Курсы валют

Доллар США
2.4482
Евро
Российский рубль

Погода

24..26 °C

Фельетон

НАМ ДЛЯ АПЛОМБУ ЗРАБІЛІ «БОМБУ»

Nyauves

У Астравецкім раёне будуецца АЭС. Згодна з пагадненнем, «Расатам», як забудоўшчык, устанавіў перыяд гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі станцыі — на працягу двух гадоў. А што будзе потым?..

Была агучана заява:
«Дзяржава мае інтарэс
(А да таго ж і мае права)
Пабудаваць сваю АЭС».
Народ наш разважаў цвяроза,
Далей, як кажуць, ад граху:
Для экалогіі пагроза —
Яшчэ Чарнобыль на слыху.
Аднак з газет, з тэлеэкрана
У нашы душы «дзядзька» лез,
Даводзіў жарсна, палымяна:
Няма пагрозы ад АЭС,
Бо мы з вялікае Расіі
(Яна яшчэ й крэдыт дала)
Спяцоў найлепшых запрасілі,
А не халтуршчыкаў з сяла.
І будзе наш народ багатым,
На ногі стане пакрысе,
Бо, несумненна, мірны атам
Нам шчасце-долю прынясе!
І што рабіць цяпер народу?
Таму, хто зараз ля руля,
Не даў на будаўніцтва згоду,
Дый прамаўчаў жа, як цяля.
І закіпела дружна праца,
Пайшоў, як той сказаў, працэс.
Накшталт Рэспублікі-палаца
У полі вырасла АЭС.
І гонар ахапіў краіну,
Як запусцілі першы блок.
Затым…
Падсунулі навіну
Народу, як сахор пад бок.
Сабраўшы ўсе свае манаткі,
Яны, расійскія спяцы,
Паехалі — і анігадкі! —
Сказаўшы нам напрыканцы:
— Захоўвайце бяспекі ўмовы,
І знаць не будзеце бяды.
На гэты блок мы даць гатовы
Гарантыю на два гады.
— На два гады? — вушам не верым. —
Пачулі правільна ці не?
Выходзіць, потым ранкам шэрым
Блок ці заглохне, ці рване?
— Функцыяваць рэактар можа
І дзесяць год, і тры, і пяць…
Пра гэта знае толькі Божа.
Вось ён бы мог гарантаваць…
— Дык вы, выходзіць, пасадзілі
На бочцы нас парахавой…
— Калісьці быў Саюз адзіны…
А сёння ў вас жа гонар свой.
Мы вам дабавілі апломбу!
Выказвалі вы колісь злосць,
Што мы забралі вашу «бомбу».
Цяпер яна, лічыце, ёсць…
* * *
Купіў нядаўна я лядоўню.
Здзівіўся — аж разявіў рот,
Нібы адчуў на карку доўбню:
Гарантыя ёй — дзесяць год!

Добавить комментарий