TOP

Барыс Гарэцкі: Поспех тутбаеўцаў выклікаў вялікую зайздрасць уладаў і расправу

9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы супраць тутбаеўцаў - кіраўнікоў найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу, створанага Юрыем Зісерам . Судовы працэс ад самага пачатку зрабілі закрытым.

На лаўцы падсудных — галоўная рэдактарка Марына Золатава і былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна; Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнцы раней змянілі меру стрымання, цяпер яны знаходзяцца за мяжой.

Людмілу Чэкіну абвінавачваюць па трох артыкулах КК Беларусі:

— ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;

— ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб або выклікаўшых цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;

— ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Марыну Золатаву таксама абвінавачваюць па трох артыкулах:

— ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) — да сямі гадоў пазбаўлення волі;

— ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб або выклікаўшых цяжкія наступствы) — да 12 гадоў пазбаўлення волі;

— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Пагром партала адбыўся раніцай 18 мая 2021 года. У той дзень затрымалі 15 чалавек: з вобшукам прыйшлі у рэдакцыю і дадому да некаторых супрацоўнікаў. Цягам года большасць выпусцілі, у СІЗА засталіся толькі Марына Золатава і Людміла Чэкіна.

18 траўня 2021 года партал быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі, а ўжо 13 жніўня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў рэсурс экстрэмісцкім, пасля чаго за распаўсюджванне любых яго матэрыялаў грамадзяне краіны могуць панесці адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу або канфіскацыі зброі правапарушэння.

З 8 ліпеня 2021 года частка былой каманды за межамі Беларусі працягнула сваю працу ў выглядзе новай медыяплатформы — Zerkalo.io.

Ці выдзяляецца гэтая “справа” сярод іншых? Ці ўдалося беларускаму рэжыму зачысціць інфармацыйную прастору ад незалежных медыя?

Пагаварылі з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барысам Гарэцкім.

— Чым адрозніваецца цэперашні працэс ад папярэдніх?

— Абсалютная большасць працэсаў над журналістамі і рэдакцыямі – гэта расправы, гэта пакаранне журналістаў за якасную ды прынцыповую працу і застрашванне ўсіх тых, хто яшчэ не здаецца і застаўся ў прафесіі.

Сёння мы назіраем ўсё тое саме, хіба што размова пра буйнейшы інфармацыйны партал Беларусі. Прычым нават не буйнейшы незалежны, а буйнейшы ў краіне, які Юрый Зісер ствараў з 2000 года: па статыстыцы, у красавіку 2021 года сайт налічваў 3,303 мільёна ўнікальных наведвальнікаў і меў ахоп 62,58% аўдыторыі. Але аўдыторыя партала – гэта не нейкая абстрактная велічыня, яна складалася гадамі і дзесяцігоддзямі дзякуючы штодзённай і напружанай працы рэдакцыйнага калектыву. Поспех пвыклікаў вялікую зайздрасць уладаў і адпаведна — расправу.

— Першая масавая блакіроўка незалежных мас-медыя ў Беларусі адбылася ў жніўні 2020-га. Што за мінулыя гады рэжым зрабіў з недзяржаўнай журналістыкай?

— Практычна ўсе медыя нацыянальнага ўзроўню ўнутры Беларусі ўлада знішчыла. Рэдакцыі мусілі рэлакавацца і працаваць за мяжой.

29 выданняў прызнаныя экстрэмісцімі, з іх 9 – экстрэмісцкімі фармаваннямі; заблакаваныя больш за сто медыя і грамадска-палітычных сайтаў. Прайшлі 21 вобыск, ці пагром, у рэдакцыях незалежных СМІ, 13 незалежных выданняў спынілі выпуск папяровай версіі.

На лета мінулага года былі ўзбуджаныя 8 крымінальных спраў супраць цэлых рэдакцый. То бок, абвінавачанні выстаўляліся не асобам, а цэлым калектывам.

Ды што тут казаць: літаральна за апошні месяц мінулага года Мінінфарм скараціў колькасць недзяржаўных выданняў адразу на 200 з гакам.

Сённяшні суд выглядае як кантрольны стрэл у галаву незалежным СМІ. Тэрыторыю Беларусі сапраўды зачысцілі ад “экстрэмістаў”, але ці ўдалося знішчыць незалежную журналістыку?

— Не пагаджуся з вызначэннем кантрольны стрэл: толькі распачаты працэс працэс над – адзін з нямногіх у аналагічным шэрагу. Літаральна днямі Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуды раней абвінавачанымжурналістам: так, Андрэй Аляксандраў асуджаны на 14 гадоў калоніі,  Ірына Злобіна — на 9, Дзмітрый Наважылаў — на 6 гадоў калоніі, Ірына Леўшына — на 4 гады калоніі; на 16 студзеня перанесены судовы працэс над Андрэем Пачобутам: спачатку хацелі судзіць 28 лістапада, затым – 9 студзеня, а ў выніку — на 16-е.

Я не сумняваюся, што нашым калегам дадуць вялізныя тэрміны зняволення: у абвінавачаннях і ў Чэкінай, і ў Золатавай фігуруе артыкул 130 КК, санкцыя якога прадугледжвае да 12 гадоў зняволення.

Рэпрэсіі працягваюцца, прычым яны не зніжаюцца, а толькі нарастаюць.

Аднак большасць незалежных медыя здолела перазапусціць свае праекты, аўдыторыя многіх з іх не памяншаецца, а наадварот, расце, медыя за мяжой актыўна прымяняць новыя формы працы. І самае галоўнае, што за гэты час з’явіліся новыя праекты: напрыклад, МОСТ-медыя, які вельмі хутка адзначыць гадавіну свайго заснавання, у Гомелі  адразу два незалежных выданні: сайт Флагшток і рэгіянальны рэсурс Штодзень.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.