалі наведвальнікі з Ізраіля, Анастасія праводзіла экскурсію, і госці засталіся ў захапленні. Так што і без мяне музей “трымае планку”. Галоўнае — каб проста дазвалялі займацца справай, а не бюракратыяй, якая сёння проста атручвае жыццё. 

— Калі вас і Галіну Кавальчук звальнялі, у той жа час Мікалая Гайбу знялі з пасады дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча, на якой ён таксама прапрацаваў больш за 20 гадоў. Тады незалежныя СМІ пісалі пра “зачыстку музейшчыкаў у Навагрудку”. Што будзе з культурным жыццём у Навагрудку далей?

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей

— Па-першае: матывы і прычыны звальнення супрацоўнікаў гісторыка-краязнаўчага музею і музею Адама Міцкевіча абсалютна розныя. Па шчырасці — Мікалай Паўлавіч добры гісторык, але як дырэктар музея…  Гэта проста ганьба для Навагрудка, калі імя Міцкевіча працуе на горад, а горад і музей нічога не зрабілі для папулярызацыі Міцкевіча. Можа новы дырэктар гэта выправіць, не ведаю.

А што з гісторыка-краязнаўчым? У рэшце рэшт мы ўжо на пенсіі і кадры, канешне, трэба змяняць. Але не так, як гэта было зроблена. Ну і зноў жа — патрэбны час. Там зараз 4 маладыя супрацоўнікі, у кожнага з іх працоўнага стажу толькі год, новаму дырэктару — 26 гадоў… Ім складана, для іх ўсё новае, але яны ўсе мне падабаюцца, бо вельмі творчыя і разумныя. Калі ім не будуць перашкаджаць і не пачнуць іх “строіць, як піянераў”, то ўсё будзе добра. 

— Давайце вернемся да экскурсій па Навагрудку, якія вы ладзілі па выходных і якія праходзілі пад наглядам міліцыі. Фінальным акордам было затрыманне цэлай групы экскурсантаў. Ці не баяліся ладзіць «экскурсіі пад канвоем»?

«Экскурсіі пад канвоем» у Навагрудку, фота nashaniva.com

— Не мы арганізоўвалі экскурсіі, мы толькі выконвалі свае службовыя абавязкі. Нагляд быў шчыльным, калі можна так сказаць. Гэта выглядала дзіўным, але я заўсёды запрашала іх падыходзіць бліжэй і слухаць пра што гавару: ім жа таксама можа быць цікава! Што тычыцца затрымання, то мне наогул падаецца гэта нейкай правакацыяй з боку аддзела культуры. Сёння многія баяцца невядома чаго, хоць часта за гэтым страхам нічога не стаіць! Мы не рабілі нічога недазволенага, на экскурсіі прыходзілі вельмі прыстойныя людзі. Вось Жанна Баброўская: бабуля і дзядуля (Франак і Францішка) яе мужа ратавалі яўрэяў падчас вайны і загінулі праз гэта, іх расстралялі. Далучаліся да нас і гісторыкі. Ну і як такім адмаўляць? Робім адну справу! Таму ніякага страху ў мяне не было, нават калі ў міліцыю павезлі, ну павезлі і павезлі, і што з таго?

— Але гэтае затрыманне для вас было ўжо другім за год, вас яшчэ ў студзені затрымлівалі. Ці не думалі вы сысці з працы ў музеі?

— Абсалютна не. Мы разумелі, што пабачым нейкую рэакцыю на экскурсіі, здагадваліся, што бюракраты проста будуць чакаць сканчэння тэрміну нашых кантрактаў, каб усё выглядала як бы натуральна, так яно і атрымалася. Дарэчы, Галіне Кавальчук яе сяброўка Ганна Андрэеўна Туровіч (колісь была дырэктаркай нашага музею) у нядзелю патэлефанавала і параіла, каб мы не выходзілі на экскурсію, а дзесьці “схаваліся”. Галіна адказала: “Я гэтага рабіць не стану”. І гэта быў канец.

— Вельмі банальнае пытанне: ці не хацелі б з’ехаць? Я патлумачу, чаму задаю яго. Вы ведаеце некалькі моў, у вас даўнія наладжаныя сувязі і вопыт працы з замежнымі арганізацыямі, то бок, мне падаецца, вы вельмі лёгка маглі б уладкавацца дзесьці за мяжой.

— Навошта? Думаеце нас дзесьці чакаюць і дзесьці мы больш патрэбныя, чым тут? Абсалютна не. Ведаеце, калі ў чалавека ёсць справа і ёсць адчуванне, што гэтую справу трэба рабіць, то трэба рабіць.

— А чым яшчэ вы зараз займаецеся акрамя “Жывога мемарыялу”?

— Усё ніяк не магу напісаць гісторыю яўрэйскай абшчыны Навагрудка. Пачала, але праекты выбілі мяне на цэлае лета, адарвалі… Спадзяюся восенню і зімой праводзіць больш часу за сваім сталом.

— Гэта будзе кніга?

— Думаю так. А потым яшчэ трэба напісаць пра яўрэйскіх партызан… Назбірала насамрэч вельмі шмат цікавага — пісаць ёсць пра што.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.