TOP

Ноч паэтаў. А чаму – не расстралянага адраджэння або культуры?

Чаму Ноч расстраляных паэтаў, а не расстраляных крытыкаў, якіх у тую ноч было знішчана не меней? – запытала ў сеціве вядомая літаратуразнаўца і літаратурны крытык. А журналісты Еўрарадыё падчас нашай зумаўскай размовы пра ноч 29 кастрычніка перакінулі гэтае пытанне мне. Я на пару секундаў задумаўся. Сапраўды, чаму менавіта “паэтаў”?

Фотаздымак Ігнацыя Ясяноўскага

Ва Ўкраіне, чыя культура пацярпела ад сталінскага тэрору падобна да нашай, у шырокі ўжытак увайшоў іншы тэрмін – расстралянае адраджэнне (яго, дарэчы, упершыню ўжыў Ежы Гедройць). Дык, можа быць, расстраляная літаратура (ці культура) было б болей карэктна? Але і тут будуць (ужо ёсць) свае пярэчанні. Я некалькі разоў чуў ад прафесійных гісторыкаў, якія даследуюць 30-я гады, дакоры ў адрас літаратараў і філолагаў: вы звужаеце праблему, гаворачы толькі пра рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, як бы абясцэньваючы тым самым трагедыю ўсяго народу, які пацярпеў… Далей ішлі вялікія лічбы, на якіх мае суразмоўнікі і суразмоўніцы, вядома ж, знаюцца нашмат лепей за мяне. Але вернемся да паэтаў.

“Па-першае – гэта прыгожа”, – ледзь не ляпнуў языком мой унутраны цынік. Забіты паэт – гэта вам не “попал под лошадь”, гэта ўжо тэрыторыя легендаў і міфаў. Расстраляныя Гумілёў або Лорка выразна вылучаюцца нават на агульным фоне бальшавіцкага ці франкісцкага тэрору. Французскі рамантык Альфрэд дэ Віньі ўвогуле даводзіў, што любы рэжым, у любую эпоху і ў любой краіне, варожы сапраўднаму паэту і знойдзе спосаб знішчыць яго. Таталітарныя ўлады ХХ стагоддзя не чакаюць дуэляў, як у ХІХ-м, і абыходзяцца са сваімі паэтамі больш бесцырымонна. Але як тыя, так і гэтыя аўтары з дакладнасцю да дэталяў прадказваюць сваю смерць ва ўласных творах. Бо паэт, – як напісаў пра Апалінэра Жан Както, таксама не абы-які творца, – адной нагой прыкуты да магілы, таму кульгае, і гэта надае непаўторнай чароўнасці яго хадзе. 

Адна з найстаражытнейшых формаў пасмяротнага ўшанавання – эпітафія, надмагільны надпіс у форме верша. Часам вялікі паэт сам паспявае напісаць для сябе такі твор. Часам гэта робіць іншы – сябра-паплечнік або зацяты апанент (Маякоўскі пра Ясеніна), спадкаемца-наступнік (Лермантаў пра Пушкіна) ці нават старэйшы калега, што страціў свайго пераемніка (Гётэ пра Байрана). Часам “надмагільнасць” вынікае з паломніцтва да месца пахавання (Дубоўка пра Багдановіча), а здараецца, што месца магілы можна знайсці толькі ў краіне метафараў. Як у рэквіеме, адкладзеным у часе на некалькі дзесяцігоддзяў, – “Маналогу” Аркадзя Куляшова, які прысвечаны сябрам маладосці Змітраку Астапенку і Юлію Таўбіну, што разам з зусім юным Куляшовым утваралі “амсціслаўскую плеяду”:

Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,

Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,

Там я блукаў, але імёнаў вашых

Не адшукаў на вокладках магіл.

І далей, зусім велічна:

Я — ваша памяць, вы — маё сумленне,

Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім.

Гэтыя радкі не раз чуў у Курапатах у ноч з 29-га на 30-е кастрычніка, калі пачаў прыходзіць на жалобныя ўрачыстасці, што цяпер называюць Ноччу расстраляных паэтаў. Дальбог, называюць, як мне здаецца, не таму, што ўшаноўваюць менавіта літаратараў-лірыкаў (бо ўшаноўваюцца ўсе ахвяры). А хутчэй таму, што менавіта іхнія вершы, прачытаныя ўголас – самая адэкватная форма публічнай прамовы ў гэты час і ў гэтым месцы. Мне, як і ўсім удзельнікам, штогод даводзілася чуць там шмат палітычных выступаў і святарскіх казаняў. Самая частая эмоцыя, якую я адчуваў пры гэтым: вось бы ты замест усяго гэтага верш прачытаў – лепей іхні, чым свой. Напрыклад, перадсмяротныя радкі Міхася Чарота, накрэсленыя на сцяне камеры:

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

Або падобныя па рытме строфы са скандальна-славутага верша Алеся Дудара “Пасеклі Край наш папалам…”:

А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

Або – зусім ужо не школьным ямбам – з апошніх беларускамоўных вершаў дваццацігадовага вундэркінда Юлія Таўбіна:

Хачу жыць, падаючы, – але не занепадаючы.

Высока паднятым сілай часоў,

здабыць сталае месца на гале зямной.

Ведаю свае заганы.

Але гэта – мая задача.

Мне – дваццаць першы год.

Жыццё не за, а перада мной.

Або ў беларускім перакладзе, калі не ведаеш ідыша, на якім пісаў геніяльны Мойшэ Кульбак:

Свет!
Знікну ў распяяным небасхіле,
без клеткі плоці
нежывой, –
растану ў зыркай ноце,
зорным пыле…
Ці проста лягу паміж іншых, твой
каменьчык на магіле…

Каменьчык на магіле можна пакласці таксама хіба што метафарычна. Больш за тое, і само месца ўшанавання з вядомых прычын наведаць усё складаней. Літаратурны крытык Наста Грышчук так апісала свае ўражанні ад сёлетняга візіту: “Канешне, цікавыя адчуванні, калі ідзеш адна па цёмным лесе, а ў патыліцу дыхаюць крэпкія красаўцы”.

Шмат хто з наведнікаў папярэдніх Начэй паэтаў апынуўся за апошні год у Літве ці ў Польшчы, ва Ўкраіне ці ў Нямеччыне, спіс краінаў можна працягваць. Так што паўдзельнічаць у цырымоніі можа хіба што праз інтэрнэт і/або ў горадзе свайго часовага знаходжання. Затое і міжнародны маштаб адзначэння гэтай даты сёлета напраўду ўражвае. 38 гарадоў з 18 краінаў па ўсім свеце. 

І, мабыць, сотні меншых і большых імпрэзаў у сеціве. Цягам апошніх сутак удзельнічаў у паўтузіне чытанняў, часам адно проста накладалася на іншае, даводзілася спыняцца, выбачацца і перамяшчацца ў віртуальнай прасторы далей.

Падзялюся досведам удзелу ў самым нетыповым з іх. Проста з перапоўненага аўтобуса чытаў праз зум вершы расстраляных паэтаў для “Мова Нанова” ў Вільні. Сувязь была так сабе і даводзілася дэкламаваць гучна. Навушнікаў з мікрафонам не было, і я трохі пераймаўся, што суседзі заб’юць, але ўсе вельмі гучна між сабой размаўлялі і ў нейкі момант здалося, што ніхто нічога не заўважыць. Але на першым жа вершы заўважылі. Увесь аўтобус раптам сціх і моўчкі слухаў Кульбака. Верш, другі, пяты. Ніхто не выдаў ні гуку. Асмялеўшы, я стаў чытаць “Калі асядае муць” Тодара Кляшторнага. На радках “Па трупах ворагаў ідзём, / І з трупаў вопратку здымаем” жаночы голас за спінай выразна выгукнуў: “Ой!”. Рускамоўная сям’я збольшага ўсё разумела. Трохі пазней да мяне стала даносіцца: “Только послушай, что говорит – четырех зарезал!.. Человека – просто за пятак!.. Божечки, сама свою сестру – в проститутки!..” А пасля радкоў: “Ходзім мы пад месяцам высокім, / І яшчэ пад ДПУ” (я звычайна чытаю – ГПУ) выразна пачулася: “А вот это правда!” Вакол сядзелі палякі, украінцы, чэхі, рускамоўныя з Латвіі, аўстрыйцы. Ніхто, апроч эмацыйнай цётачкі, да канца перадачы не сказаў нічога. Я дачытаў верш Таўбіна пра смерць, цётачка хлюпнула носам, праз хвілінку аўтобус зноў напоўніўся размовамі, мне не зрабілі ніводнай заўвагі. Пілотны выпуск “Мова Нанова” Катавіцэ-Астрава-Аламоўц-Брно-Вена скончыўся.

 А паэзія працягваецца.


Глядзіце таксама: (НЕ)РАССТРАЛЯНЫЯ. Праект інтэрнэт-партала TuzinFM.by.
Прысвячаецца ўсім пацярпелым ад сталінскіх рэпрэсіяў беларусам і іх сем’ям.


Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.