TOP

“Я напісаў у адміністрацыю аж два лісты: бяда, Аляксандр Рыгоравіч!”

Сучасная беларуская “ідэалогія” вельмі падобная да палітыкі селяніна-хітруна: сёння вецер дзьме ў адзін бок – ён туды і хіліцца, заўтра падуе ў другім накірунку – ён за ім.

Изображение: Депозитфото

12-13 красавіка кіраўнік дзжяржавы пабываў на касмадроме “Усходні”, дзе разам з Пуціным хваліўся поспехамі касманаўтыкі ды пагражаў Захаду. А тым жа часам міністр замежных спраў звярнуўся да да Брусэля з прапановай: давайце жыць дружна…

Неспрактыкаванае ў беларускіх рэаліях вока адразу заўважыць супярэчнасць. А вось ветэраны беларускай палітыкі не бачаць ніякіх “але”.

Паразважалі на гэтую тэму з філосафам, грамадскім дзеячам Анатолем Ляўковічам.

– Хітрая візантыйская дыпламатыя: левай рукой адное раблю, а правай – іншае. На Захад закінуты пробны шарык: лепш на вашай мяжы я, чым Расія – гэта цалкам упісваецца ў традыцыі дыпламатыі афицыйнага Мінска. Яму зноў хочацца вярнуцца на звыклыя арэлі: Усходу пагражаць Захадам, а  Захаду – Усходам. Нічога новага.

Але радыкальна змянілася сітуацыя: і ў Беларусі, і вакол яе. Як жа пазбавіцца ад цяжару грахоў, назапашаных за апошнія два гады?

– Як пазбавіцца? Дык сэнс гэтага пісьма з МЗС які? Калі зробіце крокі насустрач (прызнаеце легітымнасць, знімеце санкцыі ці яшчэ нешта), то мы адкажам узаемнасцю. Звычайны гандаль – беларускі рэжым заўсёды так гандляваў. Сапраўды, хоць знаходзімся зараз у новым часе, у новай прасторы, а ўся тактыка манёўраў, хітрыкаў застаецца старой. Няма сучаснай мэтанакіраванай палітыкі і стратэгіі развіцця.

Хіба сфармавалі за тры дзесяцігоддзі вобраз Беларусі, яе мэты, задачы? Мы што ўрэшце будуем?

У Расіі ўвогуле афіцыйна няма ніякай ідэалогіі – тое забаронена Канстытуцыяй. Шырма. Хітрыкі. Бо хоць ідэалогію можна забараняць ці дазваляць, але няма ў свеце дзяржаў без яе. Іншае пытанне – наколькі яна распрацаваная ў кожным канкрэтным выпадку?

Я да чаго вяду? А ў нас нічога гэтага няма! Ды што там я кажу – тое самае і Лукашэнка прызнае.

Ідэалогія – гэта сістэма. Калі яна авалодвае масамі, то становіцца, як казаў Маркс, сілай.

– А можаце канкрэтызаваць, што вы маеце на ўвазе, калі гаворыце пра “сістэму”?

– У дадзеным выпадку гэта нейкі вобраз краіны, якую мы хочам будаваць. Які вобраз меў Савецкі Саюз? Чым падахвочваў народ? Да чаго заклікаў? Вось спрошчаная формула: “Мы з вамі будуем сацыялізм!”

– І хіба толькі СССР кіраваўся тады ёй?

– Так, на гэтую савецкую ідэалогію арыентаваліся многія ў свеце, прычым людзі высокай светапогляднай культуры: пісьменнікі, дзеячы культуры, навукі. Бо – прывабная ідэя! Кітай жа па сёння не адмовіўся ад той мэты, няважна, што буржуіны там “правяць баль”. У выніку ёсць і натхняльная перспектыва для ўнутранай мабілізацыі краіны, і прывабны вобраз на знешняй арэне.

– А ў Беларусі няма такога вось свайго, гадамі незалежнасці выпрацаванага ідэалагічнага вектара?

– Наша “ідэалогія” вельмі падобная да палітыккі селяніна-хітруна: сёння вецер дзьме ў адзін бок – ён туды і хіліцца, заўтра падуе ў другім накірунку – ён за ім. На ўзровень дзяржавы выведзена палітыка-флюгер.

– У чым тут справа?

– Бо светапогляд не вызначаны: у нас няма дакладнай ідэалогіі. І ў Расіі яе няма. Адсюль і такая палітыка. Так працуе сялянскі розум – не філосафы ж у нас на чале дзяржавы, не Платоны з Сакратамі…

Так, селянін на сваім падвор’і мусіць падладжвацца пад вецер, толькі ж краіна – не асабістая гаспадарка, не чыйсці падворак.

Амаль за 30 гадоў незалежнасці Беларусі я як філосаф не зразумеў: што ў нас хочуць пабудаваць?

Без усялякіх там хітрыкаў, шчыра веру, што імкнуцца да нечага харошага, ніхто з кіраўнікоў не кажа: я за тое, каб краіна была хворая і бедная… Усе за здаровую і багатую, паважаную ў свеце дзяржаву! І нязменны яе кіраўнік так гаворыць, і як можа, так і стараецца: там ушчыпнуць, адтуль узяць, туды прадаць… Пакойны Карпенка калісьці казаў: ніхто не падоіць Расію так, як Лукашэнка.

– Вы кажаце, што ідэалогіі няма, аднак маем цэлую армію ідэолагаў, якая спраўна атрымлівае немаленькі заробак! Дзе ж тут тое гаспадарчае дбанне ў імя заможнай краіны?

– Я напісаў два лісты Лукашэнку, але ж мяне ён не слухае, то можа спецслужбы дакладуць: самае слабое звяно – яго прапагандысты.

Асабліва на месцах: там на пасаду ідэолагаў прызначаюцца па крытэры “сваякі-блізкія-давераныя”; чым глыбей у правінцыю – тым мацнейшая гэтая звязка.

На ідэолагаў садзяць не самых лепшых учорашніх студэнтаў, не пяцёрачнікаў, а зусім недалёкіх, напрыклад, дачку нейкага начальніка, бо яна жыве там. А затым кабета сама сябе вешае на дошку гонару: у яе разуменне сітуацыі ёсць? Ты ж сядзіш на пасадзе, каб іншых хваліць, іншых адзначаць!

Але вось так…

І таму мы – вось тут. І з вось гэтым сваім жыццём…

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.