TOP

ПРЫЕМНАЯ НАВІНА

Сапраўды, перамога Артура Вакарава на трэцім фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «AD.NAK!» узняла жыццёвы тонус не толькі яму асабіста, але і тым, чые работы ўпрыгожвалі творчыя знаходкі вядомага дызайнера. 

Асабліва прыемна, што сярод іх аўтар «Свободных новостей плюс», сябра Рады БАЖ Аляксандр Тамковіч. Вокладка яго кнігі «Лёсы» заняла другое месца ў адной з намінацый.

Ёсць сэнс адзначыць і яшчэ адну станоўчую тэндэнцыю.

Сёлетні фестываль стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў і пададзеных працаў. Усяго ў ім узялі ўдзел 330 работ ад 110 удзельнікаў. Летась на фестываль было пададзена 272 работы больш як ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе ў ім прынялі ўдзел 105 работ ад 59 удзельнікаў.

Як адзначыла ў сваім выступе каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі», ініцыятара фестывалю, Ніна Шыдлоўская, «трэці фестываль «AD.NAK!» паказаў, што цікаўнасць да беларускамоўнай рэкламы ў шырокім беларускім грамадстве і сярод прафесіяналаў расце. Пра гэта сведчаць і вынікі апытанняў: колькасць беларусаў, зацікаўленых у беларускамоўнай рэкламе, павялічылася з 37% (2009) да 55,6% (2012)…»

Адзначым таксама, што дызайнер Артур Вакараў, які працуе ў студыі «Адліга», атрымаў не толькі пераможныя прызы ў асобных намінацыях, але і атрымаў гран-пры ўсяго фестывалю.

Шчыра віншуем і раім іх сайт, дзе ёсць поўны спіс пераможцаў і вельмі цікавыя фота: http://adnak.by

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.