Categories: Фельетон

Больш не трэба, юнакі, падрываць вам цягнікі

17-гадовы жыхар Скідзеля ехаў у цягніку «Ліда-Гродна», дзе яму вельмі спадабалася дзяўчына. Каб прыцягнуць яе ўвагу і пазнаёміцца, па тэлефоне юнак паслаў дзяўчыне паведамленне: «Бяспека гэтага цягніка залежыць толькі ад цябе… Выбух адбудзецца праз 19 хвілін…» Дзяўчына адразу ж пазваніла ў міліцыю, і «каханне» юнака было вельмі хуткацечным…

Пачуццяў хлынула лавіна,
Як ехаў ён у цягніку:
З анёльскім выглядам дзяўчына
Запала ў сэрца юнаку.
Глядзеў на гэтыя вабносці
І пачуваўся, як дурны…
Каб ехаў там смялейшы хтосьці,
Адразу б ён падбіў кліны:
Пайшоў бы ў ход язык-мянташка,
Гучалі б жартачкі…
Ды так
Кантакт наладзіць хлопцу цяжка —
Ён балаболіць не мастак,
Каб напралом пайсці ў атаку
І захапіць яе ў палон.
Дык што ж прыдумаць небараку?
І прыгадаў, напэўна, ён:
Яшчэ зусім нядаўна ў школе
Усім расказваў педагог,
Што стаў героем Гойшык Коля.
Як ён сябе праславіць змог?
Быў час бязлітасны, паганы,
Спазналі людзі гора шмат.
Пайшоў юнак у партызаны,
Узяў у рукі аўтамат.
І тым герой найболей слынны,
Што ў векапомны час такі
Ён на пуцях закладваў міны,
Знішчаў чужыя цягнікі.
Калі ўзрываў цягнік чарговы,
І сам загінуў ён, на жаль…
За подзвіг той не шараговы
Далі і ордэн, і медаль.
«А чым жа я за Колю горшы? —
Падумаў, мусібыць, юнак. —
Тым больш што гэты самы Гойшык —
І мой равеснік, і зямляк.
Няхай палічыць за героя
Дзяўчына гэтая й мяне:
Стаць за яе магу гарою,
Як хуліган чапляць пачне…»
Яму ўспадоб героя роля,
І ў мазгаўні пасыл узнік,
Што мог бы ён, як Гойшык Коля,
Таксама падарваць цягнік.
Каб да яго, як супермена,
З’явіўся пэўны інтарэс
(А так і будзе, несумненна),
Паслаў дзяўчыне СМС:
«Паведамляю: бомба-міна
У сумцы маецца ў мяне.
І ты адна рашыць павінна,
Мне падрываць цягнік ці не…»
Ён спадзяваўся, што красуня,
Каб неяк рады даць бядзе,
Свой гнуткі стан к яму прысуне
Ці ў ногі нават упадзе
І ў закаханасці гарачай
Яму прызнаецца ўсур’ёз.
Ды ўсё было зусім іначай:
Чамусь сігнал паслала «SOS»
Яна ахоўнікам парадку,
Што тэрарыст у цягніку.
І што было ў сухім астатку?
Яго прыціснулі ў кутку
І, начапіўшы «бранзалеты»,
Да выхаду павалаклі.
Не змог юнак дабіцца мэты,
Расчараваўся ён, калі
Дзяўчо глядзела на «героя»
З пагардай-здзекам у вачах.
І трапяткая мара-мроя
Развеялася ў пух і прах.
* * *
Магу я хлопцу даць падказку,
Як сам пакуль што не дапёр:
Жанчыны любяць нас за ласку,
А не за ўсякі гвалт-тэрор.

Алесь Няўвесь

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023