• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Автор: Андрей Хаданович

6 чэрвеня споўнілася 180 гадоў пісьменніцы, якую мы па-беларуску называем Эліза Ажэшка, палякі – Eliza Orzerzkowa, а Францішак Багушэвіч у сваім вершы ў яе гонар назваў «Яснавяльможнай пані Арэшчыхай». Славутай літаратарцы, якая не толькі праславіла герояў паўстання 1863 года, але заадно расказала нам з вамі пра «неверагодных» сучасных нас.

Роўна 200 год таму, 9 красавіка, у Парыжы нарадзіўся вялікі паэт Шарль Бадлер (1821-1867). Можна доўга пералічваць, што ён зрабіў для паэзіі, якія культурныя з’явы спарадзіў і каго з творцаў на рознае натхніў. Скажу толькі, што 160 год таму Бадлер напісаў геніяльны верш пра ўсіх нас.

Апошнія паўгода шмат думаў, што адчуваюць беларусы, якія воляй лёсу апынуліся за мяжой. Тыя, якія моцна перажываюць за ўсё, што ў нас адбываецца, але з геаграфічных прычынаў не могуць непасрэдна на гэта вось усё ўплываць. У студзені давялося пабыць у скуры такога «замежніка». Што праўда, нядоўга, але і за тры тыдні зразумець сёе-тое можна.

Апошнія месяцы часта даводзіцца чуць ад замежнікаў адно і тое ж пытанне: чаму беларусы 26 гадоў маўчалі, а ўлетку 2020 раптам перасталі маўчаць? Нават два пытанні, і на абодва паспрабаваў адказаць у тэксце, які — яшчэ колькі месяцаў таму — напісаў для міжнароднага праекту з актуальнай для нашага часу назвай «Каўчэг «Тытанік»».

Дзесяць гадоў таму, у дзень выбараў 19 снежня 2010 года, я пераклаў песню польскага барда Яцка Качмарскага «Муры», неафіцыйны гімн польскай Салідарнасці. Пераклаў і выгукнуў, як дазвалялі акустычныя ўмовы, на мітынгу на плошчы Незалежнасці. (З пастамента дзеячу, якога няёмка згадваць, але іншых пастаментаў на плошчы проста няма.) Мітынг, як усе добра памятаюць, брутальна разагналі, лідэраў пратэстаў арыштавалі. А вось песня засталася.

Калі вы належыце да творцаў, што працуюць са словам, ніколі не слухайце плэер у грамадскім транспарце. Трымайце вушы гатовымі да сустрэчы з цудоўным, і яно вас не абміне. Цікавы сюжэт пісьменніку, рэвалюцыйную ідэю філосафу, рэкламны слоган капірайтэру, геніяльную фразу для знаёмства пачаткоўцу-пікаперу здольны падарыць сусед-пасажыр, які — не раўнуючы Леў Талстой — не можа маўчаць. Сёй-той не можа настолькі таленавіта, што ніякі плэер вас не ўратуе.

«Беларус пахваліў беларуса і не памёр», — кажуць людзі. Не нейкія там ворагі-суседзі ці аб’ектыўныя замежныя назіральнікі, а самі беларусы. Пачуўшы такое, замежныя назіральнікі пішуць у сваіх падарожных дзённіках: «Беларусаў вылучае не абы-якая самаіронія». Беларусы радуюцца, што іх нехта пахваліў, але самі сваіх па-ранейшаму не хваляць.

«Добры пісьменнік — мёртвы пісьменнік» — гэтая ісціна адкрыецца ў нас кожнаму школьніку, калі ён зверне ўвагу на гады жыцця паэта ці празаіка ў сваім падручніку. Гэта само сабой зразумела, калі гаворка пра класіку мінулых стагоддзяў. Але і ў раздзеле «сучаснікаў» побач з іменем літаратара найхутчэй будуць дзве даты праз злучок або працяжнік, і рэдкія выключэнні толькі пацьвердзяць правіла.