Categories: Фельетон

Пускаем без візы, рыхтуем сюрпрызы

Беларусь увяла 5-дзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. «Белгазета» на сваім сайце правяла апытанне: «Што можна паспець зрабіць за гэты час?». Адказы былі рознымі: з’ездзіць на рыбалку ці паляванне; схадзіць на канцэрт Саладухі; адсядзець суткі на Акрэсціна і г.д. А амаль палова чытачоў адказала: зняць путану на ўвесь тэрмін… Так даймае крызіс люты — Проста плавяцца мазгі! І амаль няма валюты, Каб вярнуць усе даўгі.

Дзе ж узяць яе?
«Турысты, —
Хтосьці ўбіў сабе ў глузды, —
Нам дадуць прыбытак чысты,
Як заманім іх сюды!
Калі мы ў свае пенаты
Будзем іх пускаць без віз,
Дык любы буржуй багаты
Збэсціць яхту і круіз.
Пабываць у нас без візы
Годзе ім і сутак пяць,
Каб здаволіць тут капрызы
І што-кольвеч накупляць».
Аб’явілі свету чынна
Пра рэжым ільготны наш,
І ў замежжы з той прычыны
Тут жа ўзнік ажыятаж.
Атакуюць людзі касы,
Каб купіць да нас білет,
Бо без візы кожны ласы
Беларускі ўбачыць свет.
Самалёты ўюцца роем,
Цесна ім на паласе.
Госці крочаць ледзь не строем,
Кожны грошай пук нясе.
У гасцініцы не ўбіцца,
Бо турыстаў столькі шмат
Прызямляецца, як быццам
Зноў у нас чэмпіянат.
І працуюць рэстараны
Ледзь не суткі навылёт.
Перавыканалі планы
Напярод за цэлы год.
Госці, хрумсткія даляры
Павыцягваўшы з кішэнь,
Заляжалыя тавары
Раскупілі ў першы ж дзень.
Неліквід увесь удала
Спажыўцам збылі чужым.
Словам, нам выгод нямала
Даў бязвізавы рэжым.
Толькі ўзнікла ўсё ж сумненне,
Што вязуць яны «бабло»,
Каб купіць у нас адзенне
І наогул барахло;
Што насельнікаў з замежжа
(Іх сапраўдны легіён!)
Надта вабяць наша ежа
І ў Дудутках самагон.
І сапраўдныя прычыны
Усплылі наверх, калі
Сярод іх, гасцей краіны,
Апытанне правялі.
Да краіны нашай госці
Розны мелі інтарэс.
Гаварыў, напрыклад, хтосьці:
— Даспадобы вельмі лес.
Я — заўзяты паляўнічы.
Тут дзічыны — будзь здароў!
І, як кажуць, пушча кліча
Пастраляць у вас зуброў.
Хтось сказаў:
— Прыемна вуху,
Проста свята на душы,
Калі чую Саладуху.
Ён — ваш гонар, бульбашы!
Хтось жыве, як лічыць, прэсна,
І экзотыка наўме.
— Я хачу, — прызнаўся чэсна, —
Пасядзець крыху ў турме.
А затым была пацеха…
Адказаў замежны дзед:
— Я па секс сюды прыехаў
І спатоліў свой імпэт.
Тут прыгожыя путаны,
Дома гэтакіх няма.
Прэйскурант жа вельмі танны,
Я сказаў бы — задарма…
Што цікава: думку гэту
Дзед выказваў не адзін.
Да путан сюды са свету
Бальшыня ляціць мужчын!
Секс тутэйшы, танны самы,
Іх найперш цікавіць хоць,
Ды завітваюць і ў крамы,
Штось купляюць мімаходзь.
Што ж аб гэтым апытанні
Думаюць кіраўнікі?
«Дык няхай жывуць путаны! —
Вывад зроблены такі. —
Каб турысты к нам ляцелі,
Падрыхтуем ім сюрпрыз
І дадзім яшчэ й бардэлі,
Апрача бясплатных віз…»
* * *
Пасмяюцца, мусіць, куры
З нашых «візавых ідэй»,
Бо няма інфраструктуры,
Што здаволіла б гасцей.
Для турыстаў маем толькі
Мір, Нясвіж, Хатынь, Курган.
І валютныя патокі —
Гэта ўсё самападман.
Як сюды прыедуць госці,
Чым пахвалімся, сябры?
Каб спазнаць усе вабносці,
Хопіць дзён не пяць, а тры…
Алесь Няўвесь

Новы зборнік фельетонаў Алеся Няўвеся «Была б свіння, а лужа будзе» можна купіць толькі ў мінскай кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

«Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла…»

Чаму намёк ад Бога не ўсхваляваў нікога?

Дзядам прабачыць трэба п’янкі, калі бабулі — наркаманкі

Айчыннага кіно чамусьці не відно

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023