TOP

МУЗЕЙ-5: Як упісваліся ў вобраз самотнага і беспрытульнага паэта яго жанчыны і што сталася з «інтымным дзённікам»

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі з няволі піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989-га па ліпень 1998 года. Друкуецца са скарачэннямі.

Мастацкае аздабленне музэя, стылізаванае пад “мадэрн”

(Працяг. Частка 1Частка 2, Частка 3, Частка 4)

15.09.2021

Чацвёртая зала ў музеі была прысвечаная жанчынам у жыцці і творчасці Максіма Багдановіча. А яны сапраўды мелі месца. Яны былі вельмі розныя, таксама ў Максіма было вельмі рознае стаўленне да іх, але заўсёды вельмі кранальнае і надзвычай уважлівае.

Максім ніколі і нічога не пісаў пра сваю маці. Яе вобраз, відаць, быў занадта туманны і расплывісты. Яму было ўсяго пяць, калі яна памерла. Успаміны пра яе падаваліся, напэўна, вельмі прыватнымі. Урэшце, і пра свайго бацьку, які шмат даў Максіму, каб той стаў тым, кім стаў.

А вось трэцяя жонка Адама Багдановіча, якая была роднай цёткай Максіма, малодшай сястрой маці, прыцягвала пільную ўвагу. З русявай касой, не такая прыгожая, як старэйшая сястра Марыя. Ёй было 26, калі яна прыехала з Менску дапамагаць Адаму Багдановічу даглядаць малых яшчэ пляменнікаў. Там і здарылася гэтая гісторыя кахання, якая, пэўна, была незычайная для таго часу.

Хоць Адам і належаў да дэмакратычнага кола інтэлігенцыі, Аляксандра, па ўспамінах сваякоў, камплексавала ўсё сваё жыццё. Яна выхоўвала трох пляменнікаў і нарадзіла яшчэ пяць сыноў. Пазбягала кола знаёмстваў мужа і амаль увесь час праводзіла дома. Вось жа за пастаяннымі цяжарнасцямі сваёй мачахі-цёткі і назіраў Максім. У выніку з’явіўся цыкл вершаў “Каханне і смерць”. Ніхто з нашай паэзіі не напісаў лепш пра стан цяжарнасці жанчыны, пра цуд з’яўлення новага чалавечага жыцця:

Ціха ідзеш ты, у нэтрах дзіцёнка хадою калышаш,

Цёмнай і цёплай яму служыш калыскай цяпер.

Папярэдняя жонка бацькі, Аляксандра Волжына, якая даводзілася залоўкай Максіму Горкаму, моцна ўразіла Максіма Багдановіча сваёй смерцю – яна памерла 19-гадовай пры родах:

Белы крыж, пліта, пад ёй – магіла;

Мілым кветам рожа зацьвіла.

Тут калісьці ты, мой друг, спачыла –

Спарадзіла ў муках і лягла.

Быў выстаўлены ў чацвёртай зале і фотаздымак стрыечнай сястры Максіма Багдановіча Ганны Гапановіч. Здымак, як на мой густ, статычны. У жыцці яна была значна жвавейшай і прыгажэйшай. З Максімам яны сімпатызавалі адно адному як брат і сястра. Паэт прысвяціў Нюце-Ганне зборнік вершаў-перакладаў на рускую мову “Зеленя”. Ён выстаўлены ў чацвёртай зале музея.

Аня Какуева, сястра Рафаіла Какуева, сябрука Максіма па гімназі, была шчырым каханнем Максіма. “Прыгожая дзяўчына” – згадваў пра яе бацька Максіма. Ёй паэт прысвяціў шмат кранальных лірычных вершаў.

Толькі ж чаму ж гэта ў ночы глыбокія,

Даўшы спачынак стамлёным вачам,

я шапачу цераз сны адзінокія:

“Аня, мая… нікаму не аддам”.

Пра любоўную лірыку Максіма Багдановіча можна гаварыць і гаварыць, хапіла б на поўную экскурсію. Гэтыя вершы, створаныя пад уплывам пачуццяў да Анны Какуевай, я вучыў напамяць у 17 гадоў, калі адкрыў для сябе паэзію Багдановіча, затым чытаў падчас экскурсій у чацвёртай зале музея “Жанчыны ў жыцці Максіма Багдановіча”. Яны кранаюць мяне і зараз, калі я сяджу на нарах, праглядаю абдрапаны томік вершаў 1868 года выдання з выдранымі некаторымі старонкамі і паглядаю на вежу Пішчалаўскага замка, якая ззяе белізной на вераснёвым сонцы.

Я – непрыкметны, шэры чалавек.

Але Вамi, толькi Вамi паўна мая душа.

I лiюцца з яе <вершы> аб Вас,

Як лiецца вясной праз кару чысты сок

З перапоўненага iм шэрага клёна.

і яшчэ: “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы ў ціхую сінюю ноч”.

Гэтае платанічнае каханне да Ані Какуевай узносіла Максіма да мараў, фантазій пра магчымыя далейшыя сумесныя планы, пра іх агульнае дзіцё – і менавіта дзяўчынку?..

Больш за ўсё на сьвеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак –

Маленькая дачушка-немаўляшка,

Аня Максімаўна,

(,,,)

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.

Фрагмэнт экспазіцыі, прысвечаны Ане Какуевай

12.09.2021

Летам 1915 года Максім Багдановіч жыў у пансіёне для людзей, схільных да сухотаў, у Старым Крыме. На летні адпачынак яго адправіў бацька. Туды ж на лячэнне прыязджае маладая замужняя жанчына, напалову армянка. Завуць яе Клава. У Максіма і Клавы разгарэўся раман. Пасля хуткаплыннага кахання застаўся верш на рускай мове.

Забудется многое, Клава,

Но буду я помнить всегда.

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда.

Відавочна, што гэта была шалёная страсць, якая ахапіла Максіма і Клаву цалкам па-за разважлівасцю і логікай.

Засталося таксама некалькі старонак інтымных запісаў, занатаваных Максімам на хуткую руку алоўкам. Запісы паўсцёртыя ад часу, некаторыя словы неразборлівыя, але зразумелы асноўны змест. Максім па днях апісвае галоўныя эпізоды знаёмства з Клавай. З дзённікавых запісаў становіцца зразумелым, што ў іх была інтымная сувязь. Палкі курортны раман цалкам захапляе Максіма. Невядомы далейшы лёс Клавы. І паэту заставалася жыць менш за два гады. Яны, як летнія матылькі, імкнуліся паспець схапіць салодкае імгненне прамінаючага шчасця.

На экспазіцыі музея пра гэтае крымскае захапленне распавядаецца небагата. Не надта яно ўпісвалася ў вобраз самотнага і беспрытульнага паэта. Крыху пазней у коле супрацоўнікаў музея абмяркоўвалі магчымасць друку “інтымнага дзённіка”.

Расчытала дзённік – тое, што можна было зразумець, – яшчэ ў 1970-я гады Ніна Ватацы, бібліёграф, даследчык творчасці Максіма. Яна ж зрабіла і першае публічнае апісанне дзённіка, пераказаўшы тое, што можна было, не кранаючы інтымных падрабязнасцяў дзённіка. Але асобныя цытаты, якія прыводзіла Ніна Ватацы, не давалі ўяўлення пра змест тэкста. Усё ж такі гэта быў тэкст вялікага паэта. Мы разважалі: ці мелі права трымаць яго пад замком, ці яго варта было паказаць шырокаму чытачу? Усе пагадзіліся, што друкавць гэты тэкст ранавата. Занадта ён інтымны, нават фізіялагічны. Максім пісаў толькі для сябе.

Некалькі разоў мы вярталіся да гэтага тэксту. Прафесар Вячаслаў Рагойша на адной з нашых навуковых канферэнцый выказаўся, што можна і варта зрабіць у спецыяльным навуковым выданні, якія выходзяць невялікім накладам з каментарамі. Я нават загарэўся гэтай ідэяй, мяркуючы, што каментары мог бы напісаць сам прафесар Вячаслаў Рагойша. Не хацелася выглядаць на жрацоў, якія любым коштам ахоўваюць таямніцу свайго Бога. Але не паспеў.

У Максіма Багдановіча ёсць некалькі вершаў, дзе ён апісвае стан палкай страсці.

Прынадна вочы ззяюць да мяне;

Чароўна усміхаючыся, губы

Адкрылі буйныя бялеючыя зубы…

Ласкавы шэпт… Гарачай хваляй мкне.

Гэты санет быў напісаны ў 1914 годзе. Каму ён быў прысвечаны, ці апісваў натуральныя пачуцці і любоўныя перажыванні Максіма, ці з’яўляецца домыслам, паэтычнай фантазіяй – можна толькі здагадвацца. Інтуітыўна я адчуваю – гэтыя радкі маюць пад сабой рэальны жыццёвы досвед паэта.

Зоська Верас у сваіх успамінах згадвае, што Максім Багдановіч жадаў пазнаёміцца з беларускай свядомай дзяўчынай. Яна звяла яго са сваёй сяброўкай, але тая не спадабалася паэту. Так што ўсе рамантычныя гісторыі, улюблёнасці і каханні Максіма Багдановіча звязаныя з Яраслаўлем і Крымам.

Завяршаючы свае развагі пра ролю і вобраз дзяўчыны ў творчасці Максіма Багдановіча, не магу не згадаць радкі ягонага трыялета:

Мне доўгае расстаньне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае расстаньне з Вамі?

Я пабляднеў ад горкіх сьлёз

I трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае расстаньне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

У перакладзе на рускую мову верш пазначаны як трыялет 18-га стагоддзя. Можа і існуе ў еўрапейскай паэзіі ўзор-аналаг гэтага трыялета, але для мяне ён застаецца адным з найлепшых вершаў пра каханне ў беларускай паэзіі.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.