TOP

“Беларускія крэветкі” ў выкананні Мінска і Пекіна

Беларусь не пайшла шляхам дракона за кошт кітайскіх грошай. Ні ў эканамічным, ні ў палітычным плане Кітай не заменіць Расію.

28 лютага — 2 сакавіка Лукашэнка здзейсніў дзяржаўны візіт у Кітай. Яго прыняў старшыня КНР Сі Цзіньпін, сустрэўся з прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам, з кіраўніцтвам некаторых кітайскіх карпарацыяй.

Афіцыйная прапаганда трубіць пра “новую эпоху” ва ўзаемаадносінах Беларусі і Кітая, а вартасць падпісанага пакета дакументаў ацэньваецца ў 3,5 мільярда долараў. Уражанне такое, што Лукашэнка, а разам з ім і Беларусь, апынуліся ледзь не за пазухай бога.

Што насамрэч прывёз Лукашэнка з Пекіна? Разбіраліся з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам.

-Якія задачы вырашыў Лукашэнка сваім візітам у Пекін?

-Новая эпоха ці не новая – вяліка епытанне. Але пасля 2020 года Лукашэнка сустракаўся выключна з Пуціным; часам да яго прыедзе кіраўнік самаабвешчанай Абхазіі ці сам паедзе ў Таджыкістан або ў Зімбабвэ. Лукашэнка знаходзіўся ў міжнароднай ізаляцыі. А Пекін усё-такі другая сталіца свету – па эканамічный і палітычнай магутнасці другая дзяржава свету.

Візіт афіцыйны, Лукашэнку запрасілі ў Кітай – безумоўна, гэта важна для Беларусі, для Захаду, для Расіі гэта таксама сігнал, што свет клінам на ёй адной не сышоўся. Так што ў палітычным плане гэта безумоўна поспех, што тут гаварыць.

Эканамічны эфект цяжка ацэньваць. 3,5 мільярда долараў падпісалі, але старажылы прыгадваюць, што падпісвалі і на большае: і на 7 мільярдаў, і на 15 мільярдаў. Але ад тых мільярдаў (не будзем высвятляць, абяцаных ці дадзеных) беларуская эканоміка не надта расквітнела: паведамляецца, што і з “Вялікім камнем” не ўсё так проста, дый з усімі шматмільярднымі кітайскімі інвестыцыямі велізарнага скача беларуская эканоміка не зрабіла.

Я даю асцярожную ацэнку, не кажу, што ніякага толку не выйшла, можа, эфект і ёсць, веру нават, што эфект атрымаўся. Але навошта такое раздзьмуванне шчок? Шляхам дракона, як калісьці пісаў спадар Цапкала, Беларусь дакладна не пайшла за кошт кітайскіх грошай.

Так, палітычны вынік ёсць, але з эканамічнага пункту гледжання, згодна з трэндам, цяжка чакаць нейкага прарыву.

-Існуе версія, што Лукашэнка спадзяваўся знайсці ў асобе Кітая новага “саюзніка” – заместа саслабелай Расіі, якія збіраецца паглынуць Беларусь да 2030 года і церпіць няўдачы на вайне. Ці стане Кітай процівагай Расіі?

-Хутчэй, не. Да 2020 года 60% усяго таваразвароту Беларусі прыпадаў на Расію, а тарговы абарот з Кітаем складаў прыкладна столькі, як і абарот з Украінай. Вось толькі з Украінай Беларусь мела станоўчае сальда (прадавала больш, чым купляла), а з Кітаем адмоўнае. Па вялікім рахунку Кітай быў другой Украінай з эканамічнага пункту гледжання.

Калі зараз тарговы абарот Беларусі з Расеяй – 70% ад усяго беларускага гандлю з усім светам, то другіх 70% проста няма! Так што казаць, нібыта Кітай зойме месца Расіі, ніяк не выпадае. Прынамсі эканамічна.

У палітычным плане, думаю, Кітай таксама не заменіць Расію – надта ж далёка знаходзіцца. Каб прадэманстраваць Расіі, што не адна яна ёсць у Беларусі, – гэта адно, але вельмі моцна пасягаць на інтарэсы Расіі ў Беларусі Кітай не будзе, прынамсі пакуль.

Вы кажаце пра саслабелую Расію, але яна яшчэ не прайграла вайну. Вось калі прайграе – тады магчыма. Хаця Кітай надта далёка, у яго свае расклады. Але тое, як Лукашэнка рассыпаўся ўсходняй лесцю на адрас кітайскіх кіраўнікоў, безумоўна, у Кітаі заўважаць, таму кітайскі цвік можа спрацаваць. Калі-небудзь. Але казаць вось зараз, што стаўка на Кітай – сур’ёзная гульня, альтэрнатыва Расіі, не зусім сур’ёзна. Нават калі браць толькі вайсковы аспект – у Беларусі стаяць расійскія войскі, трэніруюцца тут, з яе тэрыторыі вядуць баявыя дзеянні, ездзяць туды-сюды. І ніводнага кітайскага салдата тут, і не з’явяцца яны ў агляднай будучыні. Памятаю, некалькі гадоў таму крычалі, што ў Беларусь завязуць 600 тысяч кітайцаў – дык дзе тыя кітайцы?

Кітай і зараз адыгрывае важную ролю ў сусветнай палітыцы, і надалей будзе адыгрываць. Таму мець добрыя адносіны з Кітаем – не самая дурная стратэгія. Толькі яна далёкасяжная, разлічаная на далёкую перспектыву. Заходнія кампаніі вельмі часта адкрываюць у Беларусі маленечкія прадстаўніцтвы – па пару чалавек; яны нічога не прадаюць, яны чакаюць, вывучаюць рынак. Кітай можа зрабіць сіметрычны крок. Заляцанні Лукашэнкі могуць калісьці спрацаваць, калісьці. Калі-небудзь, але не зараз. Памятаеце нядаўнія шчыраванні Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі пра пасланне, якое яму прывозілі Болтан і Пампео? Не лезь у Кітай. А ён лезе – з разлікам у далейшым праканвертаваць сваю гатоўнасць крышачку адступіцца – гэта таксама чагосьці каштуе.

Іншая справа, што не ўсім гэта спадабаецца, той жа Расіі, напрыклад, ды і Захаду, асабліва Злучаным Штатам.

-Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што дасягнутыя ў Пекіне дамоўленасці могуць дапамагчы Расіі ўхіляцца ад заходніх санкцый праз Беларусь. Гаворка ідзе пра тое, што праз Беларусь пойдзе кітайская дапамога Расіі на працяг вайны?

-Ёсць некалькі момантаў. І Расія, і Беларусь знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Але санкцыі ў адносінах да Беларусі сапраўды слабейшыя. Кітай ніякіх суверэннях санкцый супраць абедзвюх краін не ўводзіў. Другасныя санкцыі, то бок санкцыі супраць тых краін, якія дзейнічаюць супраць заходніх санкцый, супраць Кітая не ўведзеныя, хаця супраць некаторых кітайскіх кампаній ужо ўводзяць. Але поўны механізм ужывання другасных санкцый супраць Кітая яшчэ не ўведзены.

Возьмем адпрацаваны механізм абыходу санкцый, які самі рускія называлі “беларускія крэветкі”. Калі Расія увяла эмбарга на імпарт заходняга харчавання, завозіліся еўрапейскія крэветкі ў Беларусь, перабівалася этыкетка, ці то адразалі галаву, ці наадварот, прышывалі галаву гэтай крэветцы – і на блакітным воку прадавалася ў Расію “беларуская крэветка”. У тым выпадку гэтая схема выкарыстоўвалася, каб абыходзіць санкцыі, якія Расія наклала на заходні імпарт харчаваньня.

Тэарэтычна кажучы, існуючы люфт санкцый наўрад ці дазволіць пастаўляць кітайскае ўзбраенне ў Расію праз Беларусь. Умоўна кажучы, калі ўведзеныя заходнія санкцыі на продаж зброі Расіі, напрыклад, на беспілотнікі, то прадаць беспілотнікі Беларусі, якая затым прадасць іх Расіі, не атрымаецца. За продаж баявога беспілотніка Беларусі Кітаю будзе так жа кепска, як і за продаж беспілотніка Расіі.

Але ёсць так званыя тэхналогіі двайнога прызначэння. Возьмем прадукцыю радыёэлектронікі, якую можна прадаваць у Беларусь. А Беларусь перакруціць вінцік – атрымаецца “беларуская крэветка”. Я думаю, што такія шэрыя-паўшэрыя схемы, тавары, якія могуць выкарыстоўвацца і ў ваенных мэтах, і ў грамадзянскіх – так званыя тавары двайнога прызначэння, Беларусь можа ўзяць на ўзбраенне. Толькі гэта вельмі цьмяная матэрыя, калі пра такія махінацыі нехта і даведаецца, то гэта будзе разведка, а не журналісты.

Цяжка прагназаваць, наколькі шырока гэтыя шэрыя схемы будуць ажыццяўляцца праз Беларусь, не выключаю, што існуюць і іншыя шэрыя маршруты. Але той факт, што санкцыйная столя для Беларусі ніжэйшыя, што механізма другасных санкцый супраць Кітая няма, а аперацыя “беларуская крэветка” ўжо адпрацаваная – усё гэта паказвае, што беларускі калідор хутчэй за ўсё ёсць. У тым ліку і па экспарту ваенных тэхналогій і узбраенняў праз Беларусь.

-Як можа паўплываць кітайскі візіт на адносіны Украіны з афіцыйным Мінскам? Вельмі падобна да таго, што Кіеў зрабіў стаўку на непублічныя стасункі з Беларуссю ў асобе Лукашэнкі…

-Ведаеце, хутчэй палепшыць. Не скажу, што кардынальна, але стратэгіяная мэта Украіны – каб у Беларусі было як мага болей альтэрнатываў Крамлю. Хай Лукашэнка арыентуецца на каго заўгодна – на Захад, на Кітай, на пінгвінаў у Антарктыдзе ці нават на марсіян – абы не на Расію. Украінцы глядзяць так: усё, што аддаляе, замяняе, замяячае расійскі ўплыў у Беларусі, — усё добра. Я казаў пра 70% тавараабароту. Нават калі з 70% на Расію будзе прыпадаць 60%, а на долю Кітая – 10%, то ўкраінцы асабліва радавацца не будуць, але прымуць, бо гэта лепш, чым 80% тавараабароту з Расіяй.

Зразумела, што такая пазіцыя іграе на руку аўтарытарызму, але ўкраінцаў не асабліва хвалюе гэты сюжэт. Таму калі абмяркоўваецца пытанне пра сустрэчу з Ціханоўскай, то яны найперш глядзяць на яе пазіцыю па Расіі. Такі падыход яны лічаць апраўданым з пункту гледжання брутальнага real politic, які яны дэмантруюць

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.