Курсы валют

Доллар США
2.0793
Евро
Российский рубль

Погода

12..14 °C

Пункт гледжання

Халодная зброя

Zakonnikov

На фасадзе школы ў Стоўбцах, дзе адбылася крывавая трагедыя, змешчаны лозунг: «Мы — будучае Беларусі!». Але якраз прыгожая дэкларацыя змушае задумацца: за тры гады ў невялікай краіне — тры жудасных здарэнні, здзейсненыя падлеткамі!

Якая будучыня чакае наш цярплівы народ? Чаму моладзь выходзіць за рамкі маралі? Наскокам, як гэта звычайна робіць аўтарытарны рэжым і яго прапаганда, праблемы сучаснага жыцця асэнсаваць немагчыма. У кожнай праяве жорсткасці ёсць свая прычына і асаблівасці. Але трагедыі вядуць да высновы, што ў «беларускім каралеўстве» нешта няладнае з маральным здароўем.

З распадам СССР мы трапілі ў новыя ўмовы жыцця. Пасля сацыяльнай ураўнілаўкі, дэфіцыту, аскетызму насельніцтва кінута ў вір назапашвання багацця, што яно і робіць — адзін перад адным. Праўда, для большасці ўсё скончылася на стадыі нялёгкага выжывання. Грамадства размежавана на вузкі клан багатых і вялікую колькасць бедных. Кардынальна змяніліся ўзаемаадносіны між людзьмі, стала больш абыякавасці, недаверу і зайздрасці.

Адбыліся перамены і ў глабальных маштабах. Касмічна пашырана сувязь, інфармаванасць, можна патэлефанаваць або звязацца па кампутары з далёкай мясцінай, атрымаць у інтэрнэце патрэбныя звесткі. Жыццё чалавецтва набыло іншы змест і сэнс, краіны разам рашаюць складаныя палітычныя, эканамічныя і экалагічныя праблемы.

Усё змянілася, але беларусы, маючы новыя стасункі паміж сабой і з вялікім светам, аснашчаныя камфортнымі аўтамашынамі, класнымі кампутарамі і побытавай тэхнікай, працягваюць існаваць у «саўгасе» з прымітыўным кіраўніцтвам, з разнарадкамі і прачуханкамі.

Прапаганда ўдзёўбвае ў галовы людзей думку, што мы жывем у самай спакойнай, заможнай і шчаслівай краіне ў свеце. Калі адбываюцца бытавыя трагедыі, аварыі на вытворчасці па віне кіраўніцтва ці саміх працаўнікоў, або паводле загаду ўлады жорсткі разгон міліцыяй мірных пратэстных мітынгаў, то тэлебачанне следам за змрочным паведамленнем абавязкова паказвае «чорны» сюжэт з Амерыкі, Францыі, Германіі, Англіі… Для застрашвання насельніцтва чужымі бедамі стала выкарыстоўвацца і Расія. Маўляў, наша трагедыя — гэта дробязь, вы лепш паглядзіце, што ў іх робіцца! Трубадуры аўтарытарызму падаюць інфармацыю так, нібы мясцовыя беды, нават смерці — таксама «лепшыя на планеце».

У нашай дзяржавы маецца значная колькасць агнястрэльнай зброі, яе запасы папаўняюцца. Ваенна-прамысловы комплекс самастойна і сумесна з Расіяй распрацоўвае і выпрабоўвае новыя віды.

Але яшчэ большы арсенал складае зброя ў «халодным» варыянце. Гэта не толькі нажы, якія маюцца ў кватэрах і хатах, або хцівыя кінжалы, фінкі і заточкі крымінальнікаў. Самыя распаўсюджаныя яе віды — хлусня і гвалт. Яны пускаюцца ў ход няспынна...

Чалавек, яго звычкі і характар фарміруюцца з нараджэння, чым займаецца сям’я. Ёй дапамагаюць дзіцячыя яслі і садкі, дзе адбываецца сацыялагізацыя і адаптацыя ў калектыве. Так робяць і на Захадзе, але там бацькі самі вырашаюць, колькі іх дзіця можа быць у грамадзе. У нас жа малых здаюць на цэлы дзень, бо не толькі бацьку, а і маці трэба зарабляць грошы. Мінус такой вымушанай практыкі ў тым, што ў натоўпе часта страчваецца індывідуальнасць дзіцяці.

Пасля, нягледзячы на тое, што дзеці, падлеткі значную частку сутак праводзяць у школе, сям’я ўсё роўна мусіць заставацца самым блізкім і дзейсным выхавальнікам. Бацькі павінны першымі заўважаць змены, якія адбываюцца ў паводзінах нашчадкаў, рэагаваць на іх.

Але часта нават у «нармальных» сем’ях увагі і блізкасці няма, дзеці жывуць самі па сабе, бо бацькі занятыя: большасць з цяжкасцю выжывае, частка знясілена клопатным прадпрымальніцтвам, а «прасунутыя» кіруюць, цярэбяць казну, хабарнічаюць, крадуць.

Адказнасць за выхаванне нашчадкаў перакладаецца на школу, гімназію, ліцэй. Таму працэс атрымліваецца аднабокім, недасканалым і неэфектыўным. Намнога горш жывецца дзецям у сем’ях, дзе бацькі ўлягаюць у алкаголь, не даюць ім нават самага неабходнага.

У рэальным жыцці рамантычнасць, летуценнасць падлеткаў улабавую сутыкаецца з дарослым светам — хлуслівым, агрэсіўным і жорсткім. Многія беларусы мяркуюць, што прапагандысцкая хлусня, якая гучыць з трыбун, у дзяржаўных СМІ, праходзіць бясследна, не прыносіць шкоды. Гэта не так. Частка прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў смяецца над абсурднымі пасажамі і дурнотаю, ведае цану новым абяцанкам. Але ж ёсць шмат тых, хто развешвае вушы і глядзіць «цару» ў рот.

Хлусня, якая ліецца зверху на моладзь, уплывае падобна вірусу. Яна пашырае колькасць ахвяраў. Сказаць няпраўду стала проста, гэта не лічыцца ганебным учынкам. Толькі самыя сумленныя і разумныя юнакі і дзяўчаты могуць маральна выстаяць.

Не меншую шкоду грамадству прыносіць гвалт. Адбыўся перакос у бок камандных метадаў кіравання, празмернага ўжывання сілы, павышанай прапагандысцкай, матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі рэпрэсіўных органаў у параўнанні з цывільнай сферай.

Моладзь назірае за паводзінамі правіцеля, яго прыслужнікаў, міліцыі, спецслужбаў, капіруе цынізм, бескультур’е. Яна ўлічвае ўзровень зарплат і актыўна папаўняе шэрагі сілавых структураў. Але часта гэта не самыя адукаваныя і выхаваныя выпускнікі школ, што стварае праблемы. Каб пераканацца, дастаткова глянуць, як сябе паводзяць многія міліцыянеры, прадстаўнікі спецслужбаў. Практыка сведчыць пра дэманстратыўны паказ сілы, грубае абыходжанне са старымі людзьмі, падлеткамі, жанчынамі, інвалідамі, пра хлуслівыя сведчанні ў судах, выдуманыя пратаколы, розныя фальсіфікацыі і падтасоўкі.

Якасныя сілавыя структуры, калі ўдасца калі-небудзь стварыць такія, — гэта выдатна. Але ж яны існуюць на бюджэтныя грошы, на падаткі. Краіна трымаецца на эканамічным падмурку, створаным звычайнымі грамадзянамі. Гэта не «людзі ў пагонах», якія бяруць «пад казырок» і выконваюць каманду. Тут кожны мае ўласную думку, не прымае падман, валюнтарызм, дурноту. З цывільным людам (асабліва з моладдзю!) для ўлады знайсці агульную мову непараўнана складаней.

Мне здаецца, што ў трагічных здарэннях найперш вінавата агульная нездаровая атмасфера аўтарытарнай Беларусі: хлусня на выбарах, у СМІ і ў паўсядзённым жыцці, павальная карупцыя ў вярхах, гвалт, штрафы. Гэта выніковая «халодная зброя» супраць народа, але яна вяртаецца бумерангам. На жорсткасць рэагуюць дзеці, прымяняюць яе ў сваіх разборках. Падлеткі са звіхнутай псіхікай хапаюцца за нажы і пачынаюць рэзаць усіх, хто трапіць пад руку.

«Железный порядок», які куецца 25 гадоў, не спрацоўвае. Таму ўладзе трэба не сілавыя структуры нарошчваць, не лядовыя палацы будаваць, не затратныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы праводзіць, а ўдзяляць увагу стварэнню умоў, пры якіх сем’і могуць мець нармальны дабрабыт і больш часу аддаваць дзецям, палепшыць выхаваўчы працэс у школах, разгрузіць настаўнікаў ад навязаных начальствам пабочных даручэнняў, забяспечыць пасады псіхолагаў ва ўсіх навучальных установах. Дарэчы, дапамога псіхолага бывае неабходнай і самім педагогам.

Без засвоеных з маленства маральных правілаў, культуры, сумленнасці і духоўнасці ў нацыі няма будучыні. Мы абавязаны гэта памятаць.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Паніклыя люцікі

Усе — на абарону!

Пагоня за піярам

Родныя людзі

Loading...

Добавить комментарий