Курсы валют

Доллар США
2.0341
Евро
Российский рубль

Погода

11..13 °C

Пункт гледжання

Насустрач вайне

Zakonnikov

На фоне нечуванага мілітарысцкага шабашу, які цяпер пануе ў Крамлі і ў расійскім грамадстве, папулярная ў савецкі час песня «Хотят ли русские войны?» гучыць не заклікам да міру, а здзекам. Перыяд, калі Расія прыціхла, зменшыла выдаткі на выраб новых відаў зброі і ўмацаванне арміі, прайшоў.

Традыцыйныя расійскія імперскія амбіцыі супалі з імкненнем шараговага афіцэра КДБ СССР стаць самым уплывовым сусветным лідарам. Пуцінская Расія пераключылася на ваяўнічыя песні. «Русские мальчики», якім даўно за 40—50 гадоў, не маюць меры ў дурнаватых прыколах і сцёбах над ненавісным ім Захадам. У звязку з гэтым варта згадаць заявы расійскіх сенатараў, дэпутатаў, тэлевізійныя палітычныя шоў, гульні «КВН», «Поле чудес» і г.д. Але Канцэртны хор Санкт-Пецярбурга пераплюнуў усіх, бо 23 лютага 2019 года ў «День защитника Отечества» ў праваслаўным Ісакіеўскім саборы (!) выканаў прымітыўную, «жартоўную» песеньку пра абстрэл «города Вашингтона»:

На подводной лодочке с атомным моторчиком,
Да с десятком бомбочек под сотню мегатонн,
Пересек Атлантику и зову наводчика:
«Наводи, говорю, Петров, на город Вашингтон!»

Тру-ля-ля, тру-ля-ля,
Все могу за три рубля!
Здравствуй, новая земля
Неприятеля!»

Можна было б не звяртаць увагі нават на злавесныя прыколы, бо Расія заўжды вызначалася мілітарысцкай «экстравагантнасцю», але для трывогі ёсць больш важныя падставы. Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл краіны В. Герасімаў агучыў ваенную дактрыну, змест якой «составляют вопросы подготовки к войне и ее ведение Вооруженными силами». Ён патлумачыў, што трэба рабіць: «Сложность современного вооружения такова, что наладить его производство в короткие сроки с началом военных действий вряд ли удастся. Поэтому все необходимое должно выпускаться в требуемом количестве и поступать в войска еще в мирное время. Мы должны всеми силами обеспечить техническое, технологическое, организационное превосходство над любым потенциальным противником».

Атрымліваецца, што армія Расіі павінна пераўзысці астатнія ўзброеныя сілы на планеце. Такой фантастычнай задачы не ставіў нават СССР, хоць у 1991 годзе разваліўся ў першую чаргу з прычыны ўдзелу ў гонцы ўзбраенняў. Нічога добрага не чакае і пуцінскую імперскую Расію, якая ўступіла ў ваеннае суперніцтва з Захадам, а больш канкрэтна — з Амерыкай.

Пастаянна, калі крамлёўскім правіцелям не хапае «силёнок» у эканамічным і тэхналагічным спаборніцтве, яны хапаюцца за «ядзерную дубіну»: «Эх, дубинушка, ухнем!»

Існаванне імперскай Расіі — гэта бясконцыя ўласныя войны або ўдзел у блоках ваюючых краін. Мілітарысцкая агрэсіўнасць не спыняецца і ў ХХІ стагоддзі. Журналіст А. Венідзіктаў працытаваў фрагмент гаворкі з Пуціным. Пытанне: «Владимир Владимирович, вы понимаете, что мы приближаемся к войне?» Адказ: «Да. И мы в ней победим». Якой жа подлай абыякавасцю да чалавечых жыццяў, да народа патыхае ад фанабэрыстых слоў! Асабліва гнюсным лічу тое, што дзяржава мэтанакіравана ўцягвае ў «юнармейскі рух» гадаванцаў дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў, бо за іхні мірны лёс няма каму пастаяць.

Але за ліхаманкавай мілітарызацыяй Расіі і пігмейскай пыхаю яе правіцеля, за бясконцымі ваеннымі вучэннямі, за рознымі «Тополями», «Воеводами», «Булавами», «Сарматами», «Кинжалами», «Авангардами», «Посейдонами», «Буревестниками», «Цирконами» ёсць рэаліі. Хоць міністр абароны РФ С. Шойгу хваліцца, што ў Сірыі выпрабавана 300 відаў зброі, ды арсенал састарэў, на новы трэба шмат грошай. Ваенныя выдаткі ЗША ў 10 разоў вышэй, чым расійскія, а войскі маюць выдатную прафесійную вывучку. З кім надумалі дужацца?

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што і Амерыцы, якая была і застаецца ключавым гульцом на планетарным полі, неабходна ўдасканальваць метады міратворчай дзейнасці. У яе ёсць магчымасць без шкоды ўласным інтарэсам паводзіць сябе больш разумна і прынцыпова, не дапускаючы памылак. Але, нягледзячы на асобныя пралікі, адданасць самай магутнай краіны свету дэмакратычным ідэалам, гатоўнасць іх адстойваць не выклікаюць сумнення.

Чалавецтва сваім драпежным спажывецтвам давяло планету да прыроднага дысбалансу: глабальнага пацяплення, анамальных землятрусаў, цунамі, паводак, смерчаў, ураганаў. Атамнай ваеннай валтузні яна не вытрымае.

Сёння не той час, калі трэба ваяваць. Свет жыве ў новых умовах, намаганні людзей павінны быць скіраваны на выжыванне ў экалагічным дыскамфорце, на ўхіленне ад касмічных пагроз. Ёсць магчымаць дамаўляцца, вырашаць канфлікты, не пераходзіць «чырвоную рысу».

У Расіі гучыць прапагандысцкі лозунг: «Можем повторить!» Але што за паўторам? Зноў загінуць дзясяткі мільёнаў мужчын, застанецца акіян удоў і сірот?

А за якое жыццё расіянам прапануецца класці галовы? Масква займае трэцяе месца ў свеце па колькасці доларавых мільярдэраў (пасля Нью-Ёрка і Ганконга). У Лондане самым багатым жыхаром стаў расійскі алігарх М. Фрыдман. У кампаніі багацеяў знаходзіцца і прэзідэнт У. Пуцін, хоць у дэкларацыях ён хаваецца за старымі «нивой» і дзвюма «волгами». Затое 39% звычайных расіян аднесены да ліку бедных, сярэдняя зарплата ў краіне 40 000 рублёў (560 долараў), пенсія каля 13 400 рублёў (205 долараў). Эканамічная няроўнасць паміж самымі беднымі і самымі багатымі вырасла ў 17 разоў (!).

Падрабязна спыняюся на сучасным стане Расіі таму, што мы прыкаваны да яе саюзнай дамовай, якая больш небяспечная для беларусаў, чым расійскія танкі.

Роля аўтарытарнай Беларусі ў міжнароднай палітыцы амаль нулявая, у планетарным маштабе яе армія — мізэрная часцінка. Але і такая нязначная сіла не павінна разам з атамнай дзяржавай удзельнічаць у нагнятанні напружанасці.

Уражвае слепата і беспрынцыпнасць некаторых заходніх палітыкаў, экспертаў і журналістаў, якія надзяляюць А. Лукашэнку міратворчымі заслугамі. Як можна лічыць міралюбным рэжым, які абапіраецца не на грамадства, а на міліцыю, КДБ і армію, пра што правіцель заяўляе публічна?

У Беларусі зведзены да фікцыі дэмакратычныя нормы, няма сумленных, адкрытых выбараў. У звязцы з Расіяй ідзе актыўная мілітарызацыя, у якую ўкручваецца не толькі армія, але і цывільнае грамадства, павялічваюцца выраб і аб’ёмы продажу зброі. Тое, што Мінск фігуруе як міратворчая пляцоўка — гэта здзек над здаровым сэнсам у справе захавання спакою ў рэгіёне...

Рэжымам Беларусі і Расіі трэба спыняць агрэсіўную палітыку, не шукаць ворагаў, бо яны сядзяць на «парахавых бочках». Ім пагражае іншая вайна — грамадзянская. Народам, загнаным у палітычнае і эканамічнае рабства, надакучыла трымаць на шыях сапселых узурпатараў і іхніх прыхлябацеляў. Сітуацыя вымушае зноў успомніць песню «Дубинушка»:

Но настанет пора, и проснется народ,
Разогнет он могучую спину,
И на бар и царя, на попов и господ
Он отыщет покрепче дубину.

Аўтарытарызм — гэта прычына сацыяльных узрушэнняў на планеце. А любое лакальнае супрацьстаянне можа справакаваць маштабнае ядзернае «тру-ля-ля»…

Рэаліі паказваюць, што свет з паскарэннем рухаецца насустрач знішчальнай бойні. Людзям добрай волі трэба спыняць цынічных крывадушнікаў, якія крычаць, што хочуць міру, а самі нагнятаюць ваенны псіхоз.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Скінемся на лаяльнасць?

Крытыка з падпечку

Доўгая лава

Бутэрброд з ікрой

Добавить комментарий