• Погода
  • +17
  • EUR3,1082
  • USD2,5965
  • RUB (100)3,4363
TOP

Фельетон

Мінчанка звярнулася ў міліцыю: праз Інтэрнэт яна прадала жанчыне каробку з бакаламі, а потым успомніла, што там ляжала 13 тысяч долараў. Пакупніцу знайшлі і спыталіся: «Чаму не аддала грошы?» «Таму што разгубілася…» — адказала яна.

Жыхарка Мінска ўпрыгожыла свае вокны белымі і чырвонымі сняжынкамі. Ноччу зламыснікі ў масках (іх зафіксавала відэакамера) шпурнулі ў вокны гайкі, разбілі шкло. Службоўцы з Маскоўскага РАУС адмовіліся шукаць хуліганаў, бо, маўляў, сваім учынкам яны «выказалі нязгоду з размяшчэннем у акне вобраза бел-чырвона-белага сцяга».

Для прываблівання наведвальнікаў у зале гульнявых аўтаматаў адна з магілёўскіх забаўляльных устаноў трымала пітона. Паўзун вырваўся на волю, напаў на прыбіральшчыцу, і тры здаровыя мужыкі не змаглі вызваліць дзяўчыну са смяротных «абдымкаў». І толькі пасля таго, як пітону ўлілі ў пашчу гарэлку, драпежнік аслабіў хватку і выпусціў ахвяру…

Нацыянальны Алімпійскі камітэт паведаміў, што ліст у падтрымку існай улады падпісалі ўжо 5 тысяч спартсменаў. А хто ж яны? У спісе вельмі шмат так званых спартсменаў-аматараў. Напрыклад, у Светлагорску свой подпіс паставілі амаль усе кіраўнікі райвыканкама: старшыня, кіраўнік справамі, начальнік фінаддзела, галоўны ідэолаг і г.д. Многа «спартсменаў» сярод міліцыянераў. А ў Лідзе ў хакеісткі запісалі дзвюх прыбіральшчыц, бухгалтара, ветэрынара…

Журналістка БалаПАН Віялета Саўчыц асвятляла пратэстную акцыю інвалідаў. Міліцыя яе не затрымала. Аднак праз некаторы час на журналістку быў складзены пратакол “за ўдзел у акцыі”, які яна не падпісвала. Неўзабаве суд Заводскага раёна г. Мінска без прысутнасці В. Саўчыц, завочна, аштрафаваў яе на 810 рублёў.

У Віцебску дзяўчына ішла па вуліцы з белымі і чырвонымі паветранымі шарыкамі, якія ёй тут жа, на вуліцы, падарыла дачка сяброўкі. Міліцыянты затрымалі дзяўчыну і склалі пратакол аб тым, што яна “спынялася на некалькі хвілін, прыцягваючы ўвагу прахожых”. Суддзя Міхаіл Юрчанка спачатку паслаў матэрыялы на даследаванне, а на другім пасяджэнні ўвогуле спыніў справу, пасля чаго папрасіў у дзяўчыны прабачэння за дзеянні супрацоўнікаў міліцыі…

У адной з мінскіх крам жанчына забыла сумачку. Другая жанчына, пенсіянерка, забрала з кашалька грошы і сышла. Аднак неўзабаве вярнулася, каб пераканацца, што нічога каштоўнага ў сумачцы не засталося. Тады яе і затрымалі…

Прарэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта звярнуўся ў міліцыю, каб студэнтаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Пратэстуючы супраць гвалту над пенсіянерамі, студэнты паўгадзіны сядзелі на прыступках лесвіцы каля корпуса №4. Пасля заявы прарэктара 11 маладзёнаў выклікалі ў міліцыю, двое атрымалі па 15 сутак арышту, астатнія — штрафы.

Жыхар Смаргоні Ілля Петуноў падаў у суд заяву на раённага пракурора, які вынес яму папярэджанне за “неналежнае выхаванне непаўналетняга сына”. Поводле пастановы пракурора, І. Петуноў разам з сынам “знаходзіўся на несанкцыяваным масавым мерапрыемстве, дзе брыдкасловяць і агучваюць лозунгі, што ставіць пад пагрозу жыццё дзіцяці…”