TOP

Чаму беларускія спецслужбы і сілавыя структуры ўзначальваюць рускія, а не беларусы?

Прызначаны новы старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта: ім стаў ужо былы кіраўнік Гродзенскай памежнай групы Канстанцін Моластаў. Ён жа папоўніў абойму вышэйшых “рускіх” чыноўнікаў Беларусі.

Чаму тое адбылося менавіта зараз? Чаму беларускія спецслужбы і сілавыя структуры ўзначальваюць рускія, а не беларусы?

Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

– Калі паглядзець на профіль беларускіх чыноўнікаў-сілавікоў, то многія з іх паходзяць не з Беларусі; і не абавязкова з Расіі: былі і ўраджэнцы Украіны кшталту колішняга міністра ўнутраных спраў Шуневіча, але – не беларусы. Увогуле, варта было б прааналізаваць бэкграўнд прызначэнцаў у сілавыя міністэрствы і ведамствы, – профіль атрымаўся б цікавы…

Сярод іх заўсёды хапала асобаў, якія абавязаныя сваёй кар’ерай выключна Лукашэнку. Што немалаважна, гэтыя людзі ў пераважнай большасці атрымалі сваю профільную адукацыю ў Расійскай Федэрацыі, а што да кадраў больш сталых, то яны навучаліся яшчэ ў савецкія часы, у КДБ ці ў вайсковых вучэльнях. А ўжо маладзейшыя кадры 1990-2000 гадоў заканчвалі профільныя ўстановы РФ.

У гэтым плане паміж Лапо і Моластавым ёсць істотныя адрозненні: Лапо ўсё ж ураджэнец Беларусі, чалавек з бэкграўндам КДБ, а Моластаў нарадзіўся ў Расіі і адукацыю атрымаў фактычна там, а ўсю кар’еру зрабіў у лукашэнкаўскія часы. І, напэўна, цалкам адданы Лукашэнку чалавек.

Беларуская незалежная дзяржава існуе больш за 30 гадоў – а гэта вялікі час. Вядома, выбудавана Аадпаведная сістэма адукацыі (тая ж Акадэмія кіравання, якую заканчвалі многія чыноўнікі), ёсць ваенныя навучальныя ўстановы. Так ці інакш усе, хто атрымлівае кіроўныя пасады, ментальна звязаныя з Расіяй, бо яны там вучыліся, там іхнія карані, яны на Расію арыентаваныя.

Таму чарговае прызначэнне, я думаю, не выпадковае. У сілавым блоку ёсць толькі адзін чалавек, у якога няма выразнай сувязі з Расіяй, – гэта міністр унутраных спраў Кубракоў, у яго сапраўды чыста беларуская кар’ера. А ўсе астатнія выйшлі або з савецкага КДБ, альбо з расійскіх вайсковых вучэльняў.

Мы пакуль не ведаем поглядаў Моластава. Але раз яго абралі, значыць, ён цалкам арыентуецца на дзейную сістэму і ёсць падставы меркаваць, што ён хутчэй арыентаваны на Расію і на расійскую ваенную традыцыю.

Чым адрозніваецца сённяшняя Беларусь ад Украіны? Генерал Залужны ў адным сваіх інтэрв’ю асабліва падкрэсліў, што адной з яго мэтаў з’яўляецца выкарчоўванне савецка-расійскай традыцыі з украінскай арміі. Для яго гэта прынцыпова важна: калі ты выбудоўваеш армію незалежнай краіны, то неабходна пазбавіцца ранейшых імперскіх уплываў. І мы бачым, што сённяшні ўкраінскі генералітэт і кіраўнікі сілавых ведамстваў – людзі без бэкграўнда СССР і без сувязяў з Масквой.

У Беларусі ж прызначаюць асобаў – носьбітаў савецка-расійскай традыцыі.

– Паколькі ўсе сілавыя структуры ўзначальваюць прадстаўнікі “рускага міру”, то ў Крамля і патрэбы няма анексаваць Беларусь – навошта лішні галоўны боль, калі і і так здадуць?

– Дый Лапо носьбіт савецкай традыцыі. Яго замянілі, бо Моластаў больш малады і энергічны. Лукашэнка выказаўся на адрас Лапо вельмі прязна, паабяцаў яму новую пасаду ці працу, а нядаўна і ўзнагародзіў за тое, што так званага “ўкраінскага дыверсанта” Швеца не прапусцілі. Думаю, справа не столькі ў пэўнай асобе, колькі ў неабходнасці абнавіць кадры. Людзі сістэмы адданыя – тут няма ніякіх пытанняў; але не думаю, што яны так ужо пільна чакаюць Пуціна. Хутчэй за ўсё, гэтыя правераныя кадры арыентуюцца на Лукашэнку, але ў іх галовах пануе “рускі мір”, якія ментальна бачаць сябе ў расійскай традыцыі.

– Як і сам “першы”?

– У яго ёсць пэўныя мясцовыя асаблівасці, пэўны мясцовы каларыт: ён жа не атрымліваў спецыфічную адукацыю ў КДБ ці вайсковую ў Расіі. Так, ён нахапаўся савецка-расійскіх ідэяў, але ён не сацыялізаваны такім чынам: пражыў усё жыццё ў Беларусі, нават ваенную службу праходзіў тут, далей не працаваў, нават “глыбінную Расію” пабачыў у досыць сталым узросце. Такі зрусіфікаваны савецкі беларус, а тыя людзі, якія зараз займаюць ключавыя пасады ў кіраўніцтве, атрымалі савецка-расійскую сацыялізацыю (альбо вучыліся ў Акадэмііі ФСБ, альбо ў Акадэміі Генштаба РФ). Зразумела, што гэтыя людзі (Хрэнін, Вальфовіч, Церцель, Моластаў) арыентуюцца на Расію, для іх відавочна, што трэба быць у саюзе з Крамлём. Гэтыя кадры цалкам задавальняюць Маскву, хаця і не думаю, што яна спрычынілася да іхняга прызначэння.

Проста сёння ў Мінску выразныя праблемы з кадрамі, іх няма. А такі чалавек – прыезджы, адданы, які разумее, што ў яго няма будучыні па-за Лукашэнкам і па-за Расіяй няма – будзе служыць верна і аддана.

Ці зменіцца памежная палітыка з прызначэннем новага кіраўніка? Пра што сведчаць пастаўленыя перад Моластавым задачы?

– Чалавек узначальваў Гродзенскую памежную групу, якая знаходзіцца на стыку з Польшчай і Літвой. Яго задача – каб там нічога надзвычайнага не здарылася. І гэты ўчастак вельмі важны ў кантэксце міграцыйнага крызісу – менавіта праз ягог ішла асноўная хваля нелегальных мігрантаў. Лукашэнка нават падчас прызначэння паказваў, што задаволены Моластавым.

Задачы не мяняюцца. Было падкрэслена: сітуацыя на мяжы напружаная, можа, будзе новы міграцыйны крызіс.

І – Украіна. Я думаю, самая небяспечная для беларускага рэжыма мяжа – менавіта з ёй. Палоска зямліз Польшчай, Літвой, Латвіяй даўно адбудаваная. А вось з Украінай яна заўсёды была больш адкрытай, а сёня сталася самаф небяспечнай. Рэжым відавочна нечага асцерагаецца з боку Украіны.

Не ведаю, супадзенне ці не, але чарговае прызначэнне зроблена менавіта пасля рэзананснага дыверсанцкага рэйда з яе тэрыторуі ў Белгародскую вобласць. А польскі генерал Скшыпчак сваімі заявамі? Хто яго ведае, што паўплывала на Лукашэнку… Ён вядомы канспіролаг, і калі заходзіць нават тэарэтычная размова, што нехта можа прыйсці з-за мяжы, то ўмомант змяняецца кіраўнік Памежнага камітэта, хаця і папярэдні не выклікаў апасенняў… І гэта зусім не шэраговае пытанне. Лукашэнка падыходзіць да прызначэнняў у сілавых структурах асабліва ўзважана: якраз той выпадак, калі памылка можа дорага каштаваць.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.