TOP

Ад Забалоцця да Філадэльфіі: мясціны і лёс скульптара Генрыка Дмахоўскага, аўтара бюста Тадэвуша Касцюшкі ў Амерыцы

Падарожжа – магчымасць адчуць, пачуць, пабачыць новае, ачысціць мозг – вызваліць месца для новых думак і ўражанняў. У цяжкія, шэрыя часы шукаем апірышча ў прыродзе і мінуўшчыне, падмацоўваемся энергіяй прыроды і натхняемся лёсамі людзей. Дакранаемся да гісторыі – наўпрост – рукой.

Мы выправіліся ў Мёрскі раён, які прываблівае вандроўнікаў рознымі цікавосткамі. Тут і модная экалагічная сцежка на балоце Ельня, куды едуць з вялікіх гарадоў людзі, каб прадыхацца – ачысціць лёгкія, адчуць водар балота.

Трагічны сюжэт кахання

Тут і вадаспад на рацэ Вята – штучны, рукатворны, рэшткі былой электрастанцыі, але ўсё адно таямнічай прахалодай, гоманам і музыкай вады вабіць вандроўнікаў і кампенсуе адсутнасць у Беларусі прыродных вадаспадаў. Тут вялікая колькасць касцёлаў – маленькіх драўляных і мураваных – з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі.

І – вада.

Вада – паўсюль азёры, стаўкі, балоты.

Вада ў мястэчках, вёсках, гарадах. Блішчыць на сонцы.

Шмат назваў звязаных з вадой – Пераброддзе, Заазерцы, Белае возера… І Забалоцце – гэта тое месца, куды мы едзем.

Наша падарожжа шмат у чым інтуітыўнае – мы звяртаем увагу на ўсё незвычайнае, што трапляецца па дарозе.

Але ёсць і асноўны пункт, у які накіроўваемся – вёска Забалоцце. Хочам паглядзець падмуркі 1742 года, на якіх стаяла сядзіба, дзе ў 1810 годзе ў нарадзіўся і жыў скульптар-паўстанец Генрык Дмахоўскіх – удзельнік двух паўстанняў, палітвязень, аўтар бюста Тадэвуша Касцюшкі (1856), закуплены Кангрэсам ЗША разам са скульптурнымі выявамі амерыканскіх прэзідэнтаў, якія таксама рабіў Генрык Дмахоўскі.

Пра яго мне распавёў беларускі скульптар Алесь Шатэрнік, які цяпер жыве ў ЗША. Казаў, што плакаў і не мог супакоіцца, калі даведаўся пра жыццё Генрыка Дмахоўскага. Разам з паэтам Сержуком Сокалавым-Воюшам з’ездзіў на магілу дзяцей і жонкі выбітнага земляка ў Філадэльфіі. Ён сказаў, што скульптура з беласнежнага мармуру дасканалая:

«Помнік жонцы, вядомай аўстрыйскай піяністцы Алене Шаф і іх памерлым дзеткам-немаўлятам з мармуру высечаны дасканала, асабліва дэталі такія, як ступня нагі, рукі. Усё, як у італійскіх майстроў.

Ужо 160 гадоў пасля смерці Алены Шаф прайшло. Часта мармур тае, як цукар, які вынеслі на вуліцы. А тут – не. Помнік выглядае так – сядзіць жанчына, трымае на руках немаўлятак.

Алена Шаф памерла пры родах. Суткі змагаліся за жыццё дактары.

Дзіўнае пачуццё агортвае, калі глядзіш на скульптуру: як гэта чалавек з-пад Мёраў за акіянам высек з мармуру такі твор мастацтва, дзе адчуваецца вялікае прафесійнае майстэрства. Скульптура вельмі гарманічная. Месца на могілках у Філадэльфіі, дзе гэтае надмагілле неяк адасобленае, як бы ўзнятае па-над абрывам. Мармуровы куб, на ім яшчэ адзін куб і напісана: Алена Шаф».

Вёска Забалоцце. Перабродскі сельсавет

Мы едзем на яго Радзіму, у Забалоцце – туды, дзе пачаўся трагічны жыццёвы сюжэт.

Ехалі праз хутар Дзедзіна. Сустрэлі жанчыну на ровары, якая сказала, што мэта нашая блізка, што памяць Дмахоўскага шануецца: ёсць у бібліятэцы невялікая экспазіцыя, прысвечаная скульптару. А склеп пад бібліятэкай адчынены, туды можна ўвайсці – гэта якраз тое, што мы хацелі пабачыць і адчуць.

Перад вёскай стэла – зверху каталіцкі крыж, пасярэдзіне капліца з постаццю Божай Маці. Адчуваецца, што раней, калі не было ні крыжа, ні капліцы, на стэле мясцілася назва калгаса – пра гэта сведчаць дзіркі ў бетоне. Літар няма. Назва знікла. Але гісторыя гаспадаркі нас не цікавіць, мы шукаем іншае.

Падʼязджаем да былой сядзібы Дмахоўскіх.

Збоку ад яе каля электрычнага слупа стаіць машына, два электрыкі – яны прыбіраюць лішнія правады. Старэйшы павучае маладзейшага, што «абразаць электрычнасць у закінутых хатах па вёсках трэба ветліва, не ўступаючы ў канфлікты з мясцовымі». Спадзяюся, што ліхтар каля сядзібы Дмахоўскага яны пакінулі – гэта ж пачатак вёскі.

На падмурку 1742 года бібліятэка – будынак з сілікатнай цэглы, які паўтарае контуры сядзібы і бялее сярод рэшткаў старасвецкага парку. Дубы. На адным – лесвіца з арматуры аж да самай вершаліны – такія прыступкі ў неба: хто зрабіў, дзеля чаго – незразумела.

Акрамя электрыкаў на вуліцы – нікога. Бібліятэка зачыненая, затое – адчынены склеп пад ёй і мы маем шанец трапіць туды, куды і хацелі.

Падмурак з валуноў, прыступкі з валуноў.

Усё захавалася. У гэты склеп мог зазіраць і нават заходзіць з маці двухгадовы Генрык Дмахоўскі. Ён страціць маці ў два гады, яна памрэ, не вытрымаўшы вялікага стрэсу – рабаўніцтва сядзібы падчас вайны 1812 года.

Халодныя муры, вільгаць, лямпа-газнічка, пастаўленая для перадачы атмасферы. Усё як было…

Падмуркі, падваліны, фундамент. Мы часта гаворым гэтыя словы ў спалучэнні са словам «культура».

«Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!» – гаварыў Максім Багдановіч пра помнікі нашай старасвецкай культуры.

Падваліны – сляды існавання мінулага жыцця, цывілізацыі, падмурак для адраджэння.

Ахвяраваў жыццём і славай дзеля свабоды

Каб не ўдзел у паўстанні і не турма, Генрык Дмахоўскі можа б і не стаў скульптарам. Яго цікавіла мастацтва, ён браў прыватныя ўрокі скульптуры ў 1825-28 гадах падчас вучобы на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта.

Майстэрства давялося развіваць у турме, дзе ён правёў ад 7 гадоў за ўдзел у паўстанні 1830 года – у 1834-м быў асуджаны і да 1841-га быў у турме Куфтайн, дзе з хлебнага мякішу рабіў фігуркі іншых вязняў. Гэтыя ўзоры турэмнага мастацтва былі перададзеныя на волю і перавезеныя ў Лондан, дзе зладзілі адмысловую выставу.

Пасля турмы паступіў у Парыжскую Школу прыгожых мастацтваў, а ў 1852 накіраваўся ў Злучаныя Штаты. Пад псеўданімам Генры Сандэрс у ЗША ажаніўся з аўстрыйскай піяністкай Аленай Шаф. Першае іх дзіця памерла, а пры нараджэнні другога сканалі і маці, і немаўляці.

Генрык Дмахоўскі слязьмі абмыў цела беднай мёртвай Алены Шаф. Так пісаў ён у лісце сябру. Яго жыццё страціла сэнс.

Каб былі жывыя дзеці і жонка, застаўся б у ЗША. Але… Чалавек, які дасягнуў поспеху ў Еўропе і ў ЗША, у 53 гады вярнуўся на Радзіму, каб змагацца за яе свабоду, быць выдадзеным сялянамі і загінуць пад Докшыцамі.

У 53 гады Генрык Дмахоўскі ўзначаліў атрад паўстанцаў, кіраўніком яго прызначыў 25 гадовы Кастусь Каліноўскі. Маладым ён здаваўся вельмі старым чалавекам. Паўстанцы сталі ахвярам даносу – здалі сяляне, якія ці то не хацелі зменаў, ці то баяліся, што іх западозраць у сімпатыях да каліноўцаў, здрадзе цару і Расейскай імперыі.

Чым кіраваліся даносчыкі? Можна толькі здагадвацца, логіка даносаў заўсёды крывая і цьмяная.

Генрык Дмахоўскі загінуў 26 траўня 1863 года каля фальварку Парэчча. Скульптар, які ахвяраваў жыццём і славай, пахаваны з двума маладымі паўстанцамі пад вёскай Бірулі.

На магілу Генрыка Дмахоўскага мы таксама зʼездзім. Ёсць шмат рэчаў, якія можна зразумець толькі патрапіўшы на месца падзей…

Паліна Качаткова, фота аўтара

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.