Курсы валют

Доллар США
1.9984
Евро
Российский рубль

Погода

19..21 °C

Пункт гледжання

Хітрая ізаляванасць

Zakonnikov

У свой час мяне здзівіла, што заходнія палітыкі пляцоўкай для перамоў па Украіне выбралі Мінск. Усім вядома, што Беларусь знаходзіцца ў палітычнай і эканамічнай звязцы з Расіяй, якая вядзе агрэсію супраць суседзяў, што ў міжнародных пытаннях яна выконвае каманды Крамля. З такім жа поспехам можна было б засядаць і ў Маскве.

Прайшоў час, стала бачна, што адна памылка кіраўнікоў еўрапейскіх краін пацягнула за сабою шмат новых. Беларускаму аўтакрату ствараецца імідж «міратворца» і «гасціннага гаспадара». У Мінску, нібыта тут мёдам намазана, праводзіцца безліч сустрэч з удзелам прадстаўнікоў Захаду. Чарговае сведчанне — форум «Мінскі дыялог».

Нейкім чынам можна зразумець спартыўных чыноўнікаў, якім усё роўна, дзе арганізоўваюцца спаборніцтвы — у дэмакратычнай або дыктатарскай краіне. Яны непераборлівыя, ім галоўнае, каб была база і грошы. Нічога не зробіш і з пагоняй за папулярнасцю палітыкаў-пенсіянераў, якія для самапіяру гатовы выкарыстаць любую, нават сумніўную трыбуну.

Але да дзеючых еўрапейскіх функцыянераў, тых, што прадстаўляюць дэмакратычныя краіны і інстытуты, прэтэнзіі пра­д’яў­ляць неабходна, бо надта ж лісліва яны расшаркваюцца прад замацярэлым аўтакратам. А ён з трыбуны эмацыйна, з апломбам павучае гасцей, заклікае іх да міру. Толькі пра які дыялог на міжнародным узроўні можна казаць, калі ў самой краіне, дзе праводзіцца форум, улада за 24 гады не навучылася спакойна весці дыскусіі з апазіцыяй і карыстаецца толькі «мовай дубінак»?

Напрошваецца пытанне: няўжо аўтарытарная Беларусь, дзе няма адкрытых, сумленных выбараў, дзе ў турмах сядзяць палітвязні, дзе парушаецца права на свабоду думкі і слова, на правядзенне пратэстных пікетаў, мітынгаў і маніфестацый, дзе ўведзена жорсткая падкантрольнасць судоў і СМІ, мае такое эталоннае дзяржаўнае ўладкаванне, што яе сталіца — выдатная пляцоўка для перамоў? Усе нармальныя людзі прымаюць і вітаюць запавет вядомага палітыка У. Чэрчыля: «Лепш размаўляць, чым ваяваць», але важнейшыя тэмы міжнароднай бяспекі лепш абмяркоўваць на тэрыторыі сапраўды нейтральнай краіны, а не яўнага сатэліта агрэсара.

Заходнія дзяржаўныя мужы часта заяўляюць, што яны ведаюць унутранае і знешняе жыццё Беларусі, а таму вынікова працуюць з рэжымам, вядуць яго да дэмакратыі. Дазволю сабе рашуча не пагадзіцца з такой саманадзейнасцю.

У час візітаў госці фіксіруюць колькасць новабудоўляў, чысціню галоўных вуліц Мінска, дакладны рух грамадскага транспарту, прыстойнае адзенне і абутак прахожых. Знешне ўсё выглядае нібыта прыстойна, па-еўрапейску, за выключэннем хіба толькі адсутнасці ўсмешак на тварах людзей. Гэта можна не заўважаць або спісаць на асаблівасці менталітэту, але ж...

Заходнім палітыкам, безумоўна, вядома такое паняцце, як адміністратыўны рэсурс, ды яны да канца не ўяўляюць велізарных маштабаў яго прымянення, паўсюднага пранікнення і разбуральнага ўздзеяння на грамадства ў Беларусі.Еўрапейскія і амерыканскія дэмакратызатары слаба вывучаюць мясцовую спецыфічную з’яву — з’яўленне розных відаў хітрай ізаляванасці ўнутры краіны. Яны не бяруць пад увагу факт татальнага адхілення грамадзян ад дзяржаўнага жыцця, для чаго ўлада прымяняе не толькі фальсіфікацыі і падтасоўкі пры падліку галасоў на выбарах, але і сотні іншых спосабаў. Калі ты не жывеш у Беларусі, то немагчыма зразумець, што тут адбываецца.

Каб убачыць мясцовую ізаляванасць (народа — ад удзелу ў кіраванні краінай, дзяржаўных СМІ — ад праўды, судоў — ад сапраўды прававога, законнага разгляду спраў, улады — ад жыццёвых патрэб грамадзян, іх дабрабыту), трэба ведаць гісторыю СССР. У 1924 годзе дыктатар Сталін вызначыў курс на «построение социализма в отдельно взятой стране», што азначала развіццё грамадства ў строгай адгароджанасці ад астатняга свету. Ідэалагічная экспансія савецкай мадэлі дзяржаўнага ладу ў Азію, Афрыку і Лацінскую Амерыку працягвалася да канца 80-х гг. мінулага стагоддзя. Прапаганда сцвярджала, што «СССР идет в авангарде передового человечества».

Нешта падобнае сёння стараюцца давесці свету аўтарытарныя Расія і Беларусь, якія заявілі пра прадвызначаны ўласны «особый путь». Усходняя саюзніца нагнятае «великодержавность», прапаганда ўдзёўбвае ў галовы людзям, што рускія — гэта такая цывілізацыя, якой патрэбны не дэмакратычныя каштоўнасці, а «жалезная рука» ў асобе У. Пуціна. Ролю «месіі», які не вядзе народ за «прагнілым Захадам», а торыць сваю сцежку, узяў на сябе і беларускі правіцель.

Два аўтакраты, нягледзячы на ўзаемны недавер у асабістых стасунках, старанна прыкрываюць і абараняюць адзін аднаго на міжнародным узроўні. Яны ідуць на самыя розныя выверты, каб пазбегнуць санкцый, мець замежныя высокія тэхналогіі, якасныя тавары і прадукты. А Беларусь яшчэ хоча атрымліваць халяўныя дывідэнды і з расійскага стала, хоць ён прыкметна збяднеў.

Марна Захад спадзяецца на свае выхавальніцкія здольнасці і цярплівасць. Пазіцыя Расіі і Беларусі нязменная: вы дайце нам патрэбныя пазыкі, мы будзем з вамі развіваць эканамічныя стасункі і гандляваць, але не вучыце нас цывілізаваным паводзінам, не лезьце з прававымі і маральнымі нормамі, бо тое, што ўнутры нашых краін, вас ніяк не тычыцца.

Узурпатары ўлады жывуць як у Бога за пазухай. Яны ўладкаваліся лепш, чым савецкія кіраўнікі, пра што расіяне і беларусы кажуць у інтэрнэце: «Правяць, як Сталін, а жывуць, як Абрамовіч».

Зменена манера стасункаў правіцеляў з насельніцтвам. Сталін для піяру не выкарыстоўваў сустрэчы з працоўнымі калектывамі, ён толькі пісьмова віншаваў іх з пэўнай перамогай. Часцей у Крэмль прад «мудрые очи вождя» дастаўлялі спецыяльна выбраных прадстаўнікоў народных масаў. А выхад дыктатара «на людзі» быў з’явай унікальнай і станавіўся вялікім святам.

Сённяшнія аўтакраты не вылазяць з экранаў тэлевізараў, выкарыстоўваюць нават нязначную прычыну, каб выехаць з батальёнамі ахоўнікаў у нейкі калектыў, выступіць там, паказаць, хто ў доме гаспадар, хто ўсіх корміць і поіць, апранае і абувае, без каго спыніцца жыццё ў краіне.

Шырока адчыненыя дзверы для патрэбных гасцей — гэта таксама яшчэ не азначае адкрытасць і шчырасць. Замежныя інвестары і піяршчыкі неабходны аўтакратам для ўтрымання ўлады, а ўсё астатняе — другаснае…

Савецкія людзі ганарыліся асваеннем космасу, хакеем, балетам. Цяпер і гэтага няма. Назапашаны эканамічны і навуковы патэнцыял у Расіі і Беларусі змізарнеў. Лепшыя спецыялісты, пераважна маладыя, не могуць працаваць у затхлай, аўтарытарнай атмасферы, едуць за мяжу.

Пасля агрэсіўных дзеянняў у Крыме, на ўсходзе Украіны і баёў у Сірыі шмат расіян лікуе: «Надо показывать силу! Нас в мире зауважали!» Ды не паважаюць вас, а баяцца, палохаюцца так, як вар’ята з небяспечнай брытвай або з аўтаматам Калашнікава ў руках.

Негатыўнае стаўленне ў свеце да Расіі, якая за апошні час неаднаразова была злоўлена на цынічным падмане, кладзецца змрочным ценем і на Беларусь.

Выснова майго роздуму такая — манія велічы, не падмацаваная разумнай палітыкай і эфектыўнай эканомікай, лопаецца, як мыльны пухір. А «особый путь» заканчваецца разбуральнай ізаляванасцю і поўнай дэградацыяй.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Пасля маскараду

Падабенства і адрозненне

Ваяўнічыя «міратворцы»

У віры бесперспектыўнасці

Loading...

Добавить комментарий