Сінхронны здзек

Прадстаўнікам аўтарытарнай улады Беларусі і Расіі не падабаецца слухаць абвінавачванні ў тым, што яны прыцясняюць насельніцтва па палітычных матывах, за іншадумства і крытыку. Але рэаліі яўна сведчаць, што да прыхільнікаў дэмакратыі ў абедзвюх краінах сінхронна прымяняюцца адміністратыўны рэсурс, маральны ўціск і сілавы садызм. 

Здзек над беларусамі і расіянамі пачынаецца з самой атмасферы бяспраўя, безнадзейнасці і адчаю, у якую яны трапілі. Як могуць грамадзяне з добрым настроем, шчыра і самааддана працаваць на карысць сваіх народаў і краін, калі бачаць бясконцыя злачынствы, якія ўчыняюць прадстаўнікі ўлады, пачынаючы з верху? Што робіцца ў душы загнанага цяжкім жыццём, матэрыяльнай нястачай чалавека, які з тэлеэкрана чуе дэмагагічныя заклікі прэзідэнтаў да стараннасці і сумленнасці, а затым у інтэрнэце чытае матэрыялы незалежных экспертаў і журналістаў пра такую маштабную карупцыю з боку кіраўнікоў, што не толькі вушы вянуць, але і валасы на галаве дыба ўстаюць? Такое становішча ніяк не можа нарадзіць жыццёвага аптымізму.

Цяпер, калі інфармацыйная прастора пранізана мільёнамі сувязяў, калі высокія тэхналогіі дазваляюць вывернуць з цёмных сховаў на свет божы любыя таямніцы, канчаткова схаваць нешта — нельга.

Безумоўна, накрадзеныя грошы і нерухомасць можна перапісаць на далёкіх родзічаў, сяброў або наогул старонніх людзей, выбудаваць такі доўгі ланцуг падстаўных асобаў, што ў ім і сам чорт ногі зломіць, але гэта толькі да пары да часу. Канец крымінальнай вяровачкі ўсё ж немінуча адшукваецца, і яна захлістваецца на горле высокапастаўленых цынічных злачынцаў.

Іншая справа, што пакуль «тронныя» апекуны карупцыі і іхнія паслужлівыя «шасцёркі» знаходзяцца пры ўладзе, падступіцца да іх з наручнікамі немагчыма. Але ж дасведчанае насельніцтва ведае, што яны — закончаныя злодзеі. Якраз з гэтай прычыны ў Беларусі і Расіі падае давер і павага да ўлады, расце народны пратэст.

Адміністратыўная перавага заўсёды на баку ўлады, таму на Захадзе яна стварае для апазіцыі нармальныя ўмовы, не ідзе на парушэнне канстытуцыі і заканадаўства. Зусім іншая сітуацыя там, дзе правяць аўтакраты. У Беларусі і Расіі законы прымаюцца часта толькі для шырмы, бо самімі прадстаўнікамі ўлады яны практычна не выконваюцца. Што тычыцца апазіцыйных партый і арганізацый, то на іх разнастайнымі спосабамі ідзе ўціск, чыняцца сур’ёзныя перашкоды юрыдычнага характару, а супраць канкрэтных людзей прымяняецца збіццё і дробныя паскудствы: абліванне фарбай, праколы шын аўтамабіляў і г.д. За гады аўтарытарызму беларускія і расійскія чыноўнікі, сілавікі ўсіх профіляў навучыліся пераймаць і хутка ўкараняць вопыт падаўлення палітычнай і грамадзянскай актыўнасці насельніцтва. Дарэчы, Беларусь была і застаецца палігонам для палітычных і міліцэйскіх «эксперыментаў».

Абодва рэжымы не прызнаюць, што ў Беларусі і Расіі дзейнічае палітычны вышук і выкраданне апанентаў улады. Але рэчаіснасць паказвае адваротнае. У нашых краінах палітычным вышукам займаюцца не толькі спецслужбы, але яшчэ міліцыя і паліцыя. Яны, па-суседску кантактуючы, маюць і аднолькавую тактыку прымянення сілавых спосабаў. Перад заяўленымі пратэстнымі акцыямі «людзі ў чорным», каб сарваць правядзенне маршаў і маніфестацый, хапаюць кіраўнікоў апазіцыі на вуліцы, у пад’ездах дамоў, нават у кватэрах і вывозяць невядома куды на любы тэрмін. Месцазнаходжанне выкрадзеных палітыкаў хаваецца, спецслужбы афіцыйна выдумляюць розную дурную хлусню, стараючыся ўвесці ў зман родзічаў і паплечнікаў, якія займаюцца пошукам…

Людзі, не згодныя з аўтарытарнай сістэмай, заяўляюць пра гэта адкрыта, ні ад каго не хаваюцца. Чаму ж нельга супрацьстаяць ім не незаконнымі арыштамі і дубінкамі, а цывілізаваным метадам адкрытых дыскусій?

Але ж для таго, каб пераконваць апанентаў, на плячах трэба мець не качан капусты, начынены штампамі і камандамі, а галаву, якая думае. Па тым, як у Беларусі і Расіі ў час «выбараў» кандыдаты спалохана ўхіляюцца ад дэбатаў з супернікамі, як вызначаюцца «маўклівасцю» або коснаязыкасцю «верныя кадры», можна меркаваць пра інтэлектуальны ўзровень улады. Відаць, гэта сапраўды — капусцянае поле.

Сёлета ў Маскве паказальна прайшоў «Дзень Расіі», адбылася пераклічка з рэаліямі ў Беларусі. У нас міністр унутраных спраў па святах фанабэрыста апранае форму супрацоўніка НКУС. Відаць, гэтая завядзёнка, якая ўяўляе сабой цынічнае глумленне над памяццю пра забітых і рэпрэсіраваных у сталінскі час, спадабалася маскоўскай уладзе. Па вуліцах і плошчах расійскай сталіцы горда прагульваліся невядома адкуль выцягнутыя людзі ў злавеснай форме. Бізнесовец Г. Сцерлігаў пайшоў яшчэ далей. Ён прыслаў на святкаванне грузавік-хлебавоз, на якім напісаў: «Хлебушка хватит всем. В форме сотрудников НКВД — скидочка».

Улада ў Беларусі і Расіі так паталагічна баіцца сваіх грамадзян, што накідваецца на любога, хто раскрывае рот. У Маскве на «Дні Расіі» амапаўцы спрытна «замялі» адданага пуцінца. Ён вальяжна пахаджваў сярод адпачываючых людзей, даводзіў, што толькі адзін Пуцін можа ўратаваць Расію. Хлопец тэатральна стаў у позу, хацеў сказаць грунтоўную палымяную прамову ў гонар свайго куміра, як падскочылі «людзі ў чорным», скруцілі яго і кінулі ў аўтазак. Вось цікава, якую «арыю» спяваў ён там, калі па рэбрах «весела» скакала дубінка?

У той дзень пад гукі дзяржаўнага гімна Расіі хапалі людзей, якія паводле меркавання амапаўцаў выйшлі не гуляць, а на пратэстную акцыю. Па якіх прыкметах гэта вызначалі — невядома, толькі за краты трапілі дзясяткі абсалютна не вінаватых ні ў чым грамадзян.

Такім чынам быў скапіраваны грандыёзны хапун, што адбыўся на Дні волі ў Мінску. Як называюцца такія дзеянні? Ды і чаму выхад чалавека на мірны пратэстны мітынг лічыцца віной?

Калі прасачыць за паводзінамі беларускай і расійскай улады, за дзеяннямі сілавікоў, то можна ўбачыць цэлы ланцуг сучасных злачынстваў, якія падобныя на тыя, што былі ў змрочным мінулым. Адбываецца сінхронны здзек над гісторыяй ХХ стагоддзя, над памяццю пра мільёны расстраляных і рэпрэсіраваных людзей, усчаўся ажыятаж вакол імёнаў Сталіна, Берыі і іншых крывавых катаў савецкага народа, прыціскаюцца адміністратыўным рэсурсам і запалохваюцца дубінкамі сучаснікі.

Аўтарытарнымі рэжымамі выпрацаваны цынічна меркантыльны падыход як да гісторыі, так і да практыкі. Падзеі мінулага, якія не падабаюцца, яны адкідаюць прэч або замоўчваюць. З праграмы сучасных стасункаў з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі імі выбіраецца толькі халява, эканамічныя і фінансавыя прэферэнцыі.

Брыдка і смешна глядзець, як кіруючыя кланы Беларусі і Расіі, што ўшчэнт «зажраліся і ахамелі» (выраз з інтэрнэту), абараняюцца ад народнага гневу. У ход кідаецца ўвесь арсенал: прапагандысцкія рупары падману, адпіскі з чыноўніцкіх кабінетаў зверху ўніз па вертыкалі, хлуслівыя сведкі з ліку «праваахоўнікаў», дубінкі, аўтазакі, падкантрольныя пракуроры і суддзі.

Але грозныя машыны падаўлення не змогуць спыніць на шляху да лепшай будучыні нашыя народы, калі яны нарэшце зразумеюць, што жабрачае жыццё пад бізуном — гэта не «парадак і стабільнасць», а здзек над большасцю беларусаў і расіян.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Элітнае» хамства

Амаль амнезія

Фраў А., а-у-у!

Уцёкі ад сябе

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023