Кантрастны душ

Кантрастны душ — выдатны спосаб узбадзёрвання арганізма. Нават цяпер, калі насельніцтва эканоміць кожны рубель, ужывае менш халоднай і гарачай вады, без яго не абысціся. Але ёсць іншыя душы — палітычны і сацыяльны, дзе краны круціць улада. З іх у апошні час стабільна цячэ толькі халадзёнка. 

Нягледзячы на тое, што зімы ў Беларусі прыкметна пацяплелі, у грамадскім жыцці краіны аналагічнага працэсу не адбываецца. Яно, намёртва ўзятае ў ціскі аўтарытарызму, пастаянна замарожваецца забарончымі і цэнзурнымі маніпуляцыямі бюракратычнай сістэмы. Пра гэта сведчыць новы наступ на правы і свабоды чалавека, калі з турмаў не вызваляюць палітвязняў, калі не дазваляецца правядзенне ніякіх пратэстных пікетаў і маніфестацый, калі заціскаецца рот інтэрнэту, незалежным СМІ, жменька якіх яшчэ існуе, не задушаная дарэшты адміністратыўным рэсурсам. Часта абываталі кажуць, што адміністратыўны рэсурс — гэта выдумкі. Але калі ён хапае канкрэтнага чалавека за адно месца, то той ужо спявае зусім іншую песню.

Свабода сходаў і слова, якая з’яўляецца канстытуцыйным правам, нормай грамадскага жыцця, трактуецца чыноўнікамі і прапагандысцкімі рупарамі як грунт для ўзнікнення каляровай рэвалюцыі, як спосаб звяржэння існуючага ладу. Магільная беларуская цішыня, народжаная беспрэцэдэнтным гвалтам улады і татальным страхам насельніцтва, выдаецца за стабільнасць і парадак.

У той жа час пратэстныя маніфестацыі працоўнага люду за паляпшэнне свайго становішча, якія па меры неабходнасці праходзяць пад кіраўніцтвам прафсаюзаў у еўрапейскіх краінах (Германія, Францыя, Англія, Італія) і маюць станоўчы вынік, расцэньваюцца аўтарытарным рэжымам як хаос і беспарадкі. Яго рэакцыя адназначная: «Мы такого никогда не допустим!»

Толькі чамусьці еўрапейскі «дэмакратычны хаос» дазваляе эфектыўна развіваць эканоміку, забяспечваць грамадзянам заможны і культурны быт, а постсавецкія аўтакраты, нават маючы выдатныя рэсурсы, за 20 гадоў так і не вывелі свае народы на годны ўзровень жыцця. Па заходніх мерках большасць людзей на абсягах былога СССР існуе на мяжы беднасці.

Перавага дэмакратыі над аўтарытарызмам відавочная. У гэтым даўно пераканаліся не толькі грамадзяне, якія пабылі на Захадзе, але і проста спажыўцы імпартных якасных аўтамашын, тавараў, прадуктаў, лекаў. Яна — агульны прывабны маяк, на які трэба кіравацца. Вось толькі ўсталяваць дэмакратыю пасля крывавай сталіншчыны і наступнага мяккага таталітарызму, у якіх доўга жылі многія людзі, вельмі складана.

Прыклад Украіны паказвае, што галоўнымі ворагамі дэмакратыі на постсавецкіх тэрыторыях выступаюць неразвітая самасвядомасць, негатоўнасць вялікай часткі насельніцтва да свабоднага і самастойнага жыцця, бязмежная сквапнасць, маральная разбэшчанасць, нізкая культура нацыянальнай эліты і знешняя агрэсіўная сіла.

Трагічныя ўкраінскія падзеі, безумоўна, сталі халодным душам найперш для афіцыйнага Кіева. Дзяржаўныя і партыйныя мужы выразна ўбачылі, як лёгка можна ў бясконцых сварках, у тупой пагоні за ўласным багаццем, у карупцыйнай вакханаліі прабалбатаць, прагуляць, прапіць і праспаць сваю Айчыну.

Але і Расія, якая пасля захопу Крыма, агрэсіі на паўднёвым усходзе Украіны пакарана шматлікімі санкцыямі, якая па прычыне падзення коштаў страчвае магутную плынь нафтагазавых долараў, знаходзіцца пад ледзяным душам. Рост расійскай эканомікі ў мінулым годзе знізіўся да нуля. Сёлета будзе яшчэ цяжэй, пра што засведчыў рэзкі рост цэнаў. Грамадскі дабрабыт абрынуўся і ў Беларусі, бо мы моцна прывязаны вытворчымі і гандлёвымі ланцугамі да ваяўнічай суседкі.

Пара кантрастнага сацыяльнага душа, калі была хоць нейкая адпаведнасць паміж прыбыткамі грамадзян і выдаткамі на камунальныя паслугі, харч, лекі, прамтавары, калі рэжым то «грэў» мізэрным павышэннем заробкаў і пенсій, то «астуджаў» значным ростам коштаў, даўно мінула. Раней, нягледзячы на неэфектыўную эканоміку, пераважна дзякуючы замежным пазыкам, таннай расійскай нафце і газу, дабрабыт крыху падвышаўся. Не толькі жулікаватыя прыўладныя бізнесоўцы, вярхушка сілавых структур, чыноўнікі папаўнялі сваё багацце, але і бяднейшыя ашчадныя людзі маглі пакласці на банкаўскі рахунак нейкія сціплыя грошы. Цяпер гэты марудны рух скончыўся, пачаўся імклівы адкат у мінус. Сацыяльны душ становіцца ўсё больш халодным.

У ЗША, Германіі эканоміку выручае ўнутраны рынак, бо людзі зарабляюць неблагія грошы, выяўляюць высокую пакупную здольнасць. У Расіі і ў нас такой магчымасці няма. Масавы ўнутраны спажывец і так бедны, а тут яшчэ кошты падскочылі. Дарэчы, у заходніх дэмакратычных краінах цэны на асноўныя прадукты і тавары стаяць гадамі амаль непарушна.

Імпартазамяшчэнне, якое з’ядае дэфіцытную валюту і ідзе надта марудна, слаба дапамагае эканоміцы, бо на абедзьве нагі кульгае якасць прадукцыі. Спажывец не можа радавацца, калі дабротныя замежныя тавары, да якіх ён прывык, замяшчаюцца горшай айчыннай прадукцыяй. Адбываецца простае і зразумелае ігнараванне людзьмі нізкапробнага эрзацу. Асабліва гэта тычыцца медыцыны. Ніякія пачуцці патрыятызму і лозунг «Купляйце беларускае!» не спрацоўваюць у тым выпадку, калі на кон пастаўлена жыццё чалавека, якому патрэбны якасныя лекі. Ён хоча мець канкрэтныя прэпараты, якія рэальна дапамагаюць, а не імітуюць працэс лекавання.

Сітуацыя складваецца няпростая. А прычына эканамічных правалаў палягае не ў нейкіх лакальных сферах, а ў няўклюднасці, немабільнасці, неэфектыўнасці ўсёй аўтарытарнай сістэмы. Расійскі эксперт А. Кнобель кажа: «Стало понятно, что искать источники развития экономики следует в таких скучных областях, как судебная система, защита прав собственности, а также за счет снижения коррупции, увеличения расходов на образование, здравоохранение и науку, либерализации законодательства для малого и среднего бизнеса. Тяжелые и для кого-то — особенно для бюрократии — непопулярные меры».

Назіраючы за тым, што адбываецца, слухаючы і чытаючы меркаванні спецыялістаў, я дзіўлюся парадаксальнасці нашай рэчаіснасці. Грамадзяне масава не рэагуюць нават на тое, што няма адкрытых, сумленных выбараў, што іхнімі галасамі маніпуліруюць «і жук, і жаба». Правальныя вынікі ў эканоміцы, сацыяльным развіцці спакойна спалучаюцца з фантастычным даверам насельніцтва да аўтарытарнага рэжыму. Думаю, што гэтыя з’явы выходзяць за межы чалавечага разумення і здаровага сэнсу.

У новым годзе нічога новага ў Беларусі не прадбачыцца. Аўтарытарны застой працягнецца. Нам, як і раней, будуць расказваць пра нашу выключную мудрасць, прадбачлівасць, расхвальваць «геніяльныя дзеянні», будуць маліцца на лусту хлеба, якая яшчэ ёсць на стале, бо з чаркай і скваркай стала напружана.

З усяго сказанага вымалёўваецца простая выснова — беларусам трэба часцей станавіцца пад звычайны кантрастны душ. Не толькі для таго, каб мець фізічнае здароўе, бадзёры настрой, але і для прасвятлення розуму.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Шлях да радасці

Ізаляцыйная пастка

Узвысіць голас

Падушка бяспекі

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023