• Погода
  • +23
  • EUR3,0262
  • USD2,4954
  • RUB (100)3,4673
TOP

Фельетон

Жыхарка Пружан захацела пафарбаваць свой плот у белы і чырвоны колеры. Яна падала заяву ў райвыканкам, што збіраецца зрабіць гэта «ў форме адзіночнага пікета», прычым гатова была заключыць дамову з міліцыяй «для забеспячэння бяспекі на месцы пікетавання». Райвыканкам дазволу не даў — на той падставе, што месцам для мітынгаў, сходаў і пікетаванняў прызначаны стадыён «Мухавец».

За час пратэстаў ахоўнікі парадку дапусцілі столькі дурноты, што хоць стой, хоць падай. Напрыклад, у Лідскім раёне да суда збіраліся прыцягнуць бабулю, якая памерла ў 2014 годзе; «за ўдзел у масавым мерапрыемстве» позва ў суд прыйшла жанчыне, якая з 2017 года жыве ў Аўстраліі; асудзілі маладога чалавека, які «ўдзелу не прымаў, аднак у думках падтрымліваў пратэстантаў»…

У гандлёвым цэнтры Віцебска дзве п’яныя кампаніі пачалі «грызціся» між сабой. 50-гадовая жанчына выхапіла з сумачкі пісталет (як потым высветлілася — пнеўматычны), узяла пад прыцэл мужчыну з варожай хеўры і, прымусіўшы яго стаць на калені, запатрабавала прабачэнняў. Гандлярам удалося адцягнуць увагу жанчыны і выбіць з яе рукі пісталет…

На рацэ Гарынь паблізу Давыд-Гарадка пад лёд праваліўся браканьер, які нёс у рукзаку 40 кілаграмаў рыбы, злоўленай сеткай. Выратавальнікі выцягнулі яго з-пад лёду, і адразу ж была ўзбуджана крымінальная справа.

Жыхарка Наваполацка прываблівала кліентаў у сваю прыватную лазню тым, што ім можна было пакарыстацца нямецкім посудам часоў вайны, абмундзіраваннем вермахта і г.д. За прапаганду і публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі суд аштрафаваў жанчыну на 145 рублёў.

Суд Фрунзенскага раёна г. Мінска канстатаваў, што малады праграміст Максім Нікольскі «з мэтай дэманстрацыі сваіх палітычных інтарэсаў правёў масавае мерапрыемства шляхам размяшчэння… элементаў адзення бел-чырвона-белай расфарбоўкі». Прасцей кажучы, павесіў сушыцца на балконе белыя і чырвоныя кашулі. Маладзён прасіў, каб яго толькі аштрафавалі, бо праз некалькі дзён павінна адбыцца ягонае вяселле, аднак суд арыштаваў «зламысніка» на 7 сутак.

За ўдзел у экскурсіі ў музей Халакоста ў Навагрудку суд наканаваў мясцовай жыхарцы Жане Баброўскай 10 сутак арышту, хаця экскурсія праходзіла пад наглядам міліцыянераў, была афіцыйна аплачанай, у ёй удзельнічала 20 чалавек. У некаторых з іх на грудзях былі жоўтыя зоркі Давіда. Нікога не затрымалі, а на «зламысніцу» склалі праткол, калі яна пазней прыйшла ў міліцыю па іншай справе…