Categories: Социум

«Вольны горад» — гэта выспа «несаўка»

Грамадзянская ініцыятыва «Вольны горад» у Брэсце нечым нагадвае герояў папулярнай у савецкія часы «Цімура і яго каманды» Гайдара. Толькі тут не хаваюцца, а, наадварот, імкнуцца дэманстраваць сваю дзейнасць. Бо на мэце не толькі ўпрыгожыць навакольны свет, але заахвоціць да супольнай працы іншых. 

Ну вось, напрыклад: пляцоўкі дзіцячыя не рамантаваліся дзесяцігоддзямі. Ёсць меркаванні, што з моманту ўсталявання, з 70—80 гадоў мінулага стагоддзя. Дык вось, сябры «Вольнага гораду» не вохкаюць, не пішуць марныя скаргі-просьбы, а набываюць фарбы розных колераў — і фарбуюць, дзе могуць — рамантуюць.

— Тое, канешне, не заменіць якаснага рамонту. На добры лад усё старасавецкае ламачча замяняць ужо трэба, а не рамантаваць. Але пафарбаванае, падчышчанае — нават яно глядзіцца зусім інакш. Як бы тое банальна ні гучала, але каляровае наваколле — прыгажэй за іржава-шэра-чорнае, ніхто з гэтым не паспрачаецца, — тлумачыць Паліна Панасюк, лідарка ініцыятывы.

Ініцыятыва яднае валанцёраў, якія паступова далучаюцца, гледзячы на тыя ці іншыя справы арганізацыі. Узрост сябраў ад 25 да 35. Ёсць людзі, якія прыходзяць, паглядзяць ды сыходзяць, а ёсць, хто наўмысна шукае аднадумцаў, бо мае ўласныя ідэі, для ажыццяўлення якіх не хапае «талакі».

— Моладзі сёння даступны інтэрнэт — а гэта магчымасць фактычна ўбачыць увесь свет, як там жывуць людзі. І моладзь, натуральна, імкнецца да яркага, прыгожага, разнастайнага. З іншага боку, яны ўсведамляюць, дзе жывуць, асэнсоўваюць, як шмат губляюць, што жыццё можа так вось і мінуць у беларускім балоце, як мінае маладосць… Таму стэрэатып пра спітую ад шэрага сёння і змрочнага заўтра моладзь не зусім справядлівы: хутчэй жлукцяць ад безвыходнасці «саўка» навокал.

Ну, а «Вольны горад» яднае тых, якія выхад ствараюць самі. Вольны — гэта вольны ад стэрэатыпаў і вольны сам рабіць выбар, як сабе жыць. Гэта такая выспа «несаўка», якая ўвесь час пашырае сваю колькасць прыхільнікаў. Праз самыя простыя рэчы.

— Улетку ачышчалі бераг возера Луна. Я думаю, кожны сутыкаўся з тым прыкрым пачуццём, калі ідзеш да ракі ці возера з такім хвалюючым чаканнем прыгажосці ды прахалоды, а бачыш там увесь бераг у бітым-недабітым шкле выпітых бутэлек, акуркі ці іншую брыдоту. Пагадзіцеся, прыкра? І што большасць людзей у гэтай сітуацыі зробіць? Мацюкнецца ды пойдзе далей. А мы вырашылі адказваць дабром на зло: прыбралі кавалак берагу, пачысцілі ад смецця дно — некалькі велічэзных мяхоў сабралі!

Па вялікім рахунку, сябраў «Вольнага гораду» можна лічыць валанцёрамі шырокага спектру дзейнасці.

— Проста са з’явай валанцерства ў Беларусі ўсё складана. Пэўна, колішнія «цімураўцы» былі савецкім адпаведнікам валанцёрам капіталістычных краін. Але паступова абавязалаўка, суботнікі і іншая трасца камуністычнай ідэалогіі забілі добрыя парасткі самой з’явы добраахвотнай дапамогі. Гэта вельмі шматплынная з’ява, — кажа адзін з сябраў арганізацыі, студэнт-сацыёлаг Алесь. — На Захадзе валанцёрства — не проста норма, а частка жыцця амаль кожнага. Гэта фармуе іншы погляд на свет, на сваю ролю ў ім і на разуменне, што ў свеце залежыць асабіста ад цябе.

Апроч кантактаў з вонкавым светам, «Вольны горад» клапоціцца і пра ўнутранае развіццё сваіх сябраў.

— Летам упершыню рабілі эксперыментальную сямейную вандроўку. Сабралі ахвотных і з дзеткамі паехалі да лесу. Маршрут быў прадуманы загадзя, каб паказаць малышні прыгожыя касцёлы, палацы. Дый лес для гарадскіх дзетак — ўяўленне пра свет. І колькі дзён у беларускамоўным асяродку пасярод рускамоўнай штодзённасці былі ў радасць і малым, і дарослым.

На погляд Паліны, усё, што робіць «Вольны горад», — звычайная рэчаіснасць:

— У нармальнай краіне гэта натуральная форма функцыянавання грамадства. Аднак у нашых умовах, на жаль, яна ператварылася ў нешта надзвычайнае. Нам больш зразумела, калі гэта называецца «акцыя». А варта ўжо вяртацца да нармальнасці.

Ахвотныя берасцейцы могуць далучыцца да грамадскай ініцыятывы «Вольны горад», напісаўшы на пошту: volnyhorad@gmail.com

Юлія РАМАШКЕВІЧ

Фото: realbrest.by/

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023