Курсы валют

Доллар США
2.0584
Евро
Российский рубль

Погода

17..19 °C

Культура

Беларусы — талерантныя піраты?

Белсат

На «Белсаце» стартаваў новы сезон: лепшае старое захоўваецца, дадаецца шэраг «разынак». 

Асноўнае выданне навінаў «Аб’ектыў» — а 21-й гадзіне. Параўнайце з выніковымі навінамі на БТ — і зрабіце свой глядацкі выбар!

«Аб’ектыў» завяршае публіцыстычна-інфармацыйны вечар на «Белсаце», які пачынаецца з панядзелка па пятніцу а 19-й. Яго можна глядзець і анлайн у інтэрнэце на belsat.eu. Дарэчы, там, як і на Youtube, па завядзёнцы будуць даступныя для спампавання і прагляду ўсе праграмы «Белсату» пасля іх з’яўлення ў эфіры.

Журналісты канала з месцаў падзеяў распавядуць пра самыя важныя і свежыя здарэнні. У прыватнасці, у рубрыцы «Падзея» — вялікі рэпартаж пра значную падзею дня. У «Каментары» — аналіз актуаліяў ад экспертаў і герояў дня.

Для поўнай карціны жыцця — агляд прэсы, навіны культуры і тэхнічныя цікавінкі ў праграме «Dэвайс». І куды ж без эканомікі! Пра хворае месца нашай краіны — з аўторка па чацвер у праграме «Сальда».

Перадача «Размова» будзе выходзіць ад панядзелка да пятніцы і ў новым сезоне разнастаіцца. У ёй новая вядучая — Святлана Калінкіна, якая складзе кампанію Максіму Жбанкову і Уладзіміру Мацкевічу.

Ток-шоу «Форум» Эдуарда Мельнікава мяняе сваё месца ў праграме: з гэтай восені глядзіце ў самы лепшы час на тэлебачанні — суботнімі вечарамі.

«Форум» у новым сезоне прапануе дыскусіі пра беларусаў як нацыю піратаў і нашу міфічную талерантнасць, алкагалізацыю грамадства, а таксама пра чэмпіянат свету па хакеі-2014, што мае адбыцца ў Мінску.

«Два на два» без зменаў — у кожны нядзельны вечар. У вераснёўскіх выпусках — пра сацыяльныя сеткі, пра забытых нашых герояў, пра палітыку, у тым ліку з Вольгай Карач, што наважылася балатавацца ў прэзідэнты на выбарах-2015. Напачатку амбіцыі маладой кабеты выпрабоўваюць вострыя на язык Павел Мажэйка і Дзмітры Гурневіч.

Іншая аўтарская пара, Валярына Кустава і Вольга Гардзейчык, рыхтуе новыя выпускі «Чорным па белым». Яны кажуць, што госці перадачы «спрачаюцца, сцябаюцца і паказваюць сваё сапраўднае аблічча».

«Назад у будучыню» Лявона Вольскага, «Відзьмо-невідзьмо» Сяргея Філімонава, «Эксперт» Юрыя Хашчавацкага, перадачы «Рэпарцёр», «ПраСвет», «Маю права», «Без межаў» таксама нікуды не падзеліся і дапамогуць зрабіць восень цікавай і цёплай.

Ну і «фішка» каналу: «Белсат» прапануе новыя дакументальныя фільмы пра невядомую Беларусь. Напрыклад, 7 верасня на канале паказалі фільм рэжысёра Валерыя Мазынскага «Глыбоцкая змова» пра таемны Саюз беларускіх патрыётаў (можна паглядзець на сайце), а 21 i 28 верасня чакаюцца ў дзвюх частках «Праклятыя і забытыя» Антося Цялежнікава.

Фільм «Праклятыя і забытыя» прысвечаны дзеячам малавядомай Беларускай Незалежніцкай Партыі, што прайшлі рыхтаванне ў нямецкай дыверсійнай школе ля мястэчка Дальвіц. На гэтую тэму ў Беларусі дагэтуль накладзены грыф сакрэтнасці, большасць матэрыялаў — у закрытых архівах КДБ. Але ў аўтара стужкі «Праклятыя і забытыя» атрымалася знайсці шэраг дакументаў у суседніх краінах, а таксама паразмаўляць са сведкамі тых падзеяў.

Працягнецца і місія «Белсату» што да паказу выдатнага сусветнага кіно па-беларуску: у новым сезоне можна будзе паглядзець прэм’еры дубляваных на родную мову фільмаў «Падстаноўка, Нью-Ёрк» (арыгінальная назва «Synecdoche, New York») з Філіпам Сеймурам Хофманам, «Папросту разам» («Ensemble, c’est tout») з Адры Тату, «Чорная Вяргіня» Браяна дэ Пальма са Скарлет Ёхансан, чыя сям’я родам з Мінска («The Black Dahlia»).

«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнік «Astra 4A» (5° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня з 19-й гадзіны свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.

Добавить комментарий