Курсы валют

Доллар США
2.4399
Евро
Российский рубль

Погода

10..12 °C

Фельетон

У нашы кашалькі палезуць «жабракі»

Nyauves

Пасажыры аэрапорта «Мінск-2» будуць выплачваць збор на развіццё аэрапорта. З дзяцей да 12 гадоў папросяць $2,5, з дарослых — па $5.

Як кожны па капейцы кіне —
Глядзіш, рубель для жабрака.
Падобна, зараз у краіне
Паўсюль «жабрацкая рука».
Калі ж не хоча скнара нейкі
Чамусь дзяліцца з жабраком,
Дык ён, жабрак, сабе капейкі
У «куркуля» бярэ сілком.
…З часін нядаўніх павялося,
Што ў нас хакей — харошы спорт.
А тут чэмпіянат на носе.
І трэ было аэрапорт
Давесці ў рэшце рэшт да ладу
(Хоць ён і так не дрэнь, бадай),
Каб госці з першага пагляду
Рашылі, што краіна — рай.
Ляцелі грошы матылькамі…
Калі ж прайшоў чэмпіянат,
Адчулі ўсе на сэрцы камень:
Затрат
Было задужа шмат.
У сцены ўмураваны сродкі,
Ляжаць на ўзлётнай паласе…
Прыбыткаў жа праз час кароткі
Аэрапорт не прынясе.
Таму, як кажуць, «быць бы жыву»,
Аэрапорт — як той жабрак.
Аднак
Ніводзін з пасажыраў
За так
Не кіне свой пятак.
Для пасажыраў, што не нова,
Заўсёды знойдзецца аброць.
Забраць патрэбна прымусова,
Як даць не хочуць дабрахоць.
Калі накінуць на білеты
Даляры тры ці нават пяць,
Аэрапорту для бюджэту
Магчыма ладны куш сабраць.
Хіба ж насупраць нешта скажа
Няшчасны братка-беларус?
Прывык ён, ціхі, нехлямяжы,
Што ўсюды гвалт або прымус.
Другія «жабракі» празналі…
За авіятарамі ўслед
Рашылі на хакейнай хвалі
Папоўніць трохі свой бюджэт.
А што? Ці атэлье, ці крама,
Каб добра стрэць чэмпіянат,
Паглянцавалі ўсё таксама,
Не абышлося без затрат.
Займелі ўсе яны падставу
Залезці ў нашы кашалькі,
Злавіць, так мовіць бы, халяву.
А як іначай? Жабракі…
У пераможным гуле й гудзе
На ўсё павысілі цану,
І думаў кожны: «З іх не ўбудзе,
Калі я трошкі адшчыпну…»
На гэтай хвалі на тавары
Цану ўзрасцілі гандляры
І адшчыпнулі ў нас даляры
(Зусім нямнога — два ці тры).
Не стане, палічылі, трансам,
Як беларусы-куркулі
Дадуць і на грамадскі транспарт
Свае гаротныя рублі.
Пафарбаваў будынкаў сцены
І меў затраты жылкамгас,
Таму на пяць даляраў цэны
Павысіў ціхенька для нас.
Ды што й казаць: любы і ўсякі
Хоць па крыху, хоць па чуць-чуць
Ад беларуса-небаракі
Паспрабавалі адшчыпнуць.
* * *
Магчымая такая ява…
Пакуль не смажым жалуды,
Былі б прычына і падстава,
«Жабрак» жа знойдзецца заўжды.

Алесь НЯЎВЕСЬ

Добавить комментарий