Categories: Выборы

Хроніка «пікіруючага» кандыдата ў дэпутаты

Дзесяць апошніх гадоў я прымаю ўдзел у самых розных выбарчых кампаніях. Досвед? Раскажу і пра яго, і пра тое, што з яго вынікае.

Усё ў храналагічным парадку.

2003 год

Падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. І заўважыў відавочнае: не рады мне ў родным Капыльскім райвыканкаме, не, зусім не рады… І таму што пісаў-гаварыў па-беларуску, і таму, што не хаваў свае думкі-погляды… Вынік просты: зняты з рэгістрацыі — нібыта ўвёў паважаную камісію ў зман…

Зразумела, судзіўся, але плёну тое не мела.

2004 год

На другі дзень пасля здачы дакументаў на чатырох чалавек для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сам мусіў быў зняцца — так ужо «дабрадзеі» выбудавалі сітуацыю. Доўга расказваць не буду, занадта шмат нібыта дробязных дэталей, але паверце — абсурд. Ну, глупства глупствам, толькі мой удзел звёўся да назірання на адным з участкаў. Фіксаваў надзвычай грубыя парушэнні, напісаў аб іх у Цэнтрвыбаркам. І атрымаў урэшце адказ: «…узгаданыя парушэнні не паўплывалі на агульныя вынікі, аб іх трэба паведамляць адразу».

Крыўдна, аднак ладна, улічу на будучае…

2006 год

Падаў заяву з подпісамі выбаршчыкаў аб уключэнні ва ўчастковую камісію — адмовілі. Пазней атрымаў штраф за распаўсюд абвестак пра сустрэчы даверанай асобы з людзьмі.

Такая вось справядлівасць…

2007 год

Нарэшце зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты — абласнога савета. Пад час датэрміновага галасавання выявіў шэраг парушэнняў. Памятаючы ранейшы сумны досвед, адразу паведаміў пра іх у ЦВК. І неўзабаве пасля гэтага на мой дом фактычна напалі «невядомыя». Штурм удалося вытрымаць, аднак разбілі шкло аўтамашыны. Завесці справу па факту хуліганства не выйшла.

Пацярпеў і маральна, і матэрыяльна.

2008 год

Новыя выбары ў Палату прадстаўнікоў. Праводзіў доўгатэрміновае галасаванне. Прысутнічаў на паседжанні выканкама, дзе зацвярджалі ўчастковыя камісіі. Доўжылася яно не больш за 20 мінут. Зноў выявіў відавочныя парушэнні: у 8 камісіях незаконна вылучылі 30 чалавек. Пракуратура факт пацвердзіла, але ўсё засталося, як і было. Далей зафіксаваў новае адступленне ад правілаў: выніковыя пратаколы здаюцца ў выканкам напалову незапоўненымі.

Але рэакцыі па справе не дачакаўся…

2010 год

Зарэгістраваны ажно ў тры саветы: сельскі, раённы і абласны. Вынік: паводле назіральнікаў мусіў мець мандат дэпутата райсавета. Аднак абвешчаныя вынікі пасля вельмі маруднага падліку галасоў збянтэжылі нават чыноўнікаў.

Пра маю каманду і выбаршчыкаў нават і не кажу…

2010 год

Капыльшчына, як і ўся Беларусь, выбірае прэзідэнта краіны. Калі збіраў подпісы за альтэрнатыўнага кандыдата, пачуў: людзей спрэс дэзінфармуюць — маўляў, падпісвацца можна толькі за дзейнага кіраўніка дзяржавы. І шмат хто з вяскоўцаў верылі ў неверагоднае — ну, такія ў нас «даверлівыя» людзі… Запатрабаваў у начальнікаў даць тлумачэнне на гэты конт у «раёнцы». Таксама сабраў адпаведную колькасць подпісаў пад заявай выбаршчыкаў аб уключэнні ў склад участковай камісіі.

Аднак як заўсёды — міма…

Выснова

Мой досвед пераканаў мяне ў банальнай думцы: вертыкаль заўсёды імкнецца падмяніць выбары прызначэннем. Як кандыдатаў ды дэпутатаў, так і складу ініцыятыўных груп, участковых камісій.

Што да апошніх, гэта сапраўдная песня: звычайна працэнтаў 75 складаюць настаўнікі, астатнія — чыноўнікі з розных падпарадкаваных выканкаму аддзелаў ды кантор і канторак…

Практыка і тактыка простыя: шараговец-выбаршчык мусіць трапіць у поўную залежнасць ад чыноўніка-дэпутата. І гэты «выбрана-прызначаны» папросту з’яўляецца маўклівым рабочым інструментам сістэмы.

У выніку маем парадаксальны ланцужок: спачатку мы прымусова-добраахвотна «надзяляем» апаратных бюракратаў дэпутацкімі коркамі, а потым ходзім перад імі ж упрысядку, каб зрабілі ласку — добрасумленна выконвалі свае абавязкі, паважалі выбарцаў…

Ды дзе той павагі дачакацца?

Ад каго?!

Пра тое — у наступным нумары.

Віктар ДАШКЕВІЧ

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023