Categories: Фельетон

Начальнік-прайдзісвет папоўніў партманэт

У Мінску супраць аднаго з кіраўнікоў спартыўна-аздараўленчага комплексу ўзбуджана крымінальная справа: ён сам сябе прызначыў прыбіральшчыкам і атрымліваў ліпавую зарплату. — У любога грошай мала, Калі ён не прайдзісвет, — Так аднойчы мне сказала Наймудрэйшая з кабет.

Дадала яна пры гэтым:
— І таму, бадай, хоць раз
Стаць адпетым прайдзісветам
Марыць ледзь не кожны з нас.
Вельмі правільныя словы,
Хоць яны і рэжуць слых.
Яркім прыкладам гатовы
Я, сябры, пацвердзіць іх.
Працаваў дзяцюк Даніла
У спартыўнай галіне —
Там, дзе толькі спрыт і сіла,
Толькі мускулы ў цане.
Раздзявалкі, трэнажоры,
Корты, залы, стадыён…
Гэтай базай год каторы
Кіраваў няблага ён.
Сакратарка гаварыла:
— Ён людзей не гне ў дугу.
Дый «наверсе» меў Даніла
І павагу, і вагу.
Калі ёсць кавалак хлеба,
Калі ёсць аўтарытэт,
Што яшчэ, скажыце, трэба,
Каб пражыць жыццё як след
І не кідацца ў распусту?
Ды жадае хтось парой
Мець не проста хлеба лусту,
А каб з маслам і ікрой.
Акурат такі й Даніла.
Зарабляў не нейкі грош,
Ды хацеў ён, каб хапіла
На ікру і масла ўсё ж.
Для таго на базе дзесьці
Можна ўкрасці штось, але ж
Можна гэтак жа і сесці
Год на дзесяць за крадзеж.
Вось што ён зрабіў… На базе
Немалы, канешне, штат —
Цэлы ўзвод. Ва ўсякім разе
Там прыслугі рознай шмат.
У яе такая праца:
Прыбяры, памый, падай.
І не будуць разбірацца
Правяральшчыкі, бадай,
Хто шаруе там падлогу,
Хто арудуе мятлой.
Так што можна, дзякуй Богу,
Партманэт папоўніць свой.
Кажуць, кура па зярнятку,
Каб наесціся, дзяўбе.
Ён прызначыў для пачатку
Прыбіральшчыкам сябе.
Дадатковаю зарплатай
Павялічваў свой запас.
Хоць не гроб рублі лапатай,
Ды затое доўгі час.
І на масла грошай досыць,
Мог паесці і ікры.
Ды ваду, гавораць, носіць
Збан усё-ткі да пары.
Так што ўрэшце для Данілы
Наступіў і чорны дзень.
Для яго ўжо свет не мілы —
Следчы допыты вядзе:
— А хіба ты ў кабінеце
Падмятаў тады-сяды?
А ці ж ты выносіў смецце
У кантэйнер сапраўды?
Можа, ты пасля работы
Чысціў-драіў туалет?
Я скажу, Даніла, хто ты.
Ты, Даніла, прайдзісвет!
Чым прыкрыцца мог Даніла,
Апраўдацца як яму,
Каб Феміда не згнаіла,
Не адправіла ў турму?
Следаку, што шые справу,
Даў ён гэтакі адказ:
— Не зусім жа на халяву
Папаўняў я свой запас.
Хай не драіў я сарціры,
Ды адзначу без хлусні,
Што, як прыбіральшчык шчыры,
Дбаў заўжды аб чысціні.
Неахайных да халеры
На рабоце ёсць, але
Не раскідваў я паперы —
Быў парадак на стале.
І наогул я культурны.
Скажам, звычай меў такі:
Толькі ў попельніцы, урны
Я заўсёды клаў бычкі.
У сарцір хадзіў, вядома,
Калі ўсё ж прыпрэ зусім,
Але толькі «па-малому»,
А «вялікае» дадому
Я заўжды ў сабе насіў.
І лічыў я, што не будзе
Крымінальных нейкіх спраў:
Калі я зусім не брудзіў,
Дык лічы, што прыбіраў…
* * *
Следаку сказаўшы гэта,
Пакрывіў душою ён.
Але ў словах прайдзісвета
Ёсць усё-такі рэзон:
Калі ў доме, у кватэры,
На рабоце, на дварэ
Мы не брудзіцьмем без меры,
Не раскідвацьмем паперы,
Прыбіральшчыц нам не трэ!
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Чыноўнікам прасцей прыструніць і дзяцей

Прыватызуецца сарцір: два метры ўздоўж і метр ушыр

За крэсла і канапу дырэктар браў на лапу

Ці гатовы мы на здзекі дзеля ўласнае бяспекі?

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023