У БРЭСЦЕ МАЛАДЫ БАСК ВУЧЫЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ
23-гадовы Крысціян Ражэра Таледа вучыцца на філалагічным факультэце Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна з кастрычніка 2012 года. У 2010 годзе ён вывучаў польскую мову ў Мінску і заўважыў, што тая падобная на беларускую. Дадало матывацыі знаёмства з гісторыяй. За год навучання ён заплаціў 2 тысячы 150 долараў.
Крысціян кажа:
— Я знайшоў шмат гістарычных і тыпалагічных паралелізмаў паміж маёй Краінай Баскаў і Беларуссю. Наяўнасць краіны-дамініёна, найперш. Сітуацыя забароны размаўляць на нашай і на беларускай мове. У залежнасці ад месца і часу, яны рэальныя або фантомныя, як боль. З гэтай прычыны я вельмі зацікавіўся і шукаў магчымасці вывучаць вашу мову.
На грудзях хлопца значок з надпісам «Размаўляй са мной па-беларуску». Крысціян адзіны хлапец на ўсю групу. Да таго ж, беларускія дзяўчаты яму падабаюцца больш за іспанскіх. «Больш мяккія», — тлумачыць ён. Але ў прымы пакуль не пайшоў. Жыве ў інтэрнаце.
Міжкультуровая розніца, якую Крысціян азначыў, калі йшлося пра пазітывы і негатывы яго цяперашняга жыцця, з’яўляецца для маладога госця Беларусі дастаткова стрымальным фактарам. «Хутчэй негатыўнай з’явай, чым проста розніцай» ён назваў яшчэ тое, што тутэйшыя студэнты, у адрозненне ад іспанскіх, фактычна не карыстаюцца англійскай, нямецкай, іншымі замежнымі мовамі з міжнародным статусам. Хоць інтэрнэт дае ў гэтым сэнсе ўнікальныя магчымасці для навучання. Пакрытыкаваў адукацыю, мякка назваўшы «старажытнай», з папяровымі яшчэ кніжкамі савецкіх часоў, якіх да таго ж мала.
Пра сябе Крысціян Ражэра Таледа кажа, што меў добрыя прадпасылкі для вывучэння іншых моў. «Таледа» ён па маці, родная мова якой іспанская, «Ражэра» — па бацьку, які з дзяцінства кажа па-басконску. Не чужая ім французская мова, бо былі ў Францыі ў бежанстве. Акрамя пералічаных, ужо сам Крысціян вывучыў англійскую, расійскую, польскую, партугальскую і беларускую мовы.
Сістэма навучання, якой карыстаецца Крысціян, дазволіла яму вывучаць мовы ў краіне іх бытнавання. Ён вучыўся ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані, у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (дасканаліў польскую мову). Адсюль добрае валоданне адпаведнымі мовамі. З уласнага жадання вырашыў дашліфаваць беларускую — год папрацаваў, зарабіў грошай і — vuala! — прызямліўся ў беларускім (не блытаць з больш вядомым портам у Францыі) Брэсце.
Сказанае маладым баскам я праверыў праз беларускую прызму, у тых сама дзяўчат, з якімі ён вучыцца. Вікторыя Жышко, стараста акадэмічнай групы і проста шчырая дзяўчына з-пад Ружанаў, сказала:
— Крысціян цудоўны хлопец. Добры, мяккі. Мае ўжо дзве вышэйшыя адукацыі! Паехаў цяпер у Мадрыд паступаць у магістратуру. Так што яшчэ дадасць, калі атрымаецца.
Асабліва імпануе ягонае стаўленне да дзяўчат. З-за гэтага ён часта няўхвальна выказваўся пра беларускіх хлопцаў, — маўляў, грубыя, не рамантыкі. Крысціян некалькі разоў казаў, што хоча ажаніцца з беларускай. Але асабліва вялікіх шанцаў у яго пакуль няма. Крыху несур’ёзны ён, ці што. Жартачкі адколваць любіць усялякія, дзяцініцца… Да таго ж, нашы дзяўчаты, збольшага, ужо маюць сяброў…
Надта падабаецца Вікторыі жарснасць баска, калі той адстойвае беларускую мову. «У Мінску ён прывык да беларускамоўнага асяроддзя, і нам нязвыкла было, што замежнік з такім патрабаваннем да нас звяртаецца, — кажа дзяўчына. — Але яму можна — узровень валодання мовай у яго высокі, ён нават дазваляе сабе выдумваць гульні слоў, новыя словы».
«Шкада, што Крысціяна не пасялілі з беларускамоўнымі ў інтэрнаце, — кажа Вікторыя Жышко. — Жыве ён там з туркменамі, здаецца, іх там яшчэ двое ці трое ў пакоі, і кажуць яны па-расейску».
Вось такі выйшаў партрэт-галаграма. Дадам толькі, што настаўнікам беларускай мовы Крысціян Ражэра Таледа станавіцца не плануе. Курс беларускай хоча прайсці да канца і потым працаваць у Беларусі перакладчыкам у пасольстве або ў якой-небудзь фірме.
Яўген БЯЛАСІН, Брэст