Курсы валют

Доллар США
2.4214
Евро
Российский рубль

Погода

21..23 °C

Культура

«Даганяю аўтобусы»

Kustava

Паэтка Валярына Кустава падвяла вынікі свайго паўгадавога публічнага здаровага ладу жыцця і схуднення ў перадачы «Фітнес-шмітнес», якую яна вядзе на «Белсаце» разам з музыкам і па сумяшчальніцтве асабістым трэнерам Паўлам Аракелянам. Шалі паказалі: мінус 25 кг. Але наперадзе, за лета і восень, Валярыне трэба пазбавіцца яшчэ ад такой самай колькасці кілаграмаў.

На лета тэлевізійныя трэнінгі з карыснымі фітнес-парадамі і сцёбнымі шмітнес-штукамі замяніў мультымедыйны блог на сайце канала belsat.eu. Ён будзе з’яўляцца там кожную другую суботу лета. Наступны, ужо другі, будзе размешчаны 28 чэрвеня.

Валярына абяцае рэцэпты, парады па практыкаваннях на канкрэтныя часткі цела, інтэрактыў з гледачамі, конкурсы з прызамі: «А таксама мае асабістыя назіранні за зменамі майго цела і майго псіхалагічнага самаадчування, якое дае мне здаровы лад жыцця. І парады для тых, хто вырашыў змяняцца ці ўжо пачаў».

«І нават пра змены ў асабістым жыцці раскажу, якія адбываюцца ў звязку з гэтым. Карацей, будзем гаварыць пра цягліцы — але не толькі частак цела, але і сэрцаў», — інтрыгуе Валярына.

Image 3754

Дарэчы, на сайце «Белсату» дасяжныя ўсе 12 тэлевыпускаў праграмы. Паўтор першага сезону «Фітнес-шмітнесу» пакажуць цягам восені з верасня, а ў лістападзе ў эфір выйдзе выніковы міні-фільм пра летняе і восеньскае схудненне літаратаркі. Наступныя 25 кілаграмаў, пэўна ж, скінуць будзе нашмат цяжэй…

«Думаю, гэта ўжо перамога. Да канца восені паводле нашага плану мушу скінуць яшчэ 25, але вага — не звышзадача. Звышзадача — здаровае стромкае цела з пругкай скурай і лёгкім рэльефам мышцаў, добры настрой і эфектыўная жыццяздольнасць. І пакуль у плане фізіялогіі вынікі неверагодныя. Усё цела цвярдзее, падцягваецца, прымае тонус. Я лёгка бегаю па прыступках туды-сюды, езджу на ровары на вялікія адлегласці і ўгару, даганяю аўтобусы, цягаю валізкі і заплечнікі, магу на кукішках гадзінамі сядзець, напрыклад, у перапоўненай маршрутцы, калі няма месца. У прынцыпе, я і раней не скардзілася на здароўе, але цяпер на мне рэальна можна араць», — жартуе Валярына.

А яшчэ: «Я цяпер магу кантраляваць як сілу ўдару, так і сілу эмоцыю. Умею станавіцца на мосцік і стаяць на кукішках — гадзінамі, што не можа не ўражваць, канечне. Але гэта дапамагае ва ўсім — як у даглядзе за бабуляй, у рамонце хаты, так і ва ўменні ўражваць сяброў ды таварышаў. Таксама што да самаарганізацыі. Праз трэнаванне я стала больш упарадкаванай — раней кладуся спаць, раней прачынаюся, менш часу застаецца на Сеціва, больш аддаецца жыццю. Прэс цвёрды, ногі цвёрдыя. Карацей, я цяпер цвярдыня. І фізіялагічная цвёрдасць пераходзіць і на мае рашэнні прынцыповыя ў працы ды жыцці».

А на шпагат, ці не «слабо» ёй сесці будзе? Так могуць запытаць скептыкі. Ну, і натуральнае пытанне: а з якой жа вагі Валярына Кустава ўзяла старт да змены памеру вопраткі з ХL на М? 124 кг! «То бок, калі я цяпер станаўлюся на вагі, на іх — двухзначная лічба», — радуецца яна.

Валярына, а ростам яна 182 см, упэўненая, што змініацюрнее да 74 кг. За год мінус 50?! Ну, у лістападзе спраўдзім у «Фітнес-шмітнесе», ці не зашмат на сябе бярэ спадарыня Кустава? Дакладней, ці не зашмат з сябе скінуць хоча…

«Шчыра думала, што прыхільнікаў паменшае, калі азначу свае параметры. Але ўсё апынулася з дакладнасцю наадварот. Усе пачалі выказваць свае захапленні і расказваць пра свае недахопы і таемныя мары палепшыцца, — дзеліцца Валярына. — Цяпер я ведаю вагу і адметнасці целабудовы практычна ўсіх сваіх сяброў дый сябровак таксама, і проста нават далёкіх знаёмых, якія пішуць мне ў сацыяльных сетках. І ведаю, як яны хочуць палепшыцца і чаго страмаюцца ў сваім выглядзе».

І дадае, што некаторыя ейныя знаёмыя таксама далучыліся да здаровага ладу жыцця: «І не прамінаюць паведамляць пра свае вынікі. Хтосьці 2—3 кг скінуў, хтосьці 10! Кажуць — паглядзелі на цябе: што гэта рэальна скідваць шмат вагі, захоўваючы добры настрой і пругкую скуру. Таму — мы можам!»

Нездарма «Фітнес-шмітнес» пазіцыянуецца як аздараўляльна-забаўляльнае шоу з уключэннем элементаў буфанады, інтэрактыву і лёгкай эротыкі, а таксама гутарак з прафесійнымі трэнерамі, лекарамі, пластычнымі хірургамі, знанымі спартоўцамі. «І ўсё гэта — дзеля таго, каб спыніць беларускую дэпрэсію, сказаць «не» беларускай апатыі, «так» — прыгожай, разумнай і здаровай нацыі!» — кажуць Кустава і Аракелян.

«Белсат» — першае незалежнае тэлебачанне для Беларусі, бясплатны тэлеканал на беларускай мове, які транслюецца праз спадарожнікі «Astra 4A» (4.8° E), Eutelsat 33 (33° E) і ў інтэрнэце на www.belsat.eu. У эфіры «Белсату» штодня з 19-й гадзіны свежыя навіны і каментары цягам інфармацыйна-публіцыстычнага вечара, а таксама дакументалістыка, культурніцкія і забаўляльныя праграмы, мастацкія фільмы, серыялы.

Добавить комментарий