TOP

Грузія абмяжуецца толькі гучным пратэстам – на большае ў яе няма ні дзейсных інструментаў, ні палітычнай волі

Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі – пра перамовы Лукашэнкі з Пуціным, неаб’яўлены візіт у Абхазію і пра наступствы гэтай паездкі для беларуска-грузінскіх стасункаў.

– Няма сумневаў, што візіт у Сочы тычыўся магчымых формаў удзелу рэжыма ў вайне. Асноўнымі тэмамі былі, хутчэй за ўсё, афіцыйнае прызнанне Абхазіі і Асетыі (незалежнымі), а таксама Крыма і новых «рэспублік» на акупаваных тэрыторыях – часткай Расіі.

Іншая імаверная тэма – удзел беларускіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях і пераарыентацыя беларускага ваенна-прамысловага комплекса на абслугоўванне пуцінскай вайны. (Гэта – дапушчэнні, якія фармулюю на базе аналізу сітуацыі, ясна, што няма магчымасці падстлухаць, што ў вузкім коле два аўтакраты абмяркоўвалі).

– Далей беларускі кіраўнік наведаў Абхазію, прызнання якой унікаў 14 гадоў. Што азначае гэта?

– Я перакананы, што гэта кампрамісны максімум, на які пагадзіўся Лукашэнка. Я амаль упэўнены, што Пуцін патрабаваў нашмат больш і што адным з патрабаванняў было прызнанне «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны. Пакуль што, канешне, рана казаць, але сумняюся, што ягоны мінскі суразмоўца выканае патрабаванне па афіцыйным прызнанні. Паездка ў Абхазію – гэта, хутчэй за ўсё, саступка ў адказ на больш фундаментальныя патрабаванні.

– Якімі палітычнымі і геапалітычнымі наступствамі пагражае гэтая паездка Беларусі?

– Кейс на дзень-паўтара выкліча рэзананс, а пазней згубіцца з медыйнай і дыпламатычнай прасторы. То бок, ніякіх кардынальных наступстваў тут не будзе. Праз свае каналы – афіцыйныя ці неафіцыйныя – у кантактах з грузінамі рэжым прыпаднясе гэта ў стылі: «Ну, Лукашэнка ў рамках старых добрых знаёмстваў неафіцыйна праведаў краіну, давайце не рабіць з гэтага праблемы»…

У Грузіі няма ні дзейсных інструментаў, ні палітычнай волі, каб пакараць беларускі рэжым чымсьці адчувальным. Таму, мяркую, Грузія абмяжуецца гучным пратэстам (ужо гэта зрабіла) і, магчыма, праз неафіцыйныя каналы настойліва папросіць больш гэтага не рабіць.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.