Курсы валют

Доллар США
2.4185
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Фельетон

КАЛІ БЯЗГЛУЗДЫ ТЫ — «АДКІНЕШ КАПЫТЫ»

Nyauves

Беларусь набыла кітайскія аўтамабілі і аўтобусы, хоць іх вырабляюць і ў нашай краіне. Хутчэй за ўсё, Кітай выдаў нам крэдыт пад закупку гэтых тавараў…

Прызнацца, чуць і бачыць прыкра,
Што робяць нашыя чыны…
Гісторыю, як лепшы прыклад,
Вазьму з сівое даўніны.
Жылі ў мястэчку два суседзі
(Звяла іх доля нездарма):
Дзяцюк прастакаваты Хведзя
І хітры, як ліса, Хама.
Вядома ж, гаспадарку кожны
Трымаў і рупіўся так-сяк.
Хама пры гэтым жыў заможна,
А Хведар жа — лічы, басяк.
Калісь былі ва ўжытку коні,
На горшы выпадак — валы.
Хоць за хлявом
Меў Хведар гоні,
Ды толк з зямліцы той малы,
Бо не нажыў чамусьці Хведзя
І ні вала, і ні каня.
І клопат беднага вярэдзіў,
Спакою не даваў штодня,
Як абрабіць свае палеткі
(Без конскай сілы не ўзарэш),
Каб з голаду не пухлі дзеткі,
Не праядала жонка плеш.
Куды няшчаснаму дзявацца?
І летам,
І сярод зімы,
Як падпірала дужа праца,
Ішоў няшчасны да Хамы,
Бо той жа цяглавае сілы
У гаспадарцы меў табун
І пазычаў, калі прасілі,
Ды не за так, а за «хапун».
Хто нёс Хаме мяшок пшаніцы,
Хто адпрацоўваў батраком.
Не класці ж зубы на паліцы,
Не класціся ў труну сілком…
І неяк, будучы ў гуморы,
Паведаў Хведару Хама:
— Жывеш ты бедна год каторы,
Бо ўласнай лошадзі няма.
Усё табе, бядак, «не ў жылу»
І восенню, і па вясне.
Якое ж выйсце ёсць?
Кабылу
Купі нядорага ў мяне.
— Табе дык толькі агламошыць… —
З дакорам — Хведар на Хаму. —
Купіў бы я і праўда лошадзь…
Ды дзе ж я грошыкі вазьму?
Хама ў адказ:
— Праблем нямашака!
Ты грошыкі ў мяне пазыч!
А ўзнагародай будзе пляшка —
Табе прастаўлю магарыч.
На гэтым дасягнулі згоды,
Далонь паціснула далонь.
Няведама якой пароды
У Хведара з’явіўся конь.
І быў жа толк
З той конскай сілы
На першым часе, у вясну:
Хоць конь нягеглы і пахілы —
Цягнуў, як кажуць, баразну.
І ўвогуле тады, вясною,
Здалося, конь той —
Будзь здароў!
Завёз у поле кучу гною,
А з лесу — тры калёсы дроў.
Пад восень «змыліўся» каняка
І болей «жылы рваць» не мог.
З яго карысці — аніякай,
Ён «капыты адкінуў», здох.
Для Хведара бяда такая,
Што хоць ты крычма закрычы.
Вачэй, журботны, не змыкае
Ні ўдзень, як кажуць, ні ўначы.
Хто запрагацьмецца ў калёсы?
Хто ўзбарануе і ўзарэ?
Глядзіць Хама ўпрыдачу коса:
Пазыку аддаваць жа трэ…
«На пупа браў» — аж грыжу зведаў,
І дзеці рвалі жываты…
А ўрэшце ад напругі Хведар
І сам «адкінуў капыты».
* * *
Мараль выяўная, вядома:
Сябе паводзіць наш урад,
Як ёлупень ці пустадомак —
Ну той жа Хведар акурат.
Калі народ наш безязыкі
Гадае, як здабыць на хлеб,
Урад кітайскія пазыкі
Бярэ на іхні шырпатрэб.
Свае гніюць аўтамабілі,
Не йдуць у продаж трактары,
А мы кітайскія купілі.
Прычым зусім не два, не тры…
Мы будзем біць паклон «капейцы»
І наракаць на лёс благі,
Пакуль не возьмецца за лейцы
Не існы фурман, а другі…
Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий