Categories: Фельетон

Дык хто ж цяпер у нас падыме жылкамгас?

На сайце Мінгарвыканкама з’явілася інфармацыя аб правядзенні адкрытага конкурсу на пасаду намесніка кіраўніка Кастрычніцкага раёна, які курыруе ЖКГ. Сярод патрабаванняў да кандыдата — практычны вопыт і стаж кіруючай работы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі не менш за 5 гадоў, адказнасць, стрэсаўстойлівасць і ўменне працаваць у камандзе. Здзівіцца можна, скажам прама, Ад явы той — і нездарма: Ёсць старшыня райвыканкама, Але намесніка няма.

Здавалася б, ну хто не рады
Займець шыкоўны кабінет,
Праводзіць розныя нарады,
Затым, дарваўшыся да ўлады,
Пажыць-пашыкаваць як след?
Чаму ж не стала крэсла ласым,
Ніхто ў намеснікі не йдзе?
Бо трэба правіць жылкамгасам,
А гэта значыць, быць бядзе.
Ён, жылкамгас, на самай справе
Хвалюе ўсіх, ва ўсіх наўме,
І можна крэсла неўзабаве
Змяніць на камеру ў турме.
Шчаслівы лёс, калі пранесла,
Калі памілаваў Гасподзь…
Дык і не ўздзіў, што ў тое крэсла
Ніхто не рваўся дабрахоць.
І аб вакансіі аб’яву
Далі высокія чыны:
Магчыма, возьмецца за справу
Бязглузды хтось са стараны.
І выйшла так, што кінуў вокам
На тэкст аб’явы той Рыгор.
Ён «дармаедам-абібокам»
Міжволі стаў з нядаўніх пор.
Сантэхнікам у жылкамгасе
Адпрацаваў даволі шмат,
Але аднойчы ўвадначассе
Начальства скараціла штат.
Рыгор чамусь падумаў здуру
(Хоць ён наогул не дурны):
«Няхай маю кандыдатуру
Разгледзяць велькія чыны.
Не зломак я, не пустадомак.
Пазбаўлю клёпкі ад нуды,
Дый там жа не паб’юць, вядома,
Калі прысунуся туды.
Чарга там, мусібыць, — вужакай», —
З адчаем меркаваў Рыгор.
Ды не было чаргі ніякай,
Пусты чамусьці калідор.
Паджгаў Рыгор да кабінета…
Састаў камісіі такі:
Адна дзябёлая кабета
І два мажныя дзецюкі.
Рыгора ногі — як палены.
Ды акрыяў крыху, калі
Камісіі высокай члены
Яго распытваць пачалі.
Праблем не бачылася, скажам,
Калі распытвалі пра стаж.
Хваліўся «камунальным» стажам —
Пятнаццаць год адбухаў аж!
А як жа вопыт кіраўнічы?
Рыгор — выдатны кіраўнік:
Усіх збярэ, усіх пакліча,
Як трэба ехаць на пікнік.
Каму прывезці ўсё для юшкі,
Каму падтрымліваць касцёр —
Даваў каманды ён, і ў кружкі
Таксама наліваў Рыгор.
Адсюль выснова вынікае:
Рыгор — «камандны» чалавек.
А рыса важная такая
Была каштоўнаю спрадвек.
Адказнасці ў Рыгора годзе,
Не кідае на вецер слоў:
Наконт гулянак на прыродзе
Дзяцюк ніколі не падвёў.
Рыгор устойлівы да стрэсаў.
Яны ў яго рабоце — спрэс:
У жылкамгасе шмат працэсаў,
Якія выклікаюць стрэс.
Напрыклад, разлілося мора,
Бо дзесь прарвалася труба.
Дык у сантэхніка Рыгора
З-за гэтага не стрэс хіба?
Ёсць, аказалася, таксама
Другіх патрэбных рыс набор.
І акурат для выканкама
Па ўсіх параметрах Рыгор.
Няхай бярэ ён лейцы ў рукі
І падымае жылкамгас.
І людзі жыцьмуць без дакукі,
Праблем паменей будзе ў нас.
Ды дзядзька-член, як мех, пузаты
Насупіўся, нібы індык.
Сказаў:
— Ідзі, Рыгор, дахаты.
І вынес ён такі вердыкт:
— Хоць вопыт маецца і хватка,
Ды ты няўдалы кіраўнік.
Няма ў цябе харызмы, братка,
І не падвешаны язык.
Таму табе не ўдасца гэта —
Падстроіцца пад наш капыл:
І не выходзіць з кабінета,
І ўсім пускаць у вочы пыл…
* * *
Мы з ЖКГ спазналі гора,
Нам жылкамгасы неўспадоб.
І каб прызначылі Рыгора,
Дык толку, пэўна, больш было б.
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Выйшаў голым на балкон… Ці здзівіў кагосьці ён?

Ці праб’юцца ў чэмпіёны з дапамогай Марадоны?

Ён быў бы самым знаным героем-партызанам

Хто агітуе за байкот, таго ў турму на дзесяць год!

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023