TOP

Кастынг не дапаможа, ці Якія маштабы набылі звальненні ў культуры

Сотні супрацоўнікаў культуры аказаліся пад пагрозай звальнення з-за актыўнай грамадскай пазіцыі. Масавыя чысткі праходзяць не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх рэгіёнах.

Фото: Depositphotos.com

У СМІ з’явілася інфармацыя пра звальненні ў дзяржаўных музеях, тэатрах, галерэях, якія, натуральна, афіцыйна не пацверджаны. Так, пад пагрозай апынуліся некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музея, а ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры “прыбіраюць” нават загадчыкаў ягоных філіялаў.

Беларускі ПЭН маніторыць, фіксуе і аналізуе сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, распавядае старшыня ПЭНа Таццяна Нядбай:

Niadbaj

Фота: Budzma.org

– Пераслед за іншадумства займае першы радок у «рэйтынгу» парушэнняў правоў.

Калі дзеячы культуры маюць пазіцыю, адрозную ад той, што транслюецца дзяржапаратам, на іх ажыццяўляюцца ўсе формы ціску: ад звальнення да затрымання і крымінальнага пераследу.

За 9 месяцаў 2021 года зафіксаваныя 64 выпадкі звальненняў / не падаўжэння кантрактаў, а ў кастрычніку і лістападзе мы бачым, што сітуацыя са звальненнямі толькі набірае абароты, на сёння зафіксаваныя лічбы ўражваюць і ў гадавой справаздачы гэтаму будзе прысвечаная асобная ўвага.

Так, па стане на 1 снежня нам вядома больш за 100 імёнаў дзеячаў культуры, звольненых або тых, хто вымушана сышоў пасля гадоў або дзесяцігоддзяў працы. І гэта толькі пачаткі фіксацыі дадзеных па лавіне звальненняў, часам амаль па сотні чалавек толькі ў адной інстытуцыі. Маштаб шакуе. Дзяржаўная філармонія, Гістарычны музей, Нацыянальная бібліятэка, Тэатр оперы і балета, Акадэмія мастацтваў, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Гродненскі абласны тэатр лялек, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і шматлікія іншыя ўстановы культуры, а таксама ВНУ аказваюцца ў сітуацыі “зачыстак”. Пад прыцэл трапляюць кампазітары і акторы, рэжысёры і дырыжоры, навуковыясупрацоўнікі і намеснікі дырэктараў, прарэктары і галоўныя рэдактары, філосафы і гісторыік – спіс можна доўга працягваць.

На сёння мы знаходзімся на сувязі з прадстаўнікамі амаль усіх культурніцкіх установаў у Беларусі, збіраем шмат непублічнай інфармацыі і пра тых, каго звальняюць, і пра тых, хто звальняе. Не застаецца без увагі і феномен своеасаблівых даносаў: для таго, каб трапіць пад прыцэл прапаганды і ў спісы на звальненне, дастаткова выказаць салідарнасць з іншымі рэпрэсаванымі або запосціць у сацсетках “няправільную” карцінку. “Склад віны” выклікаў бы здзіўленне і смех (а калі б быў апісаны ў літаратурным творы, чытачы заявілі б пра нерэалістычнасць), калі б не прыводзіў да рэальных звальненняў.

Чысткі і спісы нелаяльных – сёння рэальнасць культурніцкіх установаў. Застаюцца “ў абойме” сёння не па крытэры прафесійнасці і кампетэнтнасці, а — лаяльнасці. Гэта ўсё павялічвае ўзровень агульнай некампетэнтнасці ў сектары, што ў выніку прывядзе да руйнавання культурнага поля, таго даробку і досведу, які кшталтаваўся дзесяцігоддзямі, а значыць – да катастрафічных наступстваў у сферы культуры.

Ну, а найлепшы прыклад тут, — Купалаўскі тэатр, трупу якога ніяк не могуць дафармаваць пасля сыходу асноўнага складу супрацоўнікаў.

Вядомы культурны дзеяч Сяргей Будкін таксама пракаментаваў СНплюс прычыны і маштабы гэтага працэсу.

Budkin

Фота з сайта Racyja.com

– Прычыны ясныя: культура ішла наперадзе пратэстаў. Калі самых актыўных зрэзалі яшчэ напачатаку рэпрэсій (можам згадаць, як людзей выцягвалі з філармоніі, як судзілі групу барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», удзельнікаў фэнтэзі-фолк гурта IRDORATH), астатнія альбо сядзяць, альбо мусілі бегчы з краіны.

Зараз дайшла чарга да пратэстоўшчыкаў больш асцярожных, якія падтрымлівалі пратэсты не дужа заўважна. Менавіта з гэтай катэгорыяй людзей цяпер і вядзецца “работа”.

Ёсць два шляхі паводзінаў у многіх з тых, хто застаўся ў Беларусі: нехта паспеў і пакаяўся, выцер усе згадкі пра сябе, а нехта заціх і спадзяецца, што пранясе. Вядома, градус страху падымаецца штодня: знаходжанне ў Беларусі нагадвае сядзенне на парахавой бочцы. Людзі робяць захады, каб захаваць сябе, таму баяцца нават сказаць, што іх звальняюць. І мы не можам нічым дапамагчы ім…

А ўлады дзейнічаюць абсалютна жорстка, ужываючы двайны кантроль. Сілавікі, кантралюючыя органы, ідэолагі манітораць сітуацыю са свайго боку, а з другога — прымушаюць вылічваць так званых “нядобранадзейных” іхніх калегаў. Прынамсі, такая замова ставіцца перад дырэкцыямі дзяржаўных тэатраў, музеяў, іншых культурных устаноў. Некаторыя адмаўляюцца, але ж ёсць і тыя, хто бяруць пад казырок.

Даходзіць інфармацыя пра існаванне спісаў на масавае звальненне работнікаў культурніцкіх устаноў. Натуральна, гэтыя матэрыялы трымаюцца ў сакрэце; людзей звальняюць пад рознымі датамі і з розных прычынаў. Так бы мовіць – размываюць чыстку, бо калі ўсіх незадаволеных звольніць цягам снежня, то можна атрымаць пратэсты нават ад спакойных музейшчыкаў.

Загады на звальненні разасланыя па шматлікіх дзяржаўных установах культуры, нагодай для развітання са звыклай працай з’яўляюцца выказванні пра палітычную сітуацыю ў краіне, удзел у ініцыятыўнай групе аднаго з незалежных кандыдатаў у прэзідэнты або проста актыўная грамадская пазіцыя.

Гаворка ідзе пра звальненні соцень чалавек. Паколькі большая частка культурніцкіх установаў месціцца ў Мінску, то на ягоную долю гэтага “шчасця” выпала найбольш: філармонія, Вялікі тэатр, Нацыянальны гістарычны музей сумарна даюць каля 170-200 звольненых.

Ідзе руйнаванне бібліятэчнай, музейнай, галерэйнай спраў. У гэтых сферах замясціць супрацоўнікаў звычайным кастынгам ніяк не атрымаецца.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.