Курсы валют

Доллар США
2.0944
Евро
Российский рубль

Погода

14..16 °C

Пункт гледжання

Налёт «саранчы»

Zakonnikov

Некалькі разоў мне давялося пабыць у Таджыкістане. Якраз там назіраў не толькі цяжкую працу маленькіх дзяцей на зборы «белага золата», далікатныя пальчыкі якіх да крыві ранілі вострыя краі каробачак бавоўны, але і жахлівае відовішча налёту на зялёныя палеткі вялізных хмараў саранчы.

Забыць імгненную расправу з расліннасцю, наладжаную ненажэрным шкоднікам, немагчыма. Саранча наводзіла жах на земляробаў здаўна — яшчэ за 3000 гадоў да нашай эры. Яна не дае ім спакою і цяпер. Сёлета плошча распаўсюджання саранчы ў краіне склала 88 тысяч 195 гектараў. Тут стварылі рэгіянальныя штабы па барацьбе са шкоднікам, задзейнічалі тысячу сезонных працаўнікоў і каля 80 трактараў.

Згадаць саранчу і пацікавіцца тым, як яе ліквідуюць працавітыя таджыкі, да якіх маю сімпатыю, мяне змусілі мясцовыя падзеі. Рэгулярныя звесткі пра карупцыйныя злачынствы з боку прадстаўнікоў улады і сілавікоў сведчаць, што ў Беларусі пад лозунгам навядзення «жэстачайшай» дысцыпліны і парадку выведзены ўласны від «саранчы», якая ўжо трэцяе дзесяцігоддзе знішчае дзяржаўны бюджэт, аб’ядае ўсе галіны гаспадарання, апусташае кішэні грамадзян.

Ёсць суайчыннікі, якія крыўдзяцца, калі напамінаеш, што ў іх кароткая, «дзявочая» памяць. А дарма, бо многія беларусы забываюцца нават пра падзеі, якія адбываліся месяц назад.

Тым не менш жыхарам краіны карысна ўспомніць шматлікія грозныя заявы пра барацьбу з карупцыяй правіцеля краіны. Следам за ім геройскімі змагарамі з самым распаўсюджаным злом у эшалонах улады заяўлялі сябе і высокапастаўленыя фігуранты крымінальных спраў, якія з важных крэслаў перманентна перасяляюцца ў турэмныя камеры.

Што ж атрымалася ў сапраўднасці? Жыццё паказала — кожны прэтэндэнт на чыноўніцкае крэсла думае не пра тое, як лепш арганізаваць працу на даручаным участку гаспадарання, а што можна, дзякуючы службоваму становішчу, пакласці ва ўласную кішэню і прысабечыць з нерухомасці. Прытым трэба не засвяціцца. Толькі з такога пункту гледжання ім разглядаецца будучая пасада.

Сядзіць «каштоўны кадр» перад правіцелем на гутарцы, лісліва заглядае яму ў вочы, клянецца ў сумленнасці і вернасці босу, а сам хітрынька думае: калі на самы верх пастаянна цякуць грошы, калі спакойна крадзе памочнік прэзідэнта, калі майму папярэдніку можна было добра «пацерабіць» казну, то чым жа я горшы?

Для таго каб адбываліся злачынствы, павінны быць адпаведныя ўмовы. Аўтарытарызм — гэта выдатнае асяроддзе для крадзяжоў. Мне могуць запярэчыць: злодзеі ва ўладзе ёсць і ў развітых дэмакратычных краінах. На жаль, гэта так, але там іх непараўнана менш, бо парушальнікаў ловяць хутка і караюць жорстка.

Чаму ў Беларусі не змяншаецца, а значна пашыраецца карупцыя? Нават сарамлівая афіцыйная статыстыка, калі справа тычыцца негатыву, вымушана паведаміць, што за паўгода выяўлена 1000 карупцыйных злачынстваў.

Такое становішча склалася таму, што правіцель лаяльны да верных слуг — раскрадальнікаў дзяржаўнай казны і хабарнікаў. Сцібрыў такі «герой» 200 тысяч долараў, злавілі за руку. Даводзіцца сесці на некалькі месяцаў у камеру і вярнуць грошы для частковага пагашэння крадзяжу. Але ў турме ён не затрымаецца, акрамя таго настрой падтрымлівае думка, што ў яго ёсць мільёны долараў, распіханыя па родзічах і «надзейных сябрах». Калі ўсё супакоіцца, можна красці далей. Нічога страшнага ў яго лёсе не адбудзецца, у крайнім выпадку спіхнуць у калгас. Але ж і правіцель некалі камандаваў саўгасам...

Чалавек па сваёй прыродзе — ўласнік, шчыра прызнаемся, што ў кожнага з нас былі выпадкі, калі хацелася прысабечыць тое, што «кепска ляжала». Але хрысціянская запаведзь кажа: «Не ўкрадзі!» Большасць людзей у Беларусі (вернікаў розных канфесій і атэістаў) яе і трымаецца, ды ўсё ж з’яўляюцца індывіды, якія хочуць разбагацець не за кошт ініцыятыўнай працы, а шляхам злачынстваў, бо так атрымліваецца намнога хутчэй.

Люта ненавідзячы хлусню і крадзяжы, я вымушаны зрабіць агаворку. Людзі старэйшых пакаленняў памятаюць, якая цяжкая сітуацыя з матэрыяльным дабрабытам панавала ў СССР. Я заспеў той час маленькім, бо нарадзіўся яшчэ пры Сталіне ў пасляваенным галодным 1946 годзе. Можна зразумець удоў, якія, каб накарміць дзяцей, прыносілі дахаты нешта з калгаснага поля: жменьку каласкоў, некалькі бульбін або буракоў. Не ад добрага жыцця, а таму што сапраўды жылі бедна, паўсюдна савецкія грамадзяне выносілі з месца працы нейкую прадукцыю, каб спажыць або прадаць і мець за гэта капейчыну.

У савецкі час крадзяжы чыноўнікаў (безумоўна, не ў такіх памерах, як сёння!) тлумачылі тым, што ў іх малыя зарплаты. Сапраўды, дзяржаўныя службоўцы атрымлівалі тады не намнога больш грошай, чым у сярэднім простыя працаўнікі.

Цяпер жа гаворка ідзе пра злодзеяў, якія маюць аклады, вышэйшыя ў шмат разоў за сярэднюю зарплату па краіне, жывуць у шыкоўных катэджах на прыродзе і яшчэ маюць значную жылплошчу ў гарадах, валодаюць маштабнымі зямельнымі ўчасткамі, вялікімі банкаўскімі рахункамі. Але ім мала! Сённяшні чыноўнік хоча запусціць сваю прагную лапу яшчэ далей у дзяржаўную казну.

Мала хто з грамадзян усведамляе, у якія велізарныя сумы выліваецца налёт чыноўніцкай «саранчы» на бюджэт. Паспрабуйце заняцца арыфметыкай, складзіце лічбы, якія фігуруюць толькі ў вядомых карупцыйных крымінальных справах, і вы жахнецеся ад яе вынікаў. А кожны ўкрадзены рубель — гэта нашы зарплаты і пенсіі, сацыяльныя дапамогі, новыя бальніцы, школы, дарогі.

Калі драбнейшыя карупцыянеры яшчэ часам выводзяцца на «чыстую ваду» і трапляюць хоць пад нейкае нязначнае пакаранне, то самыя мацёрыя з іх не нясуць ніякай адказнасці.

На Захадзе пастаянна друкуюцца паведамленні пра астранамічныя сумы ў валюце і дарагую нерухомасць, якія шляхам карупцыі займелі і захоўваюць за мяжой аўтарытарныя правіцелі краін, што ўзніклі на тэрыторыі былога СССР. У іх называюцца канкрэтныя прозвішчы і лічбы. Калі еўрапейскія і амерыканскія дзяржаўныя дзеячы валодаюць сур’ёзнай абвінаваўчай інфармацыяй, то чаму б не давесці справу да канца, не даць каманду спецыялістам на правядзенне расследавання па кожнай падазронай асобе, знайсці ўкрадзенае, раскрыць фінансавыя і маёмасныя таямніцы?

Нягледзячы на заблытанасць аперацый і замятанне злачынных слядоў, высветліць праўду можна. Канешне, калі толькі хацець зрабіць гэта, а не весці з аўтакратамі амаральныя, але прыбытковыя для сябе гульні.

Пустыя размовы і публікацыі, не пацверджаныя канкрэтнымі дакументамі, толькі падрываюць веру сумленных людзей у немінучасць пакарання высокапастаўленых злачынцаў, у справядлівасць міжнароднага заканадаўства і правасуддзя.

Палітолаг А. Піянткоўскі піша: «В мировой политике, к сожалению, редко случается, чтобы принимаемое решение было бы одновременно и нравственным, и прагматичным. Возвращение народу России похищенных его собственными вождями астрономических средств стало бы именно таким политическим и юридическим шагом». Заўвага тычыцца і беларускіх кіраўнікоў, але яна — з галіны фантастыкі. Ніхто вяртаць скрадзенае не збіраецца.

Пакуль што ў штабах па барацьбе з карупцыяй у Расіі і Беларусі засядае сама пражорлівая чыноўніцкая «саранча».

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Любімы прыёмчык

Стаўка на творчасць

Трагічны кругазварот

Параліч волі

Loading...

Добавить комментарий