Курсы валют

Доллар США
2.0373
Евро
Российский рубль

Погода

7..9 °C

Фельетон

Чыноўнікі крыху спатолілі пыху

Nyauves

Сірыя папрасіла ў Беларусі крэдыт.

Далёка край наш беларускі
Ад Сірыі.
Пра край такі,
Напэўна, досвед маюць вузкі
Тамтэйшыя кіраўнікі.
Яны з дзяржаўнай прэсы нашай
Даведаліся, што даброт
У Беларусі — поўнай чашай,
Жыве заможна наш народ!
У нас — грашовыя крыніцы!
Пры сітуацыі такой
Сюды няшчасныя сірыйцы
Прыйшлі з працягнутай рукой:
Маўляў, зжыліся з доляй горкай,
Зваліцца можам у нябыт,
Таму патрэбная падпорка —
Дай, Беларусь, для нас крэдыт.
Уладныя дзядзькі і цёткі
Былі збянтэжаны спярша.
Які крэдыт? Якія сродкі?
Не маем самі ні шыша!
Ваўкамі рыскаем па свеце
(Ці з торбамі — як жабракі),
Пры гэтым маючы на мэце,
Што хтосьці дасць даляр які.
Здаецца недасяжнай мэта —
Пакуль што толькі «пры сваіх»…
Хоць і падумалі пра гэта,
Аднак жа не сказалі ўслых:
Адно — не хочацца сварыцца,
Другое — радасна было
З таго, што думаюць сірыйцы,
Як быццам ёсць у нас «бабло».
(Хоць ты спрадвек не быў багатым,
Хоць ты па сутнасці — жабрак,
Як хтось назваў цябе магнатам,
Дык на душы прыемна так!)
Сказалі ім наконт крэдыта,
Што ён нікуды не ўцячэ,
Бо грошы ёсць у нас нібыта,
Ды мы падумаем яшчэ.
Вы ж просіце, маўляў, не крыху,
Зусім не тысячу адну…
Хацелася спатоліць пыху,
Інакш — набіць сабе цану.
І радасці ў гасцей багата,
Што не прыехалі дарма.
З надзеяй ехалі дахаты,
У векавечны свой Дамаск.
А нашыя дзядзькі і цёткі
Гадаць і думаць пачалі,
Як быць з крэдытам ім усё-ткі,
Не прапануеш жа рублі…
Прайшла для іх «мінута славы»…
Павыхваляліся чуць-чуць,
І трэ цяпер шукаць падставы,
Чаму крэдыта не дадуць.
Кагорта выглядала хмурай…
І ўсклікнуў маладзец адзін:
— Давайце мы крэдыт натурай
Сірыйцам гэтым аддадзім!
Сарочкі, дываны, шкарпэткі,
«БелАЗы», «МАЗы», трактары…
Тавар усім патрэбны гэткі,
А ў нас яго — хоць воз бяры.
Багацця гэтага — як лісця,
Бітком забітыя склады…
Ну дык і чым, сябры, не выйсце?
Багацце гэтае — туды!
Не дзіва, што прыйшлі да згоды
Адразу цёткі і дзядзькі.
Зафрахтавалі цеплаходы
І загрузілі цягнікі.
Збылі пратухлыя тавары
І захавалі годны твар.
Сірыйцам не далі даляры,
Ды не падточыць нос камар.
І атрымалі неўзабаве
З далёкай Сірыі адказ:
— «Крэдыт», што вы далі дзяржаве,
Не задаволіў дужа нас.
Не тыя мелі спадзяванкі…
Ваюем з даўняе пары,
Дык лепей бы прыслалі танкі,
А не «БелАЗы» й трактары.

Алесь Няўвесь

Новыя фельетоны Алеся НЯЎВЕСЯ можна пачытать на сайце: http://alesnauwes.com/  

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Вылучэнка-дама — лепшая рэклама

На «магіле льва» рэй вядзе Масква

У нас народ сляпы, як крот

Добавить комментарий