TOP

Кіеў не даруе Мінску, але пазбягае адкрыцця другога фронту

У сацыяльных сетках не заціхаюць страсці вакол апошняга санкцыйнага пакета Еўрасаюза, куды Беларусь спачатку ўключалі, а затым выкраслілі.

Нагодай стала паведамленне, што адной з прычын гэтага была просьба Украіны. І хоць афіцыйны Кіеў вуснамі МЗС абверг сваю дачынасць да туманнай гісторыі, асадачак застаўся.

Канспіралагічныя версіі пра тайную змову Кіева і Мінска запоўнілі сацыяльныя сеткі.

Ці магла Украіна ў прынцыпе ініцыяваць неўключэнне Беларусі ў санкцыйны пакет? Ці гатовая Украіна дараваць Мінску ўдзел у вайне? Чаму Уладзімір Зяленскі дагэтуль не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай?

Пагаварылі з прадстаўніком па замежных справах пераходнага кабінета Валерыем Кавалеўскім.

– Краіны Еўрасаюза салідарныя ў тым, што Лукашэнка не мяняецца, рэпрэсіі працягваюцца, роля Беларусі ў вайне відавочная, таму патрэбна працягваць ціск.

Раам з тым маецца інфармацыя, што Украіна займае асобную пазіцыю па гэтым пытанні. Але ж трэба ўлічваць і заяву МЗС Украіны, якое заявіла, што не мае дачынення да гісторыі з санкцыйным спісам.

Для нас важна разуменне таго, што Украіна вядзе вельмі цяжкую вайну супраць Расіі, і ёй ні ў якім разе нельга дапускаць адкрыцця другога фронту – новага ўварвання расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Тым больш у сітуацыі, калі існуе верагоднасць, што да іх могуць далучыцца і беларускія войскі.

Разам з тым днямі кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла пра неабходнасць увядзення супраць беларускага рэжыму новых санкцый. Думаю, шансы на гэта досыць высокія, бо рэпрэсіі працягваюцца, ідзе агрэсія супраць Украіны.

Калі дапусціць, што менавіта па просьбе Украіны афіцыйны Мінск не ўключаны ў санкцыйны спіс, то ці не азначае гэта, што Беларусь ужо не ўспрымаецца як суагрэсар вайны?

– Ні ў якім разе. Ніхто нічога не збіраецца дараваць. Ва Украіне ўсе добра разумеюць, хто на чыім баку. Няма ніякіх падазрэнняў на тое, што ўкраінцы (я гавару не толькі пра ўкраінскую ўладу, але і пра ўкраінскае грамадства) згодныя залыцца на тое, што адбываецца..

Вельмі падобна, што Кіеў выбраў сваю мадэль адносінаў з Мінскам: сустракайся з усімі, але дамаўляйся з мацнейшым?

– Ведаеце, палітыкі, дзяржаўныя структуры мусяць весці дыялог з рознымі палітычнымі сіламі. Тое ж самае мы робім у іншых краінах: сустракаемся і з кіроўнымі партыямі, і з кіраўнікамі дзяржаў, і з апазіцыйнымі структурамі. Для нас, краіны ў крызісе, вельмі важна знаходзіць максімальную падтрымку, для нас вельмі важна шукаць яе ў самых розных палітычных сіл. І ў гэтым сэнсе мы не кіруемся логікай – выбіраць мацнейшага ці нейкім чынам падзяляць палітычнае поле; наадварот, мы спрабуем кансалідаваць палітычныя сілы, калі гаворка ідзе пра падтрымку Беларусі, пра нашыя намаганні абараніць дэмакратыю і незалежнасць Беларусі.

Я думаю, што ўкраінцы зараз кіруюцца аналагічнымі меркаванямі. Яны размаўляюць з людзьмі, здольнымі дапамагчы ім у вайне, і ацэньваюць, якую рэальную дапамогу могуць прынесці ім розныя палітычныя сілы. Але я не бачу тут нейкіх спробаў падзяляць ці выдзяляць мацнейшых: яны просяць і атрымліваюць дапамогу ад усіх, хто здольны яе даць.

Чаму ж тады дагэтуль не сустрэліся са Святланай Ціханоўскай? І ці можа такая сустрэча адбыцца ў бліжэйшай будучыні?

– Безмоўна, такія надзеі ёсць. Падобныя кантакты ў інтарэсах абедзвюх краінаў, абодвух народаў. Сустрэча Зяленскага і Ціханоўскай – з аднаго боку, кульмінацыя парцэсу, з другога – пачатак новых адносінаў, пачатак будаўніцтва партнёрскіх адносінаў паміж Украінай і Беларуссю. Мы ў гэта верым.

Так, я веру, што сустрэча абавязкова адбудзецца. Але павінен прайсці адпаведны час, нам неабходна палепшыць сваю працу і паказаць, што можам зрабіць больш, вырашаць практычныя пытанні і дапамагаць Украіне яшчэ больш. Я лічу, што мы моцна дапамагаем (кажу не толькі пра палітычныя сілы, але і пра грамадзянскую супольнасць, пра звычайных беларусаў.

Чаму сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай не адбылася дагэтуль? Украінскія ўлады паводзяць сябе вельмі асцярожна, каб не справакаваць адкрыццё другога фронта. Да гэтай пазіцыі мы можам ставіцца па-рознаму, бо Мінск зробіць усё, што б ні загадаў Крэмль. Новае ўварванне ва Украіне не адбылося не таму, што паміж Кіевам і і беларускай апазіцыяй прысутнічаюць або адсутнічаюць палітычныя кантакты, а выключна таму, што адпаведны крамлёўскі загад дагэтуль Мінску не паступіў. Як толькі паступіць – усё выканае, безадносна да таго, сустракаўся Зяленскі з Ціханоўскай ці не.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.