Курсы валют

Доллар США
2.0819
Евро
Российский рубль

Погода

15..17 °C

Пункт гледжання

Маніпуліраванне мінулым

Zakonnikov

Галоўныя ворагі нашага грамадства — гэта хлусня, якая абрынаецца на людзей штодзённа, і страх, што сядзіць унутры кожнага чалавека. А яшчэ з нетраў аўтарытарнай сістэмы на белы свет вылазіць нечысць, каб нешта ў гісторыі падцерці гумкай, падрэдагаваць, перапісаць або наогул знішчыць.

У СССР маштабнае маніпуліраванне мінулым пачалося ў пачатку 30-х гадоў ХХ ст., калі крыважэрны вусаты «вождь всех народов» уласнаручна напісаў прапагандысцкую фармулёўку «Сталин — это Ленин сегодня». Тагачасныя ідэолагі працавалі прымітыўна, груба, але вынікова. Паўсюль у гарадскіх кватэрах і вясковых хатах віселі копіі фатаграфіі Леніна з Сталіным, якая мела назву «Большая дружба». Пасля спецыялісты высветлілі, што гэта быў фотамантаж. Розныя здымкі аднаго і другога палітыка аб’ядналі, каб яшчэ пры жыцці кананізаваць Сталіна. Старыя бальшавікі, якія прысвоілі дыктатару тытул «типичного фальсификатора истории партии», расказвалі, што ён разам з Л. Каменевым змагаўся ў 1917 годзе супраць Леніна, перакручваў ягоныя думкі, тэзісы. А пазней узурпатар улады падчысціў свае артыкулы і прамовы, выдаліў з іх сляды сумеснай працы з Л. Троцкім, Л. Каменевым, якіх сам жа залічыў у «ворагі народа».

Ва ўмовах савецкай таталітарнай дзяржавы маніпуліраванне мінулым мела сістэмны характар. Практычна ўсе важныя падзеі кастрычніцкага перавароту, грамадзянскай вайны, індустрыялізацыі і калектывізацыі прайшлі пільны кантроль і дасканалую апрацоўку. Для афіцыйнай ідэалагічнай дактрыны, для школьных, універсітэцкіх падручнікаў, дапаможнікаў рэжымам былі створаны выгадныя міфы, многія з якіх жывуць і сёння.

Вяртанне да гістарычнай праўды часткова адбылося пасля развалу СССР. Былі абнародаваны шматлікія дакументы з архіваў КДБ, розных спецсховаў, створаны новыя, больш дакладныя падручнікі і дапаможнікі. Але важная для выхавання грамадскай свядомасці праца з прыходам да ўлады ў постсавецкіх краінах аўтакратаў спынілася і адбыўся чарговы адкат у ідэалагічнае цемрашальства.

Час бяспрыкладнай інфармацыйнай рэвалюцыі, які перажывае чалавецтва, працуе не толькі на дабро, але і на зло. Аўтарытарныя рэжымы «на поўную катушку» выкарыстоўваюць навуковыя і тэхнічныя дасягненні для ўласнага піяру, каб утрымліваць уладу, для абалваньвання насельніцтва. У друку, на тэлебачанні актыўна ўжываюцца тэхналогіі кіруемага мінулага. Трэба проста націскаць на пэўныя «балючыя кропкі», і ідэалагічная апрацоўка пойдзе ў патрэбным уладзе кірунку. Пра гэты працэс гаворыць італьянскі пісьменнік І.Звева: «Цяперашняе дырыжыруе мінулым, нібыта музыкантамі аркестра. Цяперашняму патрэбны менавіта такія гукі, а не іншыя. Таму мінулае здаецца то бліжэй, то далей. Яно то гучыць, то змаўкае. На цяперашняе ўздзейнічае толькі тая частка мінулага, якая патрэбна, каб або высвеціць гэтае цяперашняе, або зацямніць яго».

У Расіі і Беларусі галоўным аб’ектам для маніпуліравання стала крывавая Вялікая Айчынная вайна. Цяжкую, аплочаную мільёнамі чалавечых жыццяў Перамогу правіцелі ператварылі ў ідэалагічны шчыт, каб абараняцца ім ад горкай памяці і ад сучаснай народнай крытыкі.

У савецкі час крамлёўскім чыноўнікам не спадабалася праўда пра блакаду Ленінграда. Яны разграмілі выдатны музей абароны горада, распачалі гнюсную «Ленiн­градскую справу», прымусілі кіношнікаў зварганіць хлуслівы фільм паводле кан’юнктурнага рамана А. Чакоўскага «Блакада».

А цяпер, каб выйграць выбары, для сваёй падтрымкі кіраўнік Расійскай Федэрацыі У. Пуцін ініцыяваў стварэнне «Народнага фронта», які быў узброены ваенізаваным лозунгам «Фронтовикам нужна победа!». Некаму гэта здалося дасціпнай, удалай прыдумкай, тым больш што былы кадэбіст зноў заняў трон, а я лічу такія дзеянні страшнай абразай нашым бацькам, дзядам і прадзедам, якія пралівалі кроў.

Увогуле, на маю думку, перакос у бок гераізацыі вайны, вялікая ўвага да яе — не апраўданыя і шкодныя. Трэба бачыць з’яву глыбей. Удзельнік першай і другой сусветных бойняў, італьянскі пісьменнік і журналіст П. Манэлі падзяліўся сваім адчуваннем: «Вайна — значыць быць марыянеткай, якую тузае за ніткі невядома чыя рука. Пры гэтай думцы кроў стыне ў жылах і балюча сціскаецца сэрца».

Прыкладаў кашчунных паводзін аўтарытарных кіраўнікоў пад прыкрыццём ушанавання памятных датаў дастаткова. На тэрыторыі Украіны ідзе вайна, справакаваная Расіяй, а ў Маскве і ў Мінску праводзяць пампезныя ваенныя парады. Што гэта — услаўленне гераізму продкаў або звыклы інструмент застрашвання? Я ўжо не кажу пра сродкі, што вылятаюць у трубу разам з доўгімі рэпетыцыямі парадаў, якія, дарэчы, апошнім часам праводзяцца не ўначы, а ўдзень.

Наконт перадачы памяці новым пакаленням у школе і ў ВНУ слушна сказаў расійскі пісьменнік У. Арро: «Не может и не должно знание о войне у тех, кто идет за нами, укладываться в трижды просвеченную и просеянную концепцию войны единого государственного учебника, тем более что возле нее толчется много людей недобросовестных, корыстных. Как ни странно, случается, что свой профит ищут на этом поле и те, кто родился после войны».

Дзяржава ў беларускіх умовах — гэта групоўка канкрэтных людзей, якія распараджаюцца ўсім, у тым ліку і памяццю. Але пры стварэнні падручнікаў, дапаможнікаў па гісторыі нельга кіравацца ідэалагічнай патрэбай. Аўтары павінны служыць толькі фактам і праўдзе. Акрамя таго, наш рэгіён мае спецыфіку, якую трэба абавязкова ўлічваць у сваёй працы. Польскі гісторык, прафесар Г. Вольф-Павенская піша: «Памяць катаў і памяць ахвяраў ніяк нельга прымірыць. Гісторык жа павінен захоўваць ціхмянасць. Ён сутыкаецца з чалавечай трагедыяй, драмай ахвяры, а з другога боку — з пэўным бяссіллем звычайных грамадзян, якія хацелі толькі выжыць, а апынуліся ўцягнутымі ў механізмы злачыннай сістэмы. Іх не хапіла на гераізм. Задача гісторыка, якога аддзяляе дыстанцыя часу і які мае разнародныя крыніцы, — звярнуць увагу на сацыяльную, палітычную, культурную, гаспадарчую, юрыдычную абумоўленасць матываў. Важна, каб мы не прапусцілі простай ісціны: няма добрай і кепскай памяці. Ёсць толькі добрыя і дрэнныя матывы яе ажыўлення».

Са свайго боку, я раіў бы моладзі чытаць не толькі дакументальныя творы, але і мемуары, успаміны. Хоць яны бываюць у нечым суб’ектыўнымі, ды, тым не менш, могуць дапамагчы сфарміраваць уласныя адносіны да Вялікай Айчыннай вайны, да народнай трагедыі…

Тры дзесяцігоддзі назад я прысвяціў незабыўнаму, вядомаму кожнаму беларусу Васілю Быкаву верш «…Усё было», які заканчваўся радкамі:

Хоць часам праўда прад маной і гнулася,
Ды не на гэтым белы свет стаіць…
Тым, хто спрабуе паднавіць мінулае,
У будучым няма чаго рабіць.

Шмат падзей адбылося за гэты час, але высокая цана праўды не змянілася. А праўда наша такая — беларусы слаба ведаюць айчынную гісторыю, яны ганарацца мінулым, але выбарачна, толькі Вялікай Айчыннай вайной. Самае сумнае тое, што беларусы жывуць адным днём, вельмі баяцца будучыні. З такім мінорным настроем пабудаваць краіну, дзе можна існаваць свабодна і атрымліваць задавальненне ад разумнага, уладкаванага быцця, немагчыма.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Па закліку сэрца

Ратавальны крызіс

Тры вайны

Loading...

Добавить комментарий