Курсы валют

Доллар США
2.4368
Евро
Российский рубль

Погода

16..18 °C

Фельетон

ПРОЦІПАВЕТРАНЫЯ СІЛЫ НАДЗЕІ НАШЫ ПАДКАСІЛІ

Nyauves

Расійскія тэлеканалы распаўсюдзілі навіну, што шведскі самалёт раскідваў над тэрыторыяй Беларусі лялькі, хоць Міністэрства абароны гэта абвяргае. А мяне найбольш зацікавіла, як выказалася адна з жыхарак Івянца: «Па мне, дык лепей бы скінулі мяса, а не цацкі…»

Прайшла па «тэліку» навіна
І ўзбударажыла народ:
Над нашай мірнаю краінай
Кружыўся шведскі самалёт.
І розгалас, нібыта гром, быў
(Тут я душою не крыўлю),
хоць самалёт зусім не бомбы,
А цацкі скідваў на зямлю.
А небыліцы ж вельмі хутка
Растуць у нашай грамадзе.
Таму пайшла ў народзе чутка,
«Слушок» узнік сярод людзей,
Што з-за кардона багацеі
У гэтакі складаны час
Прыйсці на помач захацелі
І падтрымаць хоць трохі нас.
А каб было паменш турботаў
На мытні,
Для народных мас
Яны тавары з самалётаў
Рашылі скідваць пад заказ.
Заяўкі могуць нашы людзі
Туды паслаць праз інтэрнэт.
З дастаўкаю праблем не будзе,
Калі ўказаць усё як след:
Што хочаш мець ты сёння «з неба» —
Які тавар жадаеш ты;
Куды тавар той скінуць трэба —
У Бараўляны ці ў Масты;
Нанесці трэба знак на карту,
Дзе хутар твой або сяло;
У Мінску дом пазначыць варта,
Каб блытаніны не было.
І інтэрнэт ажыў адразу.
Да дабрачынцаў з-за мяжы
Слаць пачалі свае заказы
І мільянеры, і бамжы.
Апоек нейкі з Маларыты
(У інтэрнэт залез ён як?)
Прасіў адчайна і адкрыта,
Каб скінулі «чарніла» гляк.
Вымольвала жанчына з Веткі
Адно свінячае сцягно,
Бо мяса ў час галодны гэткі
Яе знясіленыя дзеткі
Ужо не бачылі даўно.
Сям’я з глухой палесскай вёскі
Выпрошвала адзежы мех,
Бо носіць дзетвара абноскі
І чуе ззаду здзек і смех.
Была адна заяўка дзіўнай —
Прасіў труну з-пад Глуска дзед:
Застаўся без радні, адзін ён.
Хто ж «запакуе» ў іншы свет?
Дзяцюк, які заўжды махлярыў,
Мець не хацеў «звычайны хлам» —
Прасіў падкінуць пук даляраў,
А ўсё, што трэба, купіць сам.
Чыноўнік са Старых Дарогаў
Таксама ў інтэрнэт залез
І наказаў, каб да парога
Яму спусцілі «мерседэс».
Заявак мелася нямала,
Бо ў беларусаў шмат патрэб:
Камусь лядоўні не ставала,
А хтось прасіў: «Цукерку мне б…»
Магчыма, дабрабыт падрос бы
У беларусаў-небарак,
Здаволілі б буржуі просьбы,
Нас ашчаслівілі б, аднак…
Усе надзеі падкасілі,
Сказалі важкі голас свой
Проціпаветраныя сілы
(Яны залежаць ад Расіі):
— Збівацьмем самалётаў рой!
* * *
Ці добра войска і ракеты
У нас ахоўваюць мяжу,
Я вам, сябры мае, пра гэта,
На жаль, нічога не скажу…
Зусім не з гэтае нагоды
Я напісаў свой фельетон.
Бяда для нашага народа:
Амаль жабрачыць сёння ён.
Чакае хтось кавалак хлеба,
Чакае хтось пірог з нябёс…
Адзін спадзеў ва ўсіх, што з неба
Нам манну сыпане Хрыстос.

Добавить комментарий