Курсы валют

Доллар США
2.0501
Евро
Российский рубль

Погода

13..15 °C

Культура

Згрызотаў сумлення перад лёсам не маю

Сергей Веремейчик

Мастак Сяргей Верамейчык з’ехаў з Мінска ў 1989 годзе ў смаргонскую вёску Залессе, дзе і асеў на доўгія гады. 

Час не марнаваў: адкрыў мастацкую школу для дзяцей, якою і кіраваў чвэрць стагоддзя, разам з сябрамі арганізаваў святкаванне ўгодкаў Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі ў некалі закінутым палацы.

— Што падштурхнула пераехаць у глыбінку?

— Напэўна, авантурныя рысы характару. І разуменне таго, што ў Мінску на глебе рэстаўрацыі я зрабіў усё, што мог. Нарадзілася жаданне «сысці ў пампасы».

— Распрадалі маёмасць у сталіцы і замахнуліся на палац?

— Жыў з бацькамі ў Серабранцы, якая там уласнасць… Ну, а палац… Так, якраз 25 год таму мы першыя зрабілі фестываль славутага кампазітара на ягонай сядзібе.

— Што яна ўяўляла тады, на самым пачатку?

— Яшчэ ў 89-м сядзіба стаяла цалкам закінутая. Палац мы не рэстаўравалі, хаця і пачысцілі ўнутры. Ідэя была такая — святкаваць там угодкі генія музыкі і згадваць Залессе, радзіму славутага «Ля-мінор Агінскага», які недзе ў 1830-х гадах сасланыя ў Сібір паўстанцы назвалі «Развітаннем з Радзімай».

Image 4488


Фота Аляксандра Ласмінскага

А ўгодкі святкуюцца і цяпер — раз на пяць гадоў. Сёлета адбудуцца фанфарныя святкаванні юбілею Агінскага. ЮНЕСКА аб’явіла 2015-ы ягоным годам.

— Я так разумею, што ўлады прыватызавалі вашу ідэю, а ініцыятараў адсунулі ўбок…

— Яны проста прыстасавалі канцэпт пад свае патрэбы. З’явілася вельмі шмат «спецыялістаў» па Агінскаму, здалі ў эксплуатацыю сам палац, праўда, экспазіцыі яшчэ няма. Аднак і грошай шмат патрачана, таму й святы мусяць адбывацца.

Як зроблена рэстаўрацыя — казаць не буду. Многія кажуць: гэта еўрарамонт, іншыя — гэта, маўляў, простаўрацыя... На жаль, па-іншаму не ўмеем.

— Вы 27 гадоў працавалі над біяграфіяй Міхала Клеафаса і аднаўлялі генеалагічнае дрэва роду Агінскіх, так?

— Я не працаваў над біяграфіяй — гэта адбывалася само сабой. У школе вёў урокі мастацкай працы, а паралельна вывучаў спадчыну гаспадароў палаца, праводзіў экскурсіі. І ў рэшце рэшт сабралася столькі матэрыялу, што ў «Незалежнай газеце Смаргоні» ўдалося зрабіць інтэрнэт-старонку. Галоўны тагачасны рэдактар Раман Улан прапанаваў выкласці ўсе сабраныя матэрыялы на англійскай і беларускай мовах. А потым нарадзілася і кніга ў выдавецтве «Кавалер», з дапамогай прыватнага спонсара.

Image 4487

У школе працавалі мае студыя малявання «Апалонік» і тэатральна-музычная студыя «Альтанка». Разам з апошняй зрабілі нават дзіцячую оперу пра Агінскага ў стылі мадэрновай батлейкі. З гэтым спектаклем наведалі Італію (горад Сенегалія), дзе пахаваны Агінскі, былі і ў польскім Гузаве, дзе Агінскі нарадзіўся. Я складаў музыку, лібрэта, словы…

— А цяпер у школе вы не працуеце?

— Неяк так атрымалася, што паціху-паціху стаў непатрэбны, хаця варта было б працягваць мастацкае навучанне. Шкада: дзеці ёсць, і цікавыя. Бяда ў тым, што ні ў кога няма жадання рабіць гэтую справу. А самому біцца ў дзверы, у сцены ўжо не хочацца — хочацца паберагчы галаву.

— Чым займаецеся цяпер?

— Я ўжо «гадавалы» пенсіянер. Але зараз раблю канцэпцыю музея горада ў Нясвіжскай ратушы. Па-ранейшаму жыву ў Залессі, аднак цяпер працую ўжо на карысць Радзівілаў. Да гэтага — яшчэ на адзін славуты беларускі род, Сапегаў: рэканструяваў Гальшанскі замак.

— Ці можа мастак працаваць і не думаць пра быт?

— Дзіўнаватае пытанне, асабліва зараз. Зразумела, што эканоміка ўплывае і на мастака.

— Не шкадуеце, што ў свой час з’ехалі з Мінска ў Залессе?

— Дурнавата, каб я ліў слёзы, лічыў сябе няўдахай! (Смяецца.) Не, я вельмі задаволены, што здарылася менавіта так. Гэта мой лёс, і згрызотаў сумлення перад ім не маю...

Уладзімір Журавок

Добавить комментарий