Курсы валют

Доллар США
2.5881
Евро
Российский рубль

Главные события

Віталь Цыганкоў. Беларускі кансенсус альбо пра што спрачацца з “ябацькамі”

Image 8126

У «ябацек» (пад такім хэштэгам ведаюць у сацыяльных сетках і на мітынгавых плакатах прыхільнікаў А.Лукашэнкі) ёсць толькі адзін ідэйны прынцып — падтрымка ўлады.

І пасля змены ўлады яны імгненна распадуцца як нейкая супольная група. Большасць, падаецца, пачне шукаць сабе новага «бацьку» — аўтарытарную фігуру, якая будзе імі кіраваць і камандаваць.

У гэтыя гарачыя і напружаныя дні некаторыя душэўныя людзі загаварылі пра нейкі абстрактны раскол грамадства, які беларусам давядзецца пераадольваць, калі не зараз, дык пазней. Маўляў, трэба «слухаць і іншы бок», весці з імі дыялог і гэтак далей.

Культура дыялогу — вельмі важна і неабходна. Я, напрыклад, усімі рукамі толькі за — як максімальна дэмакратычны і ліберальны чалавек. Я прымаю самыя розныя меркаванні, я настолькі талерантны да самых розных поглядаў, што гэта часам нават здзіўляе людзей з «нашага асяроддзя». Калісьці некалькі гадоў таму напісаў тэкст «Мой сябра — лукашыст», дзе апісваў, як палітычныя рознагалоссі не замінаюць даўняму сяброўству. Потым даводзілася адказваць на здзіўленыя пытанні, чаму гэта ўвогуле магчыма.

Так што я гатовы гатовы абмяркоўваць любыя ідэйныя палітычныя перакананні, самыя незвычайныя.

Але з тымі людзьмі, у каго яны ёсць.

Вось патлумачце мне, які прадмет для дыялогу магчымы з той часткай грамадства, якая свае ідэйныя перакананні сама ж сфармулявала ў лапідарнай і даступнай форме — «ябацька».

Памятаеце, калі на Плошчу Незалежнасці звезлі «прыгонных» з усёй краіны і Лукашэнка крычаў свайму «электарату» — «Вы хочаце свабоды? — Нееее. — Вы хочаце рэформаў? — Нееее».

Давайце, давайце абмяркуем з гэтымі людзьмі, як гэтыя іхнія пажаданні можна ўкараніць у наша цяперашняе і будучае жыццё. Запісаць у Канстытуцыі адмову ад усялякіх свабодаў? Вярнуць прыгоннае права? Ім бы, можа, і хацелася, дарэчы — але астатнія беларусы супраць.

Іхняя палітычная «праграма» максімальна простая і разам з тым дыялектычная — «хістацца разам з лініяй партыі». Перад выбарамі Лукашэнка і прапаганда казалі, што апазіцыйныя кандыдаты — гэта расейскія агенты. «Забацькі» радасна падтаквалі. Зверху казалі, што Расея хоча нас «нахіліць», падпарадкаваць, і ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі ішла пад знакам абароны суверэнітэту ад Масквы. Пасля 9 жніўня ўсім раптам аб’явілі, што апазіцыя — гэта найміты Захаду, і падступны Захад хоча нас раздзяліць і заваяваць. «Забацькі» зноў радасна падтакваюць — на гэты раз адваротнаму тэзісу.

Раней зверху казалі, што нам, беларусам, мітынгі не патрэбныя, і мітынгамі праблемы не рашаюцца — цяпер «прыгонных» гоняць на праўладныя мітынгі, і яны крычаць там пра здрадніках і фашыстаў. Хапаюць і б’юць людзей — добра, выпускаюць людзей — таксама добра. Нармалізуюцца адносіны з Захадам — добра, аб’яўляецца Захад ворагам — яшчэ лепш, бо прывычней. «Значыць, Акіянія ваявала з Еўразіяй заўсёды і ва ўсе часы». («1984», Оруэл).

Калі Лукашэнка раптам заўтра прызначыў бы дзяржаўным бел-чырвона-белы сцяг — не сумнявайцеся, яны будуць пісаць у сваіх газетах і па БТ, якое гэта мудрае і дзяржаўнае рашэнне і выходзіць на свае мітынгі ўжо пад гэтымі сцягамі

Я ні ў якім разе не сцвярджаю, што ўласныя меркаванні і прынцыпы ёсць толькі ў дэмакратычных і праеўрапейскі настроеных людзей. Не, свае меркаванні (не заўсёды самыя цывілізаваныя і прымальныя) ёсць і ў камуністаў, і ў ідэйных рускаміраўцаў, і ў прынцыповых адэптаў аўтарытарызму.

Але ў «ябацек» ёсць толькі адзін ідэйны прынцып — падтрымка ўлады. І пасля змены ўлады яны імгненна распадуцца як нейкая супольная група. Меншая частка знойдзе нейкія канкрэтныя палітычныя і светапоглядныя прыхільнасці. Але большасць, як мне падаецца, будзе проста шукаць сабе новага «бацьку» — аўтарытарную фігуру, што будзе імі кіраваць і камандаваць.

Назіраючы гадамі за прыхільнікамі Лукашэнкі, можна ўхапіць тую галоўную рысу, якая іх усіх (за рэдкім выключэннем) вылучае — у філасофскім, светапоглядным сэнсе.

Гэта прыземленасць. Адсутнасць залішніх мараў і жаданняў.

Перакананасць у тым, што «вышэй галавы не скокнеш», «плетью обуха не перешибешь» і процьмы іншых «народных мудрасцяў» на гэтую тэму. Упэўненасць, што ўсе «павінны ведаць сваё месца».

Людзі, якія шмат ад жыцця не чакаюць. Гатоўнасць задаволіцца малым, але надзейным і гарантаваным, той самай сініцай у руках, чаркай і шкваркай.

Неразуменне нематэрыяльных матываў дзейнасці. Яны сапраўды не разумеюць, як гэта можна бясплатна, добраахвотна хадзіць на мітынгі, рызыкуючы сваёй кар’ерай і здароўем.

І дарэчы — пра што вы хочаце дыскутаваць з тымі людзьмі, якія на заўладным мітынгу крычаць «Слава ОМОНу» — пасля ўсяго, што стала вядома? Што канкрэтна з імі абмяркоўваць — ці павінен АМАП мець права збіваць людзей да паўсмерці альбо даць яму права расстрэльваць на месцы затрымання? Ці мае ён права страляць па вокнах і балконах толькі гумавымі кулямі альбо дазволіць яшчэ і баявымі? Колькі трэба катаваць затрыманага чалавека ў позе на каленях галавой у зямлю (як мяне) — 5 гадзін альбо 12 гадзін, пакуль не атрымае кровазьліццё ў мозг?

І дарэчы, я для сябе сфармуляваў свой уласны «закон аб непрызнанні Галакосту». Я не буду кантактаваць з людзьмі, якія спрабуюць хоць у нейкай ступені апраўдаць зверствы беларускіх сілавікоў 9-12 жніўня. Я даўно не лічу неабходным пра нешта спрачацца з прыхільнікамі Гітлера альбо Сталіна, з людзьмі, якія апраўдваюць забойствы мірных людзей нацыстамі альбо сталінскія рэпрэсіі. Гэтаксама не бачу магчымасці мець нейкія чалавечыя зносіны з людзьмі, якія будуць апраўдваць зверствы беларускага АМАПу.

Трэба прызнаць, у пэўным сэнсе Лукашэнка стрымаў сваё слова. Перад выбарамі ён абяцаў усім беларусам вайну ў выпадку, калі народ яго не падтрымае. І вось — карная аперацыя.

А пайшоў ён на гэта па адной простай прычыне — у яго няма электаральнай падтрымкі.

Разумеючы свой рэйтынг, ён ужо ў канцы выбарчай кампаніі, відавочна, вырашыў утрымліваць уладу толькі сілавымі метадамі. Ён нават не спрабаваў спадабацца большасці і праводзіў свае «перадвыбарчыя сустрэчы» пераважна не ў працоўных калектывах, а ў вайсковых частках.

Усе рэплікі і прамовы гэтага кандыдата тады зводзіліся да простай і немудрагелістай думкі. Фактычна гэта была ягоная выбарчая праграма, у якой застаўся толькі адзін пункт. І гучыць ён так — «калі я не буду прэзідэнтам, то будзе вайна і разруха».

Але народ не прыняў такую «праграму»

У пераважнай большасці беларусаў ужо ёсць кансэнсус. Ён гістарычны, выпакутаваны пакаленнямі і даўно сфармуляваўся. Пры ўсёй рознасці палітычных і ідэйных падыходаў ёсць нешта агульнае, з чым пагадзіцца пераважная большасць псіхічна здаровых грамадзянаў краіны.

Беларусы не хочуць вайны на вуліцах сваіх гарадоў. Ні ў якай форме. Яны хочуць, каб працаваў закон — якім бы недасканалым ён не быў. Беларусы вераць у закон і парадак. У справядлівасць. Яны ніколі не пагадзяцца, каб па вуліцах хапалі невінаватых людзей, збівалі іх да паўсмерці — і потым ніхто за гэта не быў пакараны.

Улада, якая праігнаравала гэты кансэнсус, асуджаная.

Виталий Цыганков

Фото «Вечерний Гродно»

Читайте также:

Виталий Цыганков. Приглашение к диалогу?

Мир после коронавируса

Белорусы любят социализм больше, чем мы думаем

Про «кашу в голове» и новых комсомольцев

Добавить комментарий