TOP

Максім Багдановіч быў хуліганам, а яго маці хацела кінуць сям’ю. Непарадны сямейны партрэт — праз адкрыцці апошніх гадоў

Як любому пісьменніку Максіму Багдановічу пагражаюць дзве рэчы. Першая — забыццё. Гэтая пагроза пакуль прывідная: Багдановіч агульнапрызнаны класік, яго яшчэ не паспелі выкінуць са школьнай праграмы, а зусім нядаўна адзначалі ягонае 130-годдзе. Другая пагроза больш страшная і парадаксальным чынам вынікае з вырашэння першай: калі ты класік — сцеражыся бронзы. Станеш помнікам — памрэш.

Помнік Максіму Багдановічу ў Мінску.

Як любому пісьменніку Максіму Багдановічу пагражаюць дзве рэчы.

Першая — забыццё. Гэтая пагроза пакуль прывідная: Багдановіч агульнапрызнаны класік, яго яшчэ не паспелі выкінуць са школьнай праграмы, а зусім нядаўна адзначалі ягонае 130-годдзе.

Другая пагроза больш страшная і парадаксальным чынам вынікае з вырашэння першай: калі ты класік — сцеражыся бронзы. Станеш помнікам — памрэш.

Нядаўна літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч сказаў, што Максім Багдановіч — гэта наш Цой, маючы на ўвазе, натуральна, сімвалічнае месца ў культурнай прасторы. Тут жа з’явіліся абураныя аматары паэзіі, якія захлыналіся ў гневе: як можна кагосьці параўнаць з нашым Максімам!..

Бяздумныя аматары беларушчыны гатовыя маліцца на сваіх ідалаў, і гэта не перабольшанне. Паэтка Марыя Мартысевіч падзялілася сімптаматычнай гісторыяй: “Калісьці мяне вельмі спужала кабета, якая на імпрэзе ў Музеі Багдановіча сказала, што шчыруе для кананізацыі Багдановіча пад іменем Максім Кніжнік, каб мець поўнае маральнае права яму маліцца”.

У такіх варунках бачыцца неабходным звярнуцца да знаходак, якія супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча прадставілі ў апошнія гады.

Не факт, што Максім нарадзіўся 9 снежня

Гэтае свята заўжды з намі вось ужо век, ажно з 1920-х гадоў, а крыніцай інфармацыі стаўся чалавек, здавалася б, самы надзейны — бацька паэта Адам Ягоравіч Багдановіч. Ён пісаў, што нарадзіўся Максім 27 лістапада (па старым стылі) 1891 года. Называе таксама час — дзявятая гадзіна вечара.

“Немного причинил он страданий своей матери, не в пример старшему брату. Дело было вечером. Я давал уроки в еврейском ремесленном училище, куда приехали за мной. Тогда я приехал с акушеркой, прихватив ее по пути, не прошло и получаса, как недовольный крик новоявленного человечка радостно отдался в моем сердце и искаженное лицо матери стало обычным и осветилось счастливой улыбкой.

Ребенок был здоровый, хорошо сложенный, 9 фунтов весом. Довольно-таки капризный и претенциозный: он иначе не засыпал, как под укачивание на руках, а вскоре стал требовать, чтобы с ним подплясывали, унашивая, — и бедная мать изнемогала (да, впрочем, и отец, — нечего греха таить) от этой его ранней склонности к ритму. Довольно-таки долго продолжалась эта пляска под припевом”.

Але з лістоў таго ж Адама Ягоравіча мы даведваемся, што першыя гады жыцця Максіма свята адзначалі 10 снежня (28 лістапада па ст.ст). Чаму — застаецца загадкай.

Бацька Максіма не быў летуценным фалькларыстам

У маладосці, яшчэ да нараджэння Максіма, Адам Ягоравіч уваходзіў у склад рэвалюцыйнай арганізацыі “Народная Воля”. Ён перахоўваў дома нелегальную літаратуру і нават быў “старшым па групе”.

Аднак рэвалюцыйнасць Адама не была ўзорнай, і аднойчы, баючыся паліцэйскага пераследу, ён угаварыў сябра Яўсея Белаха ўтапіць падпольную тыпаграфію. Тыпаграфію сабраў Яўсей: працуючы рэпарцёрам у газеце “Мінскі Лісток”, паціху выносіў шрыфт, хаваў яго пад матрацам, а калі сабралі камплект, перадаў Багдановічу.

Тыпаграфію тапілі ўдваіх, прычым пазней не маглі сысціся ў меркаванні, дзе тое было: адзін казаў, што ў Свіслачы, другі — што ў запрудзе каля яе. Пасварыліся яны і ў час патаплення, седзячы ў чоўне: Белах казаў, што тапіць трэба так, каб пазней выцягнуць,  Багдановіч —што тапіць трэба з канцамі.

У 1965 годзе знайшоўся сведка, які ў 1930-я назіраў, як асушвалі запруду ў цэнтры горада; на ейнай плошчы пажарныя знайшлі груду шрыфта і доўга дзівіліся, адкуль ён узяўся.

Маці Багдановіча Марыя хацела кінуць сям’ю

Нечаканае адкрыццё прыйшло да нас з ліста даўняй знаёмай бацькі Максіма Соф’і Эрнэстаўны Арнольдавай да сваячкі Багдановічаў.

Соф’я Арнольдава кажа, што мама Максіма Марыя “в периоды семейных неполадок неоднократно порывалась бросить семью. Я уже служила, когда она обращалась ко мне с младенческими просьбами прислать ей 25 р., чтобы уйти от Адама Егоровича. Я отчетливо помню свои письма к ней, в которых я доказывала некчёмность её чрезмерного самолюбия и излишней обидчивости на сдержанность выражений Адама Егоровича”.

Прычыну “заганаў” Марыі суровая аўтарка ліста бачыла ў благім выхаванні, атрыманым дзяўчынай у прытулку (маці аддала яе і сястру праз праблемы са сродкамі пасля смерці айца сямейства). “Во 1-х было беспорядочное чтение всяких романов, которые дали Марильке нездоровое направление. Будучи в приюте она уже курила. Читать она очень любила. Положением своим она очень тяготилась и всегда жаловалась. Та же Надежда Александровна помогла ей получить стипендию и поступить в учительскую семинарию, которая тоже не удовлетворила. С места она, что называется сбежала совершенно не имея средств. Надежда Александровна ей помогала, хотя у самой ничего не было. Марилька писала письма с просьбой о помощи. Пробывши год бросила семинарию не держа экзаменов, увлекшись Адамом Егоровичем”.

Што асабліва цікава, мы не ведаем, ці нарадзіўся на час няўдалых уцёкаў Марыі Максім. Калі гэта быў самы пачатак шлюбу, выходзіць, што 25 рублёў, у якіх Марыі адмовілі, перадвызначылі лёс беларускай літаратуры: будзь патранэса больш літасцівай (ці шчодрай), паэт так і не з’явіўся б на свет.

Максім быў хуліганам і любіў нясціплыя жарты

Са школьнай парты мы памятаем Багдановіча як сумнага сухотніка, які не самотны толькі таму, што “кнігу мае”. Як вы разумееце, гэты пакутніцкі вобраз мае мала агульнага з існым станам рэчаў.

Ужо ў дзяцінстве Максім выявіў хуліганскія схільнасці. Сябар сям’і апісвае яго як “подвижного легкомысленного», а таксама што «карапуз Максимка за спиной отца всегда готов что нибудь выкинуть — дать незаметно тумака встречному парнишке, бросить камушком в воробья…”.

Падлеткам Максім падымаў лакальныя бунты. У 13 гадоў у Ніжагародскай гімназіі ўдзельнічаў у вучнёўскіх хваляваннях (рэвалюцыя 1905-1907 гадоў), іншым разам узарваў з сябрам самаробную бомбу ў школьнай грубцы (ніхто не пацярпеў, акрамя рэпутацыі Максіма).

Пасля пераводу Адама Ягоравіча ў Яраслаўль мусілі перавесці ў мясцовую гімназію яго сыноў. Напачатку дырэктар сказаў, што месцы знойдуцца, але атрымаўшы характарыстыкі на іх, запанікаваў: “…откровенно заявлял, что он боится, что мои дети внесут с собой «дух Нижегородской гимназии».

Максім увогуле кепска вучыўся, быў няўважлівы, размаўляў у класе, чытаў кніжкі, мог проста пайсці з заняткаў. Як на зло, на новым месцы працаваў псіхічна няўстойлівы выкладчык па прозвішчы Спаскі. Ён выставіў Максіма за дзверы.

“Так как все ученики тяготились грубыми или нелепыми выходками Спасского (вроде выкриков: «Вы хотите меня убить!»), то решено было в виде протеста против последней выходки забастовать целым классом. Максим советовал предварительно объясниться с директором и заявить ему жалобу на грубость и нелепые выходки преподавателя. Была выбрана депутация из 6 человек во главе с Максимом”.

Да ўсяго, сяброўка дзіцячых гадоў згадвала, што з Максімам ніхто не хацеў гуляць – ён быў “неотвожа, крысья рожа”, гэта значыць, не хацеў вадзіць у гульні, калі даходзіла ягоная чарга; агулам быў схільны да махлярства.

Бойкі характар Максіма выявіўся і ў паэтычнай плоскасці: захаваліся ягоныя прысвячэнні-жарты стрыечнай сястры Нюце Гапановіч, прычым такога характару, што лепей іх не бачыць адэптам сакралізацыі “страцім-лебедзя”.

На гэтым спынімся, хаця адкрыццяў супрацоўнікі музея Багдановіча зрабілі многа больш. Так, з’явілася яшчэ адна версія наконт таго, як выглядала замужняя каханка паэта Клаўдзія Салтыкова (іх раман разгарэўся ў 1915 годзе ў Крыме).

Знойдзеныя 11 невядомых тэкстаў Максіма Багдановіча — апошні раз такое здаралася 30 гадоў таму.

І да ўсяго раім кнігу “Максім Багдановіч” з серыі ЖЗЛБ: неацэнная праца супрацоўнікаў музея — ніводнай прыдумкі, ніякіх рамантызацый, толькі першакрыніцы і цытаты.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.